4 царстваў 23 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І паслаў цар, і сабралі да яго ўсіх старэйшынаў Юды і Ерусаліма.
І паслаў кароль, і зьберлі да яго ўсіх старцоў Юды а Ерузаліму.
І пайшоў цар у дом Гасподні, і ўсе Юдэі, і ўсе жыхары Ерусаліма зь ім, і сьвятары, і прарокі, і ўвесь люд ад малога да вялікага, і прачытаў уголас ім усе словы кнігі запавета, знойдзенай у доме Гасподнім.
І ўзышоў кароль да дому СПАДАРОВАГА, і кажны муж Юдаў, і ўсі жыхары Ерузаліму зь ім, і сьвятары, і прарокі, і ўвесь люд, ад малога да вялікага, і прачытаў у іх вушы ўсі словы кнігі змовы, знойдзенае ў доме СПАДАРОВЫМ.
Потым устаў цар на ўзвышанае месца і даў перад домам Гасподнім запавет — трымацца Госпада і захоўваць наказы Ягоныя і адкрыцьці Ягоныя, і пастановы Ягоныя, ад усяго сэрца і ад усёй душы, каб выканаць словы запавету гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь народ уступіў у запавет.
І стаў кароль ля стаўпа, і ўчыніў змову перад СПАДАРОМ хадзіць за СПАДАРОМ а дзяржаць расказаньні Ягоныя а сьветчаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя з усёга сэрца а з усяе душы, каб зацьвердзіць словы змовы гэтае, напісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь люд стаў за гэтую змову.
І загадаў цар Хэлкію першасьвятару і іншым сьвятарам і дазорным каля парога вынесьці з храма Гасподняга ўсе рэчы, зробленыя дзеля Ваала і дзеля Астарты і дзеля ўсяго воінства нябеснага, і спаліў іх за Ерусалімам у даліне Кедрон, і загадаў попел ад іх аднесьці ў Вэтыль.
І расказаў кароль Гілку, найвышшаму сьвятару, і другарадным сьвятаром, і стоячым на варце ля парогу выпратаць ізь сьвятыні СПАДАРОВАЕ ўсі рэчы, зробленыя Ваалу а Астарце а ўсяму войску нябёснаму; і спалілі іх за Ерузалімам, на лядах Кідрону, і панёс попел іх да Бэт-Элю.
І пакінуў жрацоў, якіх паставілі цары Юдэйскія, каб учыняць дымленьне на вышынях у гарадах Юдэйскіх і ваколіцах Ерусаліма, — і якія кадзілі Ваалу, сонцу, і месяцу, і сузор’ям і ўсяму воінству нябеснаму;
І аддаліў з ураду паганскіх сьвятароў, каторых пастанавілі каралі Юдэйскія, каб кадзіць на ўзвышшах у местах Юдэйскіх а ў ваколіцах Ерузаліму, і кадзеньнікаў Ваалу, сонцу а месяцу а сузор’ям а ўсяму войску нябёснаму;
І вынес Астарту з дома Гасподняга за Ерусалім да патока Кедрон і спаліў яе каля патока Кедрон, і сьцёр яе ў пыл і кінуў пыл яе на могілках агульнанародных;
І выпратаў Астарту з дому СПАДАРОВАГА за Ерузалім, да цур’я Кідрона, і спаліў яе ля цур’я Кідрона, і стоўк яе на пыл, і рассыпаў пыл ізь яе на магілы сыноў люду;
і разбурыў дамы блудныя, якія былі пры храме Гасподнім, дзе жанчыны ткалі вопратку Астарце;
І разбурыў дамы бязуляў, што ля дому СПАДАРОВАГА, ідзе жанкі ткалі заслоны да гаю;
і вывеў усіх жрацоў з гарадоў Юдэйскіх, і спаганьбіў вышыні, на якіх учынялі дымленьне жрацы, ад Гевы да Вірсавіі, і разбурыў вышыні перад брамаю — тую, якая перад уваходам у браму Ісуса начальніка горада, і тую, якая зь левага боку каля гарадское брамы.
І вывеў усіх сьвятароў зь местаў Юдэйскіх, і ўпаганіў узвышшы, на каторых сьвятары кадзілі, ад Ґевы да Веер-Шэвы, і разбурыў узвышшы ля брамы, — каторая ля ўходу ў браму Ігошуі гараднічага, і каторая на левым баку месцкае брамы.
Зрэшты жрацы вышыняў ня прыносілі ахвяр на ахвярніку Гасподнім у Ерусаліме, а праснакі елі разам з братамі сваімі.
Сьвятары ўзвышшаў, адылі, не абракалі аброкаў на аброчніку СПАДАРОВЫМ у Ерузаліме, праснакі ж елі сярод братоў сваіх.
І спаганьбіў ён Тафэт, што ў даліне сыноў Энома, каб ніхто не праводзіў сына свайго і дачкі сваёй праз агонь Малоху;
І ўпаганіў ён Тофет, каторы на даліне сыноў Гіномавых, каб ніхто не праводзіў сына свайго а дачкі свае перазь цяпло Молоху;
і адмяніў коней, якіх ставілі цары Юдэйскія сонцу перад уваходам у дом Гасподні паблізу пакояў Нэтан-Мэлэха еўнуха, што ў Фарурыме, калясьніцы сонца спаліў агнём.
І аддаліў коні, каторыя каралі Юдэйскія станаўлялі сонцу перад уходам у дом СПАДАРОЎ ля пакою Нафан-Мелеха, легчанца, каторы на перадмесьцю; цялежкі ж сонца спаліў цяплом.
І ахвярнікі на даху сьвятліцы Ахазавай, якія зрабілі цары Юдэйскія, і ахвярнікі, якія зрабіў Манасія на абодвух дварах дома Гасподняга разбурыў цар і выкінуў адтуль, і кінуў пыл іх у паток Кедрон.
І аброчнікі, што былі на страсе верхняга пакою Агазавага, што зрабілі каралі Юдэйскія, і аброчнікі, што зрабіў Манас на абодвых панадворках дому СПАДАРОВАГА, разламіў кароль, і ськінуў стуль, і кінуў пыл іх у цурэй Кідрон.
І вышыні, якія каля Ерусаліма, направа ад Алейнай гары, якія спарудзіў Саламон, цар Ізраілеў, Астарце, мярзоце Сідонскай, і Хамосу, мярзоце Маавіцкай, і Мілхому, мярзоце Аманіцкай, спаганьбіў цар;
І ўзвышшы, што перад Ерузалімам, направа ад Згубнае гары, каторыя збудаваў Салямон, кароль Ізраеляў, Астарце, агідзе Сыдонскай, і Хемошу, агідзе Моаўскай, і Мілкому, агідзе Амонскай, сплюгавіў кароль;
і паламаў статуі, і высек дубровы, і напоўніў месца іх касьцямі чалавечымі.
І паламіў асобкі, і сьсек гаі, і напоўніў месцы іх касьцьмі людзкімі.
Таксама і ахвярнік, які ў Вэтылі, вышыню, спаруджаную Ераваамам, сынам Наватавым, які ўвёў Ізраіля ў грэх, — таксама і ахвярнік той і вышыню ён разбурыў, і спаліў гэтую вышыню, сьцёр у пыл, і спаліў дуброву.
Таксама й аброчнік, што ў Бэт-Элю, узвышша, каторае збудаваў Еровоам Невацёнак, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх, — таксама аброчнік гэты а ўзвышша ён разламіў, і спаліў гэтае ўзвышша, стоўк на пыл, і спаліў гай.
І зірнуў Ёсія, і ўбачыў магілы, якія там на гары, і паслаў, і ўзяў косьці з магілаў, і спаліў на ахвярніку, і спаганьбіў яго па слове Гасподнім, якое абвясьціў чалавек Божы, які прадказаў падзеі гэтыя,
І азірнуўся Ёся, і абачыў магілы, каторыя там на гары, і паслаў, і пабраў косьці з магіл, і спаліў іх на аброчніку, і сплюгавіў яго подле слова СПАДАРОВАГА, каторае агаласіў чалавек Божы, што абясьціў гэтыя здарэньні.
і сказаў Ёсія: што гэта за помнік, які я бачу? І сказалі яму жыхары горада: гэта магіла чалавека Божага, які прыходзіў зь Юдэі, і абвясьціў пра тое, што ты робіш над ахвярнікам Вэтыльскім.
І сказаў: «Што гэна за помнік, каторы я бачу?» І сказалі яму месцкія жыхары: «Магіла чалавека Божага, каторы прыходзіў зь Юдэі і абясьціў праз тое, што ты робіш із аброчнікам Бэтэльскім».
І сказаў ён: пакіньце яго ў спакоі, ніхто хай не чапае касьцей ягоных. І пахавалі косьці яго і косьці прарока, які прыходзіў з Самарыі.
І сказаў ён: «Пакіньце яго ў супакою, ніхто не чапай касьцей ягоных». І ўратавалі косьці ягоныя й косьці прарокі, што прыходзіў із Самары.
Таксама і ўсе капішчы вышыняў у гарадах Самарыйскіх, якія спарудзілі цары Ізраільскія, прагняўляючы Госпада, разбурыў Ёсія, і зрабіў зь імі тое самае, што зрабіў у Вэтылі;
Таксама і ўсі дамы ўзвышшаў, каторыя ў местах Самарскіх, што каралі Ізраельскія пастанавілі квяліць СПАДАРА, Ёся разбурыў, і зрабіў зь імі подле ўсіх учынкаў, што зрабіў у Бэт-Элю;
і закалоў усіх жрацоў вышыняў, якія там былі, на ахвярніках, і спаліў косьці чалавечыя на іх, — і вярнуўся ў Ерусалім.
І ён зарэзаў усіх сьвятароў узвышшаў, каторыя там былі, на аброчніках, і спаліў косьці людзкія на іх; і зьвярнуўся да Ерузаліму.
І загадаў цар усяму народу, сказаўшы: учынеце пасху Госпаду Богу вашаму, як напісана ў гэтай кнізе запавета, —
І расказаў кароль усяму люду, сказаўшы: «Рабіце пасху СПАДАРУ, Богу свайму, як напісана ў гэтай кнізе змовы»;
таму што ня была ўчынена такая пасха ад дзён судзьдзяў, якія судзілі Ізраіля ва ўсе дні цароў Ізраільскіх і цароў Юдэйскіх;
Бо ня была сьвячана такая пасха ад дзён судзьдзяў, каторыя судзілі Ізраеля, і ўсі дні каралёў Ізраельскіх а каралёў Юдэйскіх;
а на васемнаццатым годзе цара Ёсіі была ўчынена гэтая пасха Госпаду ў Ерусаліме.
А асьмінанцатага году караля Ёсі была сьвячана гэтая пасха СПАДАРУ ў Ерузаліме.
І закліначоў мёртвых, і чараўнікоў, і тэрафімаў, і ідалаў, і ўсе мярзоты, якія паяўляліся ў зямлі Юдэйскай і ў Ерусаліме, зьнішчыў словы закона, напісаныя ў кнізе, якую знайшоў Хэлкія сьвятар у доме Гасподнім.
І выгуканьнікаў а знахараў а абразы а балваны а ўсі агіды, што зьявіліся ў зямлі Юдэйскай а ў Ерузаліме, вымеў Ёся, каб зацьвердзіць словы Закону, напісаныя ў кнізе, каторую знайшоў Гілка сьвятар у доме СПАДАРОВЫМ.
Падобнага да яго ня было цара да яго, які зьвярнуўся б да Госпада ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і ўсімі сіламі сваімі, па ўсім законе Майсеевым; і пасьля яго не паявіўся падобны да яго.
І падобнага да яго ня было караля перад ім, каторы абярнуўся б да СПАДАРА ўсім сэрцам сваім а ўсёй душою сваёю а ўсёй сілаю сваёю, подле ўсёга закону Масеявага; і просьле яго не паўстаў падобны да яго.
Аднак жа Гасподзь не адклаў вялікай лютасьці гневу Свайго, якою загарэўся гнеў Ягоны і на Юду за ўсе зьнявагі, якімі ўгневаў Яго Манасія.
СПАДАР, адылі, не адхінуўся ад вялікага палу гневу Свайго, якім запалаў гнеў Ягоны на Юду за ўсі ўразы, якімі ўразіў Яго Манас.
І сказаў Гасподзь: і Юду адкіну ад аблічча Майго, як адкінуў Я Ізраіля, і адкіну горад гэты, Ерусалім, які Я выбраў, і дом, пра які Я сказаў: будзе імя Маё там.
І сказаў СПАДАР: «І Юду адхіну ад віду Свайго, як адхінуў Я Ізраеля, і ўлегцы замею места гэтае Ерузалім, каторае Я абраў, і дом, праз каторы Я сказаў: "Будзе імя Мае там"».
Астатняе пра Ёсію, пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
Засталыя справы Ёсіны і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
У дні ягоныя пайшоў фараон Нэхаа, цар Егіпецкі, супроць цара Асірыйскага на раку Еўфрат. І выйшаў цар Ёсія насустрач яму, і той забіў яго ў Мэгідоне, калі ўбачыў яго.
За дзён ягоных узышоў фараон Нехо, кароль Ягіпецкі, супроці караля Асырскага, на раку Еўфрат, і вышаў кароль Ёся наўпярэймы яму, і тый зрабіў сьмерць яму ў Меґідзе, як абачыў яго.
І рабы ягоныя павезьлі яго мёртвага з Мэгідона, і прывезьлі яго ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магільніцы ягонай. І ўзяў народ землі Ёахаза, сына Ёсіінага, і памазалі яго і паставілі царом замест бацькі ягонага.
І слугі ягоныя павезьлі яго мертвага зь Меґіда, і прывезьлі яго ў гробе ягоным. І ўзяў люд зямлі Егоагаза, сына Ёсінага, і памазалі яго замест айца ягонага.
Дваццаць тры гады было Ёахазу, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хамутал, дачка Ераміі, зь Ліўны.
Дваццаць тры гады было Егоагазу, як загаспадарстваваў, і тры месяцы гаспадарстваваў у Ерузаліме; а імя маці ягонае Гамуталь Ярэмлянка, зь Ліўны.
І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабілі бацькі ягоныя.
І ён рабіў благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім так, як рабілі айцове ягоныя.
І затрымаў яго фараон Нэхаа ў Рыўле, у зямлі Эматскай, каб ён не валадарыў у Ерусаліме, — і наклаў спагону на зямлю ягоную сто талантаў срэбра і талант золата.
І зьвязаў яго фараон Нехо ў Рыўле, у зямлі Гамаўскай, каб ён не гаспадарстваваў у Ерузаліме, і ўзлажыў кару на зямлю сто таланяў срэбра і талань золата.
І паставіў царом фараон Нэхаа Эліякіма, сына Ёсіінага, замест Ёсіі, бацькі ягонага, і памяняў імя ягонае на Ёакіма; а Ёхаза ўзяў і вывез у Егіпет, дзе ён і памёр.
І ўстанавіў фараон Нехо за караля Елякіма Ёсянка замест Ёсі, айца ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егоякім; і ўзяў Егоагаза, і завёў да Ягіпту, ідзе ён і памер.
І срэбра і золата даваў Ёакім фараону; ён зрабіў ацэну зямлі, каб даваць срэбра па загадзе фараона; ад кожнага народу зямлі, паводле ацэны сваёй, ён спаганяў срэбра і золата, каб аддаваць фараону Нэхаа.
І срэбра й золата даваў Егоякім фараону; ён ацанаваў зямлю, каб даваць срэбра подле расказаньня фараонавага; ад кажнага зь люду зямлі, подле ацэны свае, ён спаганяў срэбра а золата на тое, каб аддаваць фараону Неху.
Дваццаць пяць гадоў было Ёакіму, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Зэбуда, дачка Фэдаі, з Румы.
Дваццаць пяць год было Егоякіму, як загаспадарстваваў, і адзінанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Зэбіда Педаішка, з Румы.
І рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабілі бацькі ягоныя.
І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім так, як рабілі айцове ягоныя.