4 царстваў 5 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Нэеман, ваеначальнік цара Сірыйскага, быў вялікі чалавек у гаспадара свайго і паважаны, бо празь яго даў Гасподзь перамогу Сірыйцам; і чалавек гэты быў выдатны воін, але пракажоны.
Нааман, кіраўнік войска цара сірыйскага, быў вялікі чалавек у свайго гаспадара і быў вельмі паважаны, бо праз яго Госпад даў перамогу Сірыі. І быў ён чалавекам адважным, але быў пракажоны.
Сірыйцы аднойчы пайшлі атрадамі і ўзялі ў палон зь зямлі Ізраільскай маленькую дзяўчынку, і яна слугавала жонцы Нэеманавай.
А сталася, што выйшла войска з Сірыі, і ўзялі сярод палонных з зямлі Ізраэля малую дзяўчынку, якая паслугавала жонцы Наамана.
І сказала яна гаспадыні сваёй: о, калі б гаспадар мой пабываў у прарока, які ў Самарыі, дык ён зьняў бы зь яго праказу ягоную!
Сказала яна гаспадыні сваёй: «О, каб гаспадар мой пайшоў да прарока, які ёсць у Самарыі! Ён, напэўна, вылечыў бы яго ад праказы, якою хварэе!»
І пайшоў Нэеман і перадаў гэта гаспадару свайму, кажучы: так і так кажа дзяўчынка, якая зь зямлі Ізраільскай.
Дык Нааман пайшоў да гаспадара свайго і расказаў яму, кажучы: «Вось так і так сказала дзяўчынка з зямлі Ізраэля».
І сказаў цар Сірыйскі Нэеману: ідзі, схадзі, а я пашлю ліст да цара Ізраільскага. Ён пайшоў і ўзяў з сабою дзесяць талантаў срэбра і шэсьць тысяч сікляў золата і дзесяць перамен вопраткі;
І цар Сірыі сказаў яму: «Ідзі, і я пашлю ліст да цара Ізраэля». Ён, калі пайшоў, узяў з сабой дзесяць талентаў срэбра, і шэсць тысяч сікляў золата, і дзесяць змен адзення,
і прынёс ліст цару Ізраільскаму, у якім было сказана: разам зь лістом гэтым, вось я пасылаю да цябе Нэемана, слугу майго, каб ты зьняў зь яго праказу ягоную.
і прынёс ён цару Ізраэля ліст такога зместу: «Калі атрымаеш гэты ліст, ведай, што я пасылаю да цябе паслугача майго, Наамана, каб ты вылечыў яго ад праказы яго».
Цар Ізраільскі, прачытаўшы ліст, падраў вопратку на сабе і сказаў: хіба Я Бог, каб усьмерчваць і ажыўляць, што ён пасылае да мяне, каб я зьняў з чалавека праказу ягоную? вось, цяпер ведайце і глядзеце, што ён шукае зачэпкі варагаваць супроць мяне.
Калі цар Ізраэля прачытаў гэты ліст, то раздзёр шаты свае і сказаў: «Ці ж я Бог, каб мог забіваць ці вяртаць жыццё, што ён прысылае да мяне, каб я вылечыў чалавека ад яго праказы? Падумайце і паглядзіце, ці ён не зачэпкі шукае супраць мяне?»
Калі пачуў Елісей, чалавек Божы, што цар Ізраільскі падраў вопратку на сабе, дык паслаў сказаць цару: навошта ты падраў вопратку на сабе? хай ён прыйдзе да мяне і даведаецца, што ёсьць прарок у Ізраіле.
Калі аб гэтым даведаўся Элісей, чалавек Божы, што цар Ізраэля раздзёр шаты свае; ён паслаў яму паведаміць: «Навошта раздзёр ты шаты свае? Хай прыходзіць ён да мяне і хай даведаецца, што ёсць прарок у Ізраэлі».
І прыбыў Нэеман на конях сваіх і на калясьніцы сваёй і спыніўся каля ўваходу ў дом Елісееў.
І прыбыў Нааман з конямі і калясніцамі, і затрымаўся каля дзвярэй дома Элісея.
І выслаў да яго Елісей слугу сказаць: ідзі, абмыйся сем разоў у Ярдане, і абновіцца цела тваё ў цябе, і будзеш чысты.
А Элісей паслаў да яго пасланца сказаць: «Ідзі і памыйся сем разоў у Ярдане; і цела тваё стане здаровым, і будзеш ты ачышчаны ад праказы».
І разгневаўся Нэеман, і пайшоў, і сказаў: вось, я думаў, што ён выйдзе, стане, і пакліча імя Госпада Бога свайго, і пакладзе руку сваю на тое месца, і здыме праказу;
І ўзлаваўся Нааман, і адышоў, кажучы: «Я думаў, што ён выйдзе да мяне, і стане, і будзе прызываць імя Госпада, Бога свайго, і што дакранецца рукой сваёй да месца праказы і аздаровіць мяне.
хіба Авана і Фарфар, рэкі Дамаскія, ня лепшыя за ўсе воды Ізраільскія? хіба я ня мог бы абмыцца ў іх і ачысьціцца? І павярнуўся і пайшоў у гневе.
Ці не лепшыя Абана і Парпар, рэкі Дамаска, за ўсе рэкі Ізраэля? Ці ж не мог я памыцца ў іх і ачысціцца?» І, узлаваны, павярнуўся і пайшоў;
І падышлі рабы ягоныя, і казалі яму, і сказалі: бацька мой, калі б што-небудзь важнае сказаў табе прарок, дык ці не зрабіў бы ты? а тым болей, калі ён сказаў табе толькі: абмыйся, і будзеш чысты.
і прыступіліся да яго паслугачы яго і казалі яму: «Калі б незвычайныя рэчы сказаў табе прарок, ты, напэўна, зрабіў бы; тым больш, калі ён сказаў табе: “Памыйся і будзеш ачышчаны”».
І пайшоў ён і акунуўся ў Ярдане сем разоў, па слове чалавека Божага, і абнавілася цела ягонае, як цела малога дзіцяці, і ачысьціўся.
Адышоў Нааман, і сем разоў акунуўся ў Ярдане па слове чалавека Божага, і аднавілася цела яго, як цела малога дзіцяці, і быў ён ачышчаны.
І вярнуўся да чалавека Божага ён і ўсе, што суправаджалі яго, і прыйшоў, і стаў перад ім, і сказаў: вось, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, як у Ізраіля; дык вось прымі дарунак ад раба твайго.
І вярнуўся ён да чалавека Божага, прыйшоў з усёй сваёй дружынай, і стаў перад ім і сказаў: «Пераканаўся я, што на ўсёй зямлі няма Бога, толькі ў Ізраэля! Дык цяпер, прашу, прымі дар удзячнасці ад паслугача свайго».
І сказаў ён: жывы Гасподзь, прад абліччам якога стаю! ня прыму. І той прымушаў яго ўзяць, але ён не згадзіўся.
Але Элісей адказаў: «Жыве Госпад, перад Якім стаю, не вазьму». І той вельмі прасіў яго ўзяць, але ён не згадзіўся.
І сказаў Нэеман: калі ўжо ня так, дык хай рабу твайму дадуць зямлі, колькі панясуць два кані, бо ня будзе больш раб твой прыносіць цэласпаленьні і ахвяры іншым багам, апрача Госпада;
І сказаў Нааман: «Як пажадаеш. Але, прашу, хай мне, паслугачу твайму, дадуць столькі зямлі, колькі пара мулаў везці зможа; бо паслугач твой ужо не будзе складаць ахвяры цэласпалення, ані крывавай ахвяры іншым багам, але толькі Госпаду!
толькі вось у чым хай даруе Гасподзь рабу твайму: калі пойдзе гаспадар мой у дом Рымона на пакланеньне там і абапрэцца на руку маю, і пакланюся я ў доме Рымона, дык, за маё пакланеньне ў доме Рымона, хай даруе Гасподзь рабу твайму ў гэтым выпадку.
Адно толькі хай прабачыць Госпад паслугачу твайму: калі гаспадар мой уваходзіць у храм Рэмона, каб пакланіцца там, і калі апіраецца ён на маё плячо, я таксама мушу пакланіцца ў храме Рэмона, калі ён будзе пакланяцца ў тым жа месцы. Хай даруе Госпад мне, паслугачу твайму, гэта».
І сказаў яму: ідзі зь мірам. І ён ад’ехаў ад яго на недалёкую адлегласьць.
Ён сказаў яму: «Ідзі ў супакоі». І ён ад’ехаў ад яго на невялікую адлегласць.
І сказаў Гіезій, слуга Елісея, чалавека Божага: вось, гаспадар мой адмовіўся ўзяць у рукі Нэемана, гэтага Сірыйца, тое, што ён прыносіў. Жывы Гасподзь! пабягу я за ім і вазьму ў яго што-небудзь.
А Гэхазі, паслугач чалавека Божага, сказаў: «Гаспадар мой пашкадаваў Наамана, сірыйца гэтага, бо не прыняў ад яго таго, што ён прынёс; жыве Госпад, пабягу за ім і нешта атрымаю ад яго».
І пагнаўся Гіезій за Нэеманам. І ўбачыў Нэеман, што бяжыць за ім, і сышоў з калясьніцы насустрач яму, і сказаў: ці зь мірам?
І пабег Гэхазі за Нааманам. Калі той убачыў яго, які бег за ім, ён сышоў з калясніцы насустрач яму і сказаў: «Ці ўсё добра?»
Той адказваў: зь мірам; гаспадар мой паслаў мяне сказаць: вось, цяпер прышлі да мяне з гары Яфрэмавай двух маладых чалавек з сыноў прарокавых; дай ім талант срэбра і дзьве перамены вопраткі.
І ён адказаў: «Добра. Гаспадар мой паслаў мяне сказаць: “Толькі што прыбылі да мяне два юнакі з гары Эфраіма з сыноў прарокаў. Дай ім талент срэбра і два адзенні на змену”».
І сказаў Нэеман: вазьмі, бадай што, два таланты. І ўпрошваў яго. І завязаў ён два таланты срэбра ў два мяхі і дзьве перамены вопраткі і аддаў двум слугам сваім, і панесьлі перад ім.
І сказаў яму Нааман: «Лепш вазьмі два таленты». І ўпрошваў яго, і завязаў у дзве торбы два таленты срэбра, і два адзенні на змену, і даў двум сваім паслугачам, і яны панеслі іх перад ім.
Калі ён прыйшоў да пагорка, дык узяў з рук іхніх і схаваў дома. І адпусьціў людзей, і яны пайшлі.
І калі прыйшоў ён на ўзгорак, то сам забраў гэтыя рэчы з іх рук, і паклаў у доме; і людзей тых адпусціў, і яны пайшлі.
Калі ён прыйшоў і зьявіўся да гаспадара свайго, Елісей сказаў яму: адкуль, Гіезій? І сказаў ён: нікуды не хадзіў раб твой.
А сам ён пайшоў і з’явіўся перад гаспадаром сваім. І спытаўся ў яго Элісей: «Адкуль прыйшоў, Гэхазі?» Ён адказаў: «Паслугач твой не хадзіў нікуды».
І сказаў ён яму: хіба сэрца маё не спадарожнічала табе, калі павярнуўся насустрач табе чалавек той з калясьніцы сваёй? ці час браць срэбра і браць вопратку, або масьлічныя дрэвы і вінаграднікі, і дробнае альбо буйное быдла, і рабоў альбо рабыняў?
А той сказаў яму: «Ці ж сэрца маё не хадзіла з табою, калі насустрач табе сышоў чалавек з калясніцы сваёй? Ці цяпер час браць срэбра, і браць адзенне, і аліўкавыя дрэвы, і вінаграднікі, і авечак, і валоў, і нявольнікаў, і нявольніц?
няхай жа праказа Нэеманавая прыстане да цябе і да нашчадкаў тваіх навек. І выйшаў ён ад яго белы ад праказы, як сьнег.
Але і праказа Наамана прыстане да цябе і да нашчадкаў тваіх назаўсёды». І выйшаў Гэхазі ад яго белы, як снег, ад праказы.