Другі закон 18 разьдзел

Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Хай ня будзе ў сьвятароў Левітаў, у ўсяго плямені Левавага дзелі а спадку з Ізраелям: яны маюць жывіцца аброкамі СПАДАРОВЫМІ й Ягонай дзельлю;
 
Сьвятарам лявітам, усяму калену Лявіінаму, ня будзе долі і дзялянкі зь Ізраілем: яны павінны карміцца ахвярамі Госпада і Ягонай доляй;

Спадку ж ня будзе яму памеж братоў ягоных: Сам СПАДАР спадак ягоны, як казаў Ён яму.
 
дзялянкі ж ня будзе яму сярод братоў ягоных: Сам Гасподзь дзялянка ягоная, як казаў Ён яму.

І во што мае быць прызначана сьвятаром ад люду, ад абракаючых на аброк вала альбо авечкі: аддаваць сьвятару лапатку, шчэляпы а трыбух.
 
Вось што павінна быць удзелена сьвятарам ад народа, ад тых, што прыносяць у ахвяру валоў альбо авечак: трэба аддаваць сьвятарам лапатку, сківіцы і шлунак;

Пачаткі збожжа свайго, віннога соку свайго й алівы свае, і пачаткі воўны авец сваіх аддаваць яму;
 
таксама пачаткі ад хлеба твайго, віна твайго і алею твайго, і пачаткі ад воўны з авечак тваіх аддавай яму,

Бо яго абраў СПАДАР, Бог твой, з усіх плямёнаў тваіх, каб ён стаяў, каб служыў у іменю СПАДАРА, сам а сынове ягоныя ўсі дні.
 
бо яго выбраў Гасподзь, Бог твой, з усіх плямёнаў тваіх, каб ён стаяў служыць у імя Госпада, сам і сыны ягоныя ва ўсе дні.

І калі прыдзе Левіт із аднае з брамаў з усяго Ізраеля, ідзе ён жыў, і прыдзе на зычаньне душы свае на месца, каторае абярэць СПАДАР,
 
І калі лявіт прыйдзе з аднаго селішча твайго, з усёй зямлі Ізраіля, дзе ён жыў, і прыйдзе з жаданьня душы сваёй на месца, якое выбера Гасподзь,

І будзе служыць у іменю СПАДАРА, Бога свайго, як і ўсі браты ягоныя Левіты, што стаяць там перад СПАДАРОМ;
 
і будзе служыць у імя Госпада Бога свайго, як і ўсе браты яго лявіты, якія стаяць там прад Госпадам, —

То хай яны карыстаюць із аднолькавае дзелі, звыш адзяржанага ад продажы баччыны.
 
дык няхай яны карыстаюцца аднолькавай доляй, звыш атрыманага ад продажу бацькоўскай маёмасьці.

Як ты ўвыйдзеш у зямлю, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе, ня вучыся рабіць падобна да брыды тых народаў:
 
Калі ты ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе Гасподзь, Бог твой, тады не навучыся рабіць брыдоты, якія рабілі народы гэтыя:

Ня мае быць знойдзены ў цябе праводзячы сына свайго альбо дачку сваю перазь цяпло, вяшчун вешчаваньня, назіраньнік часоў, варажбіт, вядзьмар,
 
не павінен быць у цябе той, хто праводзіць сына свайго альбо дачку сваю праз агонь, ні вяшчун, ні варажбіт, ні чарнакніжнік, ні чарадзей,

Чараўнік, выгукаючы духі, знахар і пытаючы ў мертвых;
 
ні змусьнік, які заклінае духаў, ні чараўнік, які апытвае нябожчыкаў;

Бо агіда СПАДАРУ кажны, што робе гэта, і за гэтыя агіды СПАДАР, Бог твой, выганяе іх ад віду твайго.
 
бо агідны прад Госпадам кожны, хто робіць гэта, і якраз за гэтыя мярзоты Гасподзь, Бог твой, праганяе іх ад аблічча твайго;

Будзь беззаганны із СПАДАРОМ, Богам сваім;
 
будзь беспахібны прад Госпадам, Богам тваім;

Бо народы тыя, каторыя ты выганяеш, слухаюць назіраньнікаў часоў а вяшчуноў; але табе ня тое даў СПАДАР, Бог твой.
 
бо народы гэтыя, якіх ты праганяеш, слухаюць варажбітоў і чараўнікоў, а табе ня тое даў Гасподзь, Бог твой.

Прароку з пасярод цябе, з братоў тваіх, як мяне, узьніме табе СПАДАР, Бог твой, Яго слухайце;
 
Прарока спасярод цябе, з братоў тваіх, як мяне, паставіць табе Гасподзь, Бог твой, — Яго слухайце, —

Подле ўсяго, чаго ты прасіў у СПАДАРА, Бога свайго, ля Горыву ў дзень збору, кажучы: "Хай не пачую болей голасу СПАДАРА, Бога свайго, і цяпла гэтага вялікага няхай не абачу болей, каб імне не памерці".
 
бо ты прасіў у Госпада, Бога твайго, каля Харыва ў дзень сходу, кажучы: хай не пачую больш голасу Госпада, Бога майго, і агню гэтага вялікага хай не пабачу болей, каб мне не памерці.

І сказаў імне СПАДАР: "Добра тое, што яны казалі.
 
І сказаў мне Гасподзь: добра тое, што яны казалі;

Прароку я ўзьніму ім із пасярод братоў іхных, такога як ты, і дам словы Мае ў вусны Ягоныя, і Ён будзе казаць ім усе, што Я раскажу Яму;
 
Я пастаўлю ім Прарока спасярод братоў іхніх, такога як ты, і ўкладу словы Мае ў вусны Ягоныя, і Ён будзе гаварыць ім усё, што Я загадаю Яму;

І будзе, што хто не паслухае словаў Маіх, каторыя будзе гукаць імям Маім, тый адкажа Імне.
 
а хто не паслухае слоў Маіх, якія гаварыцьме імем Маім, з таго Я спаганю;

А тый прарока, каторы гарэзуе гукаць слова імям Маім, тое, чаго Я не расказаў яму гукаць, і каторы будзе гукаць імям багоў іншых, дык хай памрэць прарока тый".
 
а прарока, які асьмеліцца гаварыць Маім імем тое, чаго Я не загадаў яму гаварыць, і які будзе гаварыць імем багоў іншых, такога прарока аддайце сьмерці.

І калі скажаш у сэрцу сваім: "Як мы пазнаем слова, каторае ня СПАДАР казаў?"
 
І калі скажаш у сэрцы тваім: «як мы пазнаем слова, якое не Гасподзь гаварыў?»

Калі скажа прарока імям СПАДАРА, але ня станецца слова тое й ня спраўдзіцца, то гэта слова, што не казаў яго СПАДАР, але казаў яго прарока з гарэзасьці свае, — ня бойся яго.
 
Калі прарок скажа імем Госпада, а слова тое ня спраўдзіцца, дык не Гасподзь казаў тое слова, а казаў гэта прарок ад дзёрзкасьці сваёй, — ня бойся яго.