4 царстваў 6 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І сказалі сыны прароцкія Елісэю: «Вось жа, месца, ідзе мы жывем пры табе, цеснае нам;
І сказалі сыны прарокаў Элісею: «Вось, месца, у якім мы з табою жывём, цеснае для нас.
Пойдзем жа аж да Ёрдану, і возьмем стуль кажны па адным бярне, і зробім сабе месца жыць». Ён сказаў: «Пайдзіце».
Дык мы пойдзем да Ярдана і возьмем адтуль з лесу кожны па аднаму бервяну, і зробім сабе там месца на пражыванне». Ён сказаў: «Ідзіце!»
І сказаў адзін: «Зрабі ласку, пайдзі й ты із слугамі сваімі». І сказаў ён: «Пайду».
І сказаў нехта з іх: «Ідзі таксама і ты з паслугачамі сваімі». Ён адказаў: «Пайду».
І пайшоў ізь імі, і прышлі да Ёрдану, і рэзалі дзервы.
І пайшоў ён з імі. І калі прыйшлі яны да Ярдана, то пачалі секчы дрэвы.
І як адзін спушчаў бярно, сякіра ягоная звалілася ў ваду. І закрычэў ён, і сказаў: «Ах, спадару мой! а яна пазычаная».
А здарылася, што, калі адзін сек дрэва, сякера ўпала ў ваду, і закрычаў ён і сказаў: «О гаспадару мой! Яна ж пазычаная!»
І сказаў чалавек Божы: «Ідзе, ідзе яна звалілася?» Ён паказаў яму месца. І адсек ён дзерва, і кінуў туды, і ўсплыла сякіра.
І сказаў чалавек Божы: «Дзе яна ўпала?» І той паказаў яму месца. Тады адсек ён кавалак дрэва і закінуў туды, і выплыла сякера.
І сказаў ён: «Вазьмі сабе». Ён выцягнуў руку сваю і ўзяў яе.
І сказаў ён: «Вазьмі яе!» — той выцягнуў руку, і ўзяў яе.
Кароль Арамскі пайшоў вайною на Ізраялян і радзіўся із служцамі сваімі, кажучы: «У такім а такім месцу будзе табар мой».
А цар сірыйскі ваяваў з Ізраэлем; і раіўся ён з паслугачамі сваімі, кажучы: «У такім і такім месцы зробім засаду».
І паслаў чалавек Божы да караля Ізраельскага, кажучы: «Сьцеражыся праходзіць гэным месцам, бо там Арамляне заляглі».
Такім чынам, чалавек Божы пасылаў да цара Ізраэля, каб сказаць яму: «Сцеражыся пераходзіць у тым месцы, бо там у засадзе заляглі сірыйцы».
І пасылаў кароль Ізраельскі на тое месца, праз каторае наказаў чалавек Божы яму і перасьцерагаў яго; і ўсьцярогся там, не аднойчы ані двойчы.
Цар Ізраэля пасылаў людзей у тое месца, аб якім яму гаварыў чалавек Божы і адносна якога перасцерагаў яго, і збярог сябе так не раз і не два.
І затрывожылася сэрца караля Арамскага з гэтага стацьця, і гукнуў ён слугаў сваіх, і сказаў ім: «Ці ня скажаце імне, хто з нашых із каралём Ізраельскім?»
І ўстрывожылася сэрца цара Сірыі дзеля гэтай справы, і склікаў ён паслугачоў сваіх, і спытаўся ў іх: «Чаму вы не паказваеце мне, хто здраджвае мне перад царом Ізраэля?»
І сказаў адзін із служцоў ягоных: «Не, спадару мой, каролю, а Елісэй прарока, каторы ў Ізраеля, наказуе каралю Ізраельскаму словы, што ты гукаеш у спальні сваёй».
І сказаў адзін з паслугачоў яго: «Ніхто, гаспадару мой, цар. Але ў Ізраэлі ёсць прарок Элісей, які паведамляе цару Ізраэля ўсе словы, якія ты гаворыш у спальні сваёй».
І сказаў ён: «Пайдзіце й паглядзіце, ідзе ён; я пашлю й вазьму яго». І наказалі яму, кажучы: «Вось, ён у Дофане».
Ён сказаў ім: «Ідзіце і даведайцеся, дзе ён, а я пашлю і вазьму яго». І паведамілі яму, кажучы: «Ён у Датайне».
І паслаў туды коні а цялежкі а шмат войска. І прышлі ночы, і абступілі месца.
Дык паслаў ён туды коней, і калясніцы, і моцную дружыну ваяроў; калі прыйшлі яны ноччу, яны акружылі горад.
І ўстаў паслугачы чалавека Божага нараніцы, і вышаў, і вось, войска абступае месца, і коні, і цялежкі. І сказаў яму маладзён ягоны: «Бяда! спадару мой, што маем рабіць?»
А паслугач чалавека Божага, устаўшы рана, выйшаў і ўбачыў войска вакол горада, і коней, і калясніцы, і паведаміў яму, кажучы: «О гаспадару мой, што будзем рабіць?»
І сказаў ён: «Ня бойся, бо тых, што з намі, болей, чымся тых, што зь імі».
А ён адказаў: «Не бойся, бо болей тых, хто з намі, чым тых, хто з імі».
І маліўся Елісэй, і сказаў: «СПАДАРУ! адчыні, прашу, яму вочы, і ён абача». І адчыніў СПАДАР вочы паслугачаму, і ён абачыў, і вось, уся гара напоўнена коньмі а цялежкамі агнянымі навокал Елісэя.
І маліўся Элісей гэтымі словамі: «Госпадзе, адкрый вочы яму, каб ён убачыў». І адкрыў Госпад вочы паслугачу, і ён убачыў, і, вось, гара запоўнена конямі і калясніцамі вогненнымі вакол Элісея.
Як зышлі да яго Арамляне, Елісэй памаліўся СПАДАРУ і сказаў: «Паразь люд гэты нявісносьцяй». І Ён паразіў іх нявісносьцян, подле слова Елісэявага.
А ворагі сыходзіліся да яго. А Элісей маліўся да Госпада і казаў: «Удар, прашу, народ гэты слепатою!» І ўдарыў іх Госпад, каб не бачылі, паводле слова Элісея.
І сказаў ім Елісэй: «Гэта ня тая дарога і ня тое месца; ідзіце за імною, я завяду вас да тога чалавека, каторага вы шукаеце». І прывёў іх да Самары.
І сказаў ім Элісей: «Гэта не тая дарога і не той горад; ідзіце за мною, і я пакажу вам чалавека, якога вы шукаеце». Такім чынам, завёў ён іх у Самарыю.
Як яны прышлі да Самары, Елісэй сказаў: «СПАДАРУ! адчыні вочы гэтых, каб яны бачылі». І адчыніў СПАДАР вочы ім, і абачылі, і вось, у сярэдзіне Самары.
Калі прыйшлі яны ў Самарыю, маліўся Элісей: «Госпадзе, адкрый вочы іх, каб бачылі». І адкрыў Госпад вочы іх, і ўбачылі яны, што знаходзяцца пасярод Самарыі.
І сказаў кароль Ізраельскі Елісэю, абачыўшы іх: «Ці не пабіць, пабіць іх, войча мой?»
І, калі ўбачыў іх цар Ізраэля, спытаўся ў Элісея: «Ці не пазабіваць іх, айцец мой?»
І сказаў ён: «Не забівай, ціж мячом сваім а лукам сваім ты паланіў іх, каб забіваць іх? Пастаў хлеб і ваду перад відам іхным; хай ядуць і п’юць, і пойдуць да гаспадара свайго».
Але ён сказаў: «Не забівай. Ці ж мечам сваім і лукам узяў ты іх у палон, каб іх забіваць? Дай ім хлеба і вады, каб паелі і напіліся, і хай вяртаюцца да гаспадара свайго».
І прыгатаваў ім вялікую чэсьць, і яны елі й пілі. І адпусьціў іх, і пайшлі да гаспадара свайго. І не хадзілі болей аддзелы Арамскія да зямлі Ізраелявае.
І справіў ім цар вялікае частаванне, і яны наеліся і напіліся, і ён адпусціў іх; і пайшлі яны да гаспадара свайго, і дружыны сірыйцаў не нападалі больш на зямлю Ізраэля.
І было просьле тога: зьбер Вен-Гадад, кароль Арамскі, увесь табар свой, і ўзышоў, і аблёг Самару.
А сталася пасля гэтага, што Бэнадад, цар Сірыі, сабраў усё войска сваё, і пайшоў, і абкружыў Самарыю.
І была вялікая галадоў у Самары, як яны аблягалі яе, аж галаву аслову прадавалі па асьмідзясят сыкляў срэбра і чацьвертую часьць каба галубінага памёту — па пяць срэбра.
І запанаваў вялікі голад у Самарыі, бо доўга трымалася аблога, пакуль галава асла каштавала восемдзесят сікляў срэбра, а чвэрць каба галубінага памёту — пяць сікляў срэбра.
І было: кароль Ізраельскі праходзіў па сьцяне, і жонка загукала да яго, кажучы: «Ратуй, спадару мой, каролю!»
І, калі цар Ізраэля праходзіў па муры, адна жанчына закрычала да яго, кажучы: «Ратуй мяне, гаспадару мой, цар!»
І сказаў ён: «Калі не паможа табе СПАДАР, з чаго я памагу табе? ці з току, ці з таўчэльні?»
Сказаў ён: «Не, збавіць цябе Госпад. Як я магу збавіць цябе? З тока або з давільні?»
І сказаў ёй кароль: «Што табе?» І сказала: «Гэтая жонка казала імне: "Дай свайго сына, зьямо яго сядні, а сына майго зьямо заўтра".
І спытаў яе цар: «Што трэба табе?» Яна адказала: «Гэтая жанчына сказала мне: “Дай сына свайго, і мы з’ямо яго сёння, і майго сына з’ямо заўтра”.
І зварылі мы майго сына, і зьелі яго. І я сказала ёй назаўтрае: "Дай свайго сына, і зьямо яго". Але яна схавала сына свайго».
Дык зварылі мы майго сына і з’елі яго. І другога дня сказала я ёй: “Дай сына твайго, каб мы з’елі яго”; а яна схавала сына свайго».
І было, як пачуў кароль словы жончыны, разьдзер адзецьці свае, — а ён праходзіў па сьцяне, — і абачыў люд, і вось, пад сподам зрэб’е на целе ягоным.
Калі пачуў гэта цар, раздзёр шаты свае. І праходзіў ён па муры, і ўвесь народ бачыў зрэбніцу, якую насіў ён як сподняе на целе сваім.
І сказаў: «Хай тое зробе імне Бог і павяліча, калі застанецца галава Елісэя Шафацёнка на ім сядні».
І сказаў ён: «Хай зробіць мне Бог тое і тое, і яшчэ болей зробіць, калі галава Элісея, сына Сафата, застанецца на ім яшчэ сёння!»
Елісэй жа сядзеў у сваім доме, і старцы сядзелі ў яго. І паслаў кароль чалавека ад сябе. Уперад чымся прышоў пасланец да яго, ён сказаў старцом: «Ці бачыце, што гэты сын убіўцы паслаў зьняць ізь мяне галаву? Глядзіце, як прыйдзе пасланец, зачыніце дзьверы й прыцісьніце яго дзьвярмі. А вось, ці ня тупат ног спадара ягонага за ім!»
А Элісей сядзеў у доме сваім, і старэйшыны сядзелі разам з ім. І цар паслаў перад сабою чалавека. Але перш, чым пасланец увайшоў да Элісея, ён сказаў старэйшынам: «Ці вы ведаеце, што гэты сын забойцы паслаў чалавека па маю галаву? Дык глядзіце, калі прыйдзе пасланец, замкніце дзверы і не дазвольце яму ўвайсці; вось, бо ўжо чуваць стукат ног гаспадара яго, які ідзе за ім».
Яшчэ гукаў ён ізь імі, і вось, пасланец зыходзе да яго; і сказаў: «Вось, якая бяда ад СПАДАРА! чаго імне наперад ждаць ад СПАДАРА?»
І калі ён яшчэ гаварыў з імі, з’явіўся цар, які падышоў да яго і сказаў: «Глядзі, колькі няшчасця ад Госпада! Чаго яшчэ маю чакаць ад Госпада?»