Другі закон 2 разьдзел

Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І завярнуліся мы, і крануліся дарогаю Чырвонага мора, як гукаў СПАДАР імне, і хадзілі наўкола гары Сэіру шмат дзён.
 
І павярнуліся мы і выправіліся ў пустыню да Чэрмнага мора, як казаў мне Гасподзь, і многа часу хадзілі вакол гары Сэіра.

І гукаў імне СПАДАР, кажучы:
 
І сказаў мне Гасподзь, кажучы:

"Досіць вам кружыняць навокал гэтае гары, зьвярніцеся на поўнач;
 
годзе вам хадзіць вакол гэтай гары, павярнецеся на поўнач;

А люду раскажы, кажучы: вы праходзіце граніцы братоў сваіх, сыноў Ісавовых, што жывуць на Сэіру, і яны збаяцца вас; але вельмі сьцеражыцеся.
 
і дай народу загад і скажы, вы будзеце праходзіць межы братоў вашых, сыноў Ісававых, якія жывуць на Сэіры, і яны збаяцца вас; але сьцеражэцеся

Не сьперачайцеся зь імі; бо Я ня дам вам зямлі іхнае ані на ступу нагі, бо ў дзяржаньне Ісаву даў Я гару.
 
пачынаць зь імі вайну, бо Я ня дам вам зямлі іхняй ні на ступак нагі, бо гару Сэір Я даў у валоданьне Ісаву;

Ежу купляйце ў іх за срэбра і ежча; і таксама ваду купляйце ў іх за срэбра і піце;
 
ежу купляйце ў іх за срэбра і ежце; і ваду купляйце ў іх за срэбра і пеце;

Бо СПАДАР, Бог твой, дабраславіў цябе ў вусялякай рабоце рук тваіх, знаў хадню тваю па гэтай пустыні вялікай; гэта ж сорак год СПАДАР, Бог твой, з табою; ты не цярпеў нястачы".
 
бо Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ў любой дзеі рук тваіх, спрыяў табе ў час падарожжа твайго па вялікай пустыні гэтай; вось, сорак гадоў Гасподзь, Бог твой, з табою; ты ні ў чым ня меў нястачы.

І перайшлі мы ад братоў нашых, сыноў Ісавовых, што жывуць на Сэіру, ад дарогі раўніны, ад Елафа а Ецон-Ґевера, і адхінуліся, і прайшлі дарогаю пустыні Моаўскай.
 
І йшлі мы міма братоў нашых, сыноў Ісававых, якія жывуць на Сэіры, дарогаю раўніны, ад Элата і Эцыён-Гавэра, і павярнуліся, і йшлі да пустыні Маава.

І сказаў імне СПАДАР: "Не атакуй Моава, і не квялі іх вайною, бо Я ня дам табе ізь зямлі ягонае ў дзяржаву, бо Я даў Ар у дзяржаву сыном Лотавым".
 
І сказаў мне Гасподзь: ня ўступай у варожасьць з Маавам і не пачынай зь ім вайны; бо Я ня дам табе нічога зь зямлі ягонай у валоданьне, бо Ар аддаў я ў валоданьне сынам Лотавым;

Эмімы ўперад жылі там, люд вялікі, чысьлены а высокі, як Енаковы.
 
раней жылі там Эмімы, народ вялікі, шматлікі й высокі, як сыны Энакавыя,

За Рэфаімаў мелі іх, як Енаковых; Моаўляне ж завуць іх Эмімамі.
 
і яны лічыліся паміж Рэфаімамі, як сыны Энакавыя; а Маавіцяне іх называюць Эмімамі;

А на Сэіру ўперад жылі Горэі; але сынове Ісавовы прагналі іх, і выгубілі іх ад відаў сваіх, і асяліліся замест іх так, як учыніў Ізраель ізь зямлёю спадку свайго, каторую даў ім СПАДАР.
 
а на Сэіры жылі раней Харэі; але сыны Ісававыя прагналі іх і зьнішчылі іх ад аблічча свайго і пасяліліся замест іх — так, як зрабіў Ізраіль зь зямлёю спадчыны сваёй, якую даў ім Гасподзь;

"Дык устаньце цяпер, і прайдзіце сабе цурэй Зэрэд". І прайшлі мы цурэй Зэрэд.
 
дык вось, устаньце і прайдзеце даліну Зарэд. І прайшлі мы даліну Зарэд.

А дзён, у каторыя мы прайшлі ад Кадэш-Барні, пакуль перайшлі цурэй Зэрэд, мінула трыццаць і восьмі год, пакуль ня зьвёўся з пасярод табару ўвесь род ваенных людзёў, як прысягнуў СПАДАР ім.
 
З таго часу, як мы пайшлі ў Кадэс-Варні і як прайшлі даліну Зарэд, мінула трыццаць восем гадоў, і ў нас у табары перавёўся ўвесь род тых, што ходзяць на вайну, як запрысягаўся ім Гасподзь;

І таксама рука СПАДАРОВА была на іх, каб выгубіць іх з пасярод табару, пакуль не зьвяліся яны.
 
ды і рука Гасподняя была на іх, каб вынішчаць іх з табара, пакуль ня вымерлі.

І было, як зьвяліся ўсі ваенныя людзі, памершы з пасярод люду,
 
А калі перавяліся ўсе тыя, што ходзяць на вайну і вымерлі з асяродзьдзя народу,

Што гукаў імне СПАДАР, кажучы:
 
тады сказаў мне Гасподзь, кажучы:

"Ты праходзіш цяпер граніцаю Моава-Ара,
 
ты праходзіш сёньня міма межаў Маава, міма Ара,

І дабліжыўся супроці сыноў Амонавых; неатакуй і не квялі іх; бо Я ня дам табе нічога ізь зямлі сыноў Амонавых у дзяржаньне, бо Я аддаў яе ў дзяржаву сыном Лотавым".
 
і наблізіўся да Аманіцянаў; ня ўступай зь імі ў варожасьць і не пачынай зь імі вайны, бо Я ня дам табе нічога зь зямлі сыноў Амонавых у валоданьне, бо Я аддаў яе ў валоданьне сынам Лотавым;

За зямлю Рэфаімаў мелі яе таксама; Рэфаімы ўперад жылі на ёй; Амонцы ж завуць іх Замзумімамі;
 
і яна лічылася зямлёю Рэфаімаў; раней жылі на ёй Рэфаімы; а Аманіцяне называюць іх Замзумімамі;

Люд вялікі а чысьлены а высокі, як Енаковы; і выгубіў іх СПАДАР перад відам іхным, і выгналі яны іх, і асяліліся на месцу іхным,
 
народ вялікі, шматлікі й высокі, як сыны Энакавыя, і зьнішчыў іх Гасподзь перад абліччам іх, і выгналі яны іх і пасяліліся на іх месцы,

Як Ён зрабіў сыном Ісавовым, што жывуць на Сэіру, што Ён выгубіў перад відам іхным Горэяў, і яны выгналі іх, і жылі на месцу іхным дагэтуль.
 
як Ён зрабіў сынам Ісававым, што жылі на Сэіры, зьнішчыўшы перад абліччам іхнім Харэяў, і яны прагналі іх, і пасяліліся на іх месцы, і жывуць да сёньня;

І Авімаў, што жылі ў сёлах аж да Ґазы Кафторымы, каторыя вышлі з Кафтора, выгубілі, і жылі замест іх.
 
і Авэяў, што жылі ў селішчах да самай Газы, Кафтарымы, выйшаўшы з Кафтора, зьнішчылі й пасяліліся на іх месцы.

"Устаньце, краніцеся й перайдзіце цурэй Арнон; гля, Я даў у руку тваю Сыгона, караля Гэшбонскага, Аморэяніна, і зямлю ягоную; пачынай браць яе ў дзяржаньне і квялі іх вайною.
 
Устаньце, выпраўцеся і перайдзеце паток Арнон; вось, Я аддаю ў руку тваю Сігона, цара Эсэвонскага, Амарэяніна, і зямлю ягоную; пачынай авалодваць ёю і вядзі зь ім вайну;

Гэтага дня Я пачну пушчаць страх а жах перад табою на люды пад усім небам; тыя, што пачуюць чуткі празь цябе, задрыжаць а зжахнуцца цябе".
 
ад сёньня Я пачну пашыраць страх і жудасьць перад табою на народы пад усім небам; тыя, якія пачуюць пра цябе, задрыжаць і жахнуцца цябе.

І паслаў я паслоў з пустыні Кедэмоф да Сыгона, караля Гэшбонскага, словамі міра, кажучы:
 
І паслаў я паслоў з пустыні Кедэмот да Сігона, цара Эсэвонскага, са словамі мірнымі, каб сказаць:

"Прайду зямлёю тваёй; дарогаю, дарогаю я пайду, не зьвярну направа ані налева;
 
дазволь мне прайсьці зямлёю тваёю; я пайду дарогаю, ня сыду ні направа, ні налева;

Ежу прадавай імне за срэбра, і я буду есьці, і ваду давай імне за срэбра, і я буду піць, адно нагамі сваімі прайду;
 
ежу прадавай мне за срэбра, і я буду есьці, і ваду піць давай мне за срэбра, і я буду піць, толькі нагамі маімі прайду —

Так, як зрабілі імне сынове Ісавовы, што жывуць на Сэіру, і Моаўляне, што жывуць ув Ару, пакуль не перайду перазь Ёрдан да зямлі, каторую СПАДАР, Бог наш, даець нам".
 
так, як зрабілі мне сыны Ісава, што жывуць на Сэіры, і Маавіцяне, што жывуць у Ары, пакуль не перайду празь Ярдан у зямлю, якую Гасподзь, Бог наш, дае нам.

І не хацеў Сыгон, кароль Гэшбонскі, каб мы праходзілі зямлёю ягонай, бо закаляніў СПАДАР, Бог твой, дух ягоны, учыніў упорлівым сэрца ягонае, каб аддаць яго ў руку тваю, як цяпер.
 
Але Сігон, цар Эсэвонскі, не згадзіўся дазволіць нам прайсьці празь ягоную зямлю, бо Гасподзь, Бог твой, ажарсьцьвіў дух ягоны і сэрца ягонае зрабіў упартым, каб аддаць яго ў руку тваю, як гэта відно сёньня.

І сказаў імне СПАДАР: "Гля, Я пачынаю аддаваць табе Сыгона а зямлю ягоную; пачынай браць у дзяржаньне, каб ты замеў яе за дзяржаву".
 
І сказаў мне Гасподзь: вось, я пачынаю перадаваць табе Сігона і зямлю ягоную; пачынай авалодваць зямлёй ягонай.

І вышаў Сыгон а ўвесь люд ягоны напярэймы нам на бітву ў Ягацы.
 
І Сігон з усім народам сваім выступіў супроць нас на бітву да Яаца;

І аддаў яго СПАДАР, Бог наш, нам, і мы зразілі яго а сыноў ягоных а ўвесь люд ягоны,
 
і перадаў яго Гасподзь, Бог наш, і мы пабілі яго і сыноў ягоных і ўвесь народ ягоны,

І перамаглі таго часу ўсі месты ягоныя, і аканавалі кажнага места мужчын а жанкі а дзеціяняты, не пакінулі астачы.
 
і ўзялі ў той час усе гарады ягоныя і выклялі ўсе гарады, мужчын і жанчын і дзяцей, не пакінулі нікога жывога;

Толькі статак узялі мы сабе заглабаньням і здабытак местаў, якія мы заваявалі.
 
толькі ўзялі мы сабе здабычаю быдла іхняе і захопленае ва ўзятых намі гарадах.

Ад Ароіру, што на беразе цур’я Арнона, і ад места, каторае ля цур’я, аж да Ґілеаду ня было места лішне высокага нам: усе аддаў СПАДАР, Бог наш, нам.
 
Ад Араіра, які на беразе патока Арнона, і ад горада, які ў даліне, да Галаада ня было горада, які быў бы няпрыступны нам: усё перадаў Гасподзь, Бог наш.

Адно да зямлі Амонцаў ты ня бліжыўся, ані да ўсяго боку цур’я Явока, ані да местаў на гары, ані да ўсёга, што заказаў СПАДАР, Бог наш.
 
Толькі да зямлі Аманіцянаў ты не падыходзіў, ні да мясьцінаў паблізу патока Явока, ні да гарадоў на гары, ні да ўсяго, да чаго не загадаў Гасподзь, Бог наш.