4 царстваў 18 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І сталася ў трэцім годзе Осіі, сына Элы, валадара Ізраіля, Эзэкія, сын Ахаза, стаў валадаром Юды.
На трэці год Осіі, сына Элы, цара Ізраэля, Эзэкія, сын Ахаза, стаў царом Юдэі.
Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і валадарыў дваццаць дзевяць гадоў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Абія, дачка Захарыі.
Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і цараваў дваццаць дзевяць гадоў у Ерузаліме. Яго маці называлася Абі, дачка Захарыі.
І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, паводле ўсяго, што рабіў Давід, бацька ягоны.
І рабіў ён усё, што добрым было ў вачах Госпада, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго, Давід.
Ён зьнішчыў узгоркі, паламіў слупы, пасьсякаў Астартаў і скрышыў зьмея мядзянага, якога зрабіў Майсей, бо аж да гэтага часу сыны Ізраіля кадзілі яму і называлі яго Нэхуштан.
Ён знішчыў узгоркі, і разбіў слуп і ідалаў, і паламаў меднага змея, якога зрабіў Майсей, бо аж да гэтага часу сыны Ізраэля кадзілі яму ахвяры і называлі яго Нагэстан.
І ён спадзяваўся на ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і пасьля яго не было падобнага да яго між усіх валадароў Юды, і перад ім не было такога.
І ўсклаў ён надзею на Госпада, Бога Ізраэля. Падобнага да яго не было між усіх цароў Юдэі, як пасля яго, так і перад ім.
І ён прыляпіўся да ГОСПАДА, і не адступаўся ад Яго, і захоўваў прыказаньні Ягоныя, якія загадаў ГОСПАД Майсею.
І моцна трымаўся ён Госпада, і не адступаўся ад слядоў Яго, і спаўняў прыказанні Яго, якія загадаў Госпад Майсею,
І ГОСПАД быў з ім, і ў-ва ўсім, што рабіў, ён меў посьпех. І збунтаваўся ён супраць валадара Асірыі, і не служыў яму.
таму Госпад быў з ім, і ва ўсім, што ён рабіў, меў поспех. Узбунтаваўся ён таксама супраць цара асірыйцаў і не служыў яму.
Ён пабіў Філістынцаў аж да Газы і яе ваколіцаў, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага гораду.
Ён пабіў філістынцаў аж да Газы і яе межаў, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага горада.
І сталася ў чацьвёртым годзе валадара Эзэкіі, які быў сёмым годам Осіі, сына Элы, валадара Ізраіля, вырушыў Сальманэсэр, валадар Асірыі, супраць Самарыі і аблёг яе.
На чацвёрты год цара Эзэкіі, які быў сёмым годам Осіі, сына Элы, цара Ізраэля, выйшаў Салманасар, цар асірыйцаў, супраць Самарыі, і абклаў яе,
І здабыў ён яе праз тры гады. У шостым годзе Эзэкіі, які быў дзявятым годам Осіі, валадара Ізраіля, была здабытая Самарыя.
і здабыў ён яе. Па трох гадах, на шосты год Эзэкіі, гэта значыць на дзевяты год Осіі, цара Ізраэля, была здабыта Самарыя.
І валадар Асірыі перасяліў Ізраіля ў Асірыю, і пасяліў іх у Халаху, у Хаборы каля ракі Газан і ў гарадах Мідзянаў,
І цар асірыйцаў перасяліў Ізраэль у Асур, і пасяліў іх у Гале, і ў Габоры каля ракі Газан, і ў гарадах мідзян,
бо ня слухалі яны голасу ГОСПАДА, Бога свайго, і парушалі запавет Ягоны, і ўсё, што загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, ня слухалі і не выконвалі.
бо не слухалі яны голасу Госпада, Бога свайго, але парушылі запавет Яго: усяго, што загадаў Майсей, паслугач Госпадаў, не паслухалі і не споўнілі.
У чатырнаццатым годзе валадара Эзэкіі прыйшоў Санхэрыў, валадар Асірыі, на ўсе ўмацаваныя гарады Юды і захапіў іх.
На чатырнаццаты год царавання Эзэкіі, напаў Санхэрыб, цар асірыйцаў, на ўсе ўмацаваныя гарады Юдэі і захапіў іх.
І паслаў Эзэкія, валадар Юды, да валадара Асірыі ў Ляхіш, кажучы: «Саграшыў я. Адыйдзі ад мяне. Што накладзеш на мяне, панясу». І валадар Асірыі наклаў на Эзэкію, валадара Юды, [даніну] ў трыста талентаў срэбра і трыццаць талентаў золата.
Тады Эзэкія, цар Юдэі, паслаў пасланцоў да цара асірыйцаў у Лахіс, кажучы: «Зграшыў я. Адыдзі ад мяне, і ўсё, што накладзеш на мяне, панясу». Тады цар асірыйцаў наклаў на Эзэкію, цара Юдэі, даніну ў трыста талентаў срэбра і трыццаць талентаў золата;
І аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое знаходзілася ў Доме ГОСПАДА і ў скарбніцах дому валадара.
і аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое было знойдзена ў доме Госпада і ў скарбніцах цара.
У той час Эзэкія зьняў [золата] з дзьвярэй Дому ГОСПАДА і з вушакоў, якія пазалаціў Осія, валадар Юды, і аддаў яго валадару Асірыі.
У той час Эзэкія разбіў падвойныя дзверы святыні Госпада і вушакі, якія пазалаціў ён сам, і аддаў золата цару асірыйцаў.
І паслаў валадар Асірыі з Ляхіша начальніка войска і галоўнага эўнуха, і Рабсака да валадара Эзэкіі ў Ерусалім з вялікім войскам. І яны пайшлі, і прыйшлі ў Ерусалім, і пайшлі, і прыйшлі, і сталі каля каналу верхняе сажалкі, якая на дарозе Поля Валюшніка.
А цар асірыйцаў паслаў з Лахіса кіраўніка войска і галоўнага еўнуха, і Рабсана да цара Эзэкіі ў Ерузалім з вялікім войскам. Яны пайшлі, і прыбылі ў Ерузалім, і сталі каля канала Верхняй крыніцы, што на дарозе Поля Валюшніка,
І паклікалі яны валадара. І выйшлі да іх Эліякім, сын Хількіі, загадчык дому [валадара], і Шэўна пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер.
і паклікалі яны цара. А выйшлі да іх Эліякім, сын Хэлькіі, загадчык дому, і Собна, пісар, і Ёах, сын Асафа, дзееапісальнік.
І сказаў ім Рабсак: «Скажыце Эзэкіі: “Гэта кажа вялікі валадар, валадар Асірыі. Што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?
І сказаў да іх Рабсак: «Скажыце Эзэкіі: “Гэта кажа вялікі цар, цар асірыйцаў: “Што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?
Ці ты думаеш, што словы заменяць раду і сілу да бою? На каго ты спадзяешся, што збунтаваўся супраць мяне?
Ты выказаў пустыя словы. Для вайны патрэбны рада і сіла! На каго ты спадзяешся, што адважыўся супраць мяне бунтавацца?
Ці ты спадзяешся на Эгіпет, на гэты надламаны кій з трысьнёгу, які, калі хто абапрэцца на яго, уваходзіць у далонь і прабівае яе. Такі фараон, валадар Эгіпецкі, для ўсіх, хто на яго спадзяецца.
Ці ты спадзяешся на Егіпет, на гэты надламаны кій з трыснёгу, які, калі чалавек абапрэцца на яго, уваходзіць у яго далонь, расшчэплены, і прабівае яе. Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто на яго спадзяецца”.
А можа скажаце мне: "На ГОСПАДА, Бога нашага, спадзяемся"? Дык ці ж Ён ня Той, Якога ўзгоркі і ахвярнікі панішчыў Эзэкія і сказаў Юдзе і Ерусаліму: "Толькі перад ахвярнікам у Ерусаліме будзеце пакланяцца ГОСПАДУ"?”
А можа, скажаце мне: “На Госпада, Бога нашага, спадзяёмся?” Ці ж Ён не Той, Якога ўзгоркі і ахвярнікі знішчыў Эзэкія, загадваючы Юдзе і Ерузаліму: “Перад гэтым ахвярнікам у Ерузаліме будзеце пакланяцца Госпаду”?
І цяпер пайдзі ў заклад з гаспадаром маім, валадаром Асірыі, і я дам табе дзьве тысячы коней, калі зможаш дастаць сабе вершнікаў для іх.
Дык цяпер пайдзі ў заклад з гаспадаром маім, царом асірыйцаў; я дам табе дзве тысячы коней; і паглядзі, ці зможаш дастаць сабе вершнікаў для іх.
І якім чынам ты выганіш аднаго намесьніка з найменшых слугаў гаспадара майго? Ці ты спадзяешся на Эгіпет дзеля калясьніцаў і коньнікаў?
І якім чынам зможаш ты выгнаць аднаго намесніка з найменшых паслугачоў гаспадара майго? Ці ты надзею маеш на Егіпет дзеля калясніц і коннікаў?
Ці не бяз [волі] ГОСПАДА прыйшоў я на гэтае месца, каб яго спустошыць? ГОСПАД сказаў мне: “Ідзі ў зямлю гэтую і спустош яе”».
Няўжо без волі Госпада прыйшоў я ў гэтае месца, каб яго спустошыць? Госпад сказаў мне: “Ідзі ў зямлю гэтую і спустош яе”».
І сказалі Эліякім, сын Хількіі, і Шэўна, і Ёах Рабсаку: «Гавары, калі ласка, да слугаў тваіх па-арамейску, бо мы разумеем мову гэтую, а не гавары да нас па-гебрайску, у вушы народу, які на мурах».
І сказалі Эліякім, сын Хэлькіі, і Собна, і Ёах Рабсаку: «Гавары, просім, да паслугачоў тваіх па-арамейску, бо мы разумеем гэтую мову, і не гавары да нас па-гебрайску, каб чуў народ, які на муры».
І адказаў ім Рабсак: «Ці ж [толькі] да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой, каб я казаў словы гэтыя? Хіба не паслаў ён мяне да людзей, якія сядзяць на мурах і мусяць есьці лайно сваё і піць ваду ног сваіх з вамі?»
І адказаў ім Рабсак: «Ці ж да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой, каб казаў я гэтыя словы, і не да людзей, якія сядзяць на муры, каб есці кал свой і піць мачу сваю з вамі?»
І стаў Рабсак, і закрычаў моцным голасам па-гебрайску, і прамовіў, і сказаў: «Слухайце словы валадара вялікага, валадара Асірыі.
Такім чынам, стаў Рабсак і закрычаў моцным голасам па-гебрайску, кажучы: «Слухайце словы вялікага цара, цара асірыйцаў:
Гэта кажа валадар. Няхай вас не падманвае Эзэкія, бо ня зможа ён выратаваць вас з рукі маёй!
гэта кажа цар: “Хай вас не падманвае Эзэкія, бо не зможа ён выратаваць вас з рукі маёй!
І няхай не падманвае вас Эзэкія надзеяй на ГОСПАДА, кажучы: "Выратоўваючы, выратуе нас ГОСПАД і не аддасьць горад гэты ў рукі валадара Асірыі".
І хай не падманвае ён вас надзеяй на Госпада, кажучы: “Выратуе і пазбавіць нас Госпад і не дасць гэтага горада ў рукі цара асірыйцаў”.
Ня слухайце Эзэкіі, бо гэта кажа валадар Асірыі: "Зрабіце [дамову] дабраславенства са мною і выходзьце да мяне, і будзеце есьці з вінаградніку вашага і з дрэва фігавага вашага, і будзеце піць ваду з сажалак вашых,
Не слухайце Эзэкіі!” Бо кажа цар асірыйцаў: “Прымірыцеся са мною і выходзьце да мяне; і кожны будзе есці з вінаградніку свайго і з фігавага дрэва свайго, і будзеце піць ваду з крыніц вашых,
пакуль я не прыйду і не перасялю вас у зямлю, падобную да зямлі вашай, у зямлю збожжа і віна, зямлю хлеба і вінаграду, зямлю аліўкаў і мёду. І вы будзеце там жыць і не памраце". Дык ня слухайце Эзэкіі, які вас падманвае, кажучы: "ГОСПАД выратуе нас!"
пакуль я не прыйду і не перасялю вас у зямлю, падобную да вашай зямлі, у зямлю ўраджайную і багатую віном, зямлю хлеба і вінаграду, зямлю аліўкавага алею і мёду; і вы будзеце жыць і не будзеце паміраць”. Не слухайце Эзэкіі, які вас падманвае, кажучы: “Госпад вызваліць нас!”
Ці выратавалі богі народаў, кожны зямлю сваю, ад рукі валадара Асірыі?
Ці ўратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара асірыйцаў?
Дзе богі Хамату і Арпаду? Дзе богі Сэфарваіму, Гэны і Іввы? Ці выратавалі яны Самарыю з рукі маёй?
Дзе багі Эмата і Арпада? Дзе багі Сэпарваіма, Аны і Авы? Ці вызвалілі яны Самарыю з рукі маёй?
Хто з усіх багоў земляў гэтых выратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Няўжо ГОСПАД выратуе з рукі маёй Ерусалім?»
Хто з усіх багоў земляў гэтых уратаваў зямлю сваю ад рукі маёй, каб мог Госпад пазбавіць ад рукі маёй Ерузалім?»
А народ маўчаў і не адказваў яму ані слова, бо такі быў загад валадара, які казаў: «Не адказвайце».
А народ маўчаў і не адказваў яму ані слова; бо такі атрымалі яны загад цара, каб не адказваць яму.
І прыйшлі Эліякім, сын Хількіі, загадчык дому [валадара], і Шэўна пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер, да Эзэкіі ў разьдзёртых шатах, і паведамілі яму словы Рабсака.
І прыйшлі Эліякім, сын Хэлькіі, загадчык палаца, і Собна, пісар, і Ёах, сын Асафа, дзееапісальнік, да Эзэкіі ў раздзёртых шатах і перадалі яму словы Рабсака.