Другі закон 28 разьдзел

Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І будзе, калі ты будзеш уважліва слухаць голасу СПАДАРА, Бога свайго, рупіцца паўніць усі расказаньні Ягоныя, каторыя расказую табе цяпер; то СПАДАР, Бог твой, дасьць быць табе над усі народы зямлі.
 
Калі ты, як пяройдзеце Ярдан, будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, старанна выконваць усе запаведзі Ягоныя, якія наказваю табе сёньня, дык Гасподзь, Бог твой, паставіць цябе вышэй за ўсе народы зямлі;

І прыдуць на цябе ўсі дабраславенствы гэтыя, і дасягнуць цябе, калі будзеш слухаць голасу СПАДАРА, Бога свайго:
 
і сыдуць на цябе ўсе дабраславеньні гэтыя і спраўдзяцца на табе, калі будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго.

Дабраславёны ты ў месьце, і дабраславёны ты на полю.
 
Дабраславёны ты ў горадзе і дабраславёны ў полі.

Дабраславёны плод жывата твайго, і плод зямлі твае, і плод статку твайго, і прыбытак валоў тваіх, і ягняты авец тваіх.
 
Дабраславёны плод чэрава твайго і плод зямлі тваёй, і плод быдла твайго, і плод тваіх валоў, і плод авечак тваіх.

Дабраславёны кош твой а дзяжа твая.
 
Дабраславёныя засекі твае і кладоўкі твае.

Дабраславёны ты ўходзячы і дабраславёны выходзячы.
 
Дабраславёны ты пры ўваходзе тваім і дабраславёны ты пры выхадзе тваім.

Дасьць СПАДАР, што варагі твае, каторыя паўстануць на цябе, будуць зражаны перад табою; аднэй дарогаю яны выступяць супроці цябе, а сяма дарогамі ўцякуць ад цябе.
 
Паб’е перад табою Гасподзь ворагаў тваіх, якія паўстаюць на цябе; адною дарогаю яны выступяць супроць цябе, а сямю дарогамі пабягуць ад цябе.

Раскажа СПАДАР табе дабраславенства ў сьвірнах тваіх і ў вусім, да чаго ты прыкладаў руку сваю; і дабраславе цябе на зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе.
 
Пашле Гасподзь табе дабраславеньне ў засеках тваіх і ва ўсякай дзеі рук тваіх; і дабраславіць цябе на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.

Пастанове цябе СПАДАР людам сьвятым Сваім, як Ён прысягаў табе, калі ты будзеш дзяржаць расказаньні СПАДАРА, Бога свайго, і будзеш хадзіць дарогамі Ягонымі.
 
Паставіць цябе Гасподзь народам Сваім, як Ён запрысягаўся табе, калі ты будзеш шанаваць запаведзі Госпада, Бога твайго, і будзеш хадзіць шляхамі Ягонымі;

І абачаць усі народы зямлі, што імя СПАДАРА мянуецца на табе, і будуць баяцца цябе.
 
і ўбачаць усе народы зямлі, што імя Госпада накладаецца на цябе, і будуць баяцца цябе.

І перапоўне цябе СПАДАР дабром у плодзе жывата твайго, і ў плодзе статку твайго, і ў плодзе зямлі на зямлі, каторую СПАДАР прысягаў айцом тваім даць табе.
 
І дасьць табе Гасподзь надмер ва ўсіх дабротах, у плодзе ўлоньня твайго і ў плодзе быдла твайго і ў плодзе палёў тваіх на зямлі, даць якую табе Гасподзь запрысягаўся бацькам тваім.

Адчыне табе СПАДАР добрую скарбніцу Сваю, неба, каб яно давала дождж зямлі тваёй упару яе, і каб дабраславіць усю работу рукі твае: і будзеш пазычаць шмат якім народам, а сам ня будзеш пазычаць.
 
Адкрые табе Гасподзь добрую скарбніцу Сваю, неба, каб яно давала дождж зямлі тваёй у свой час, і каб дабраслаўляць усе дзеі рук тваіх: і будзеш пазычаць многім народам, а сам ня будзеш запазычвацца.

І дасьць СПАДАР быць табе галавою, а не хвастом, і будзеш толькі на гарыні, а ня будзеш далавах, калі будзеш прыслухацца да расказаньняў СПАДАРА, Бога свайго, каторыя расказую табе сядні, дзяржаць а паўніць,
 
Зробіць цябе Гасподзь галавою, а не хвастом, і будзеш толькі на вышыні, і ня будзеш унізе, калі будзеш слухацца запаведзяў Госпада, Бога твайго, якія наказваю табе сёньня шанаваць і выконваць.

І не адвернешся ад усіх словаў, каторыя расказую вам сядні, ані направа, ані налева, каб пайсьці за іншымі багамі служыць ім.
 
І не адступішся ад усіх слоў, якія наказваю вам сёньня, ні направа, ні налева, каб пайсьці сьледам за іншымі багамі і слугаваць ім.

І будзе, калі не паслухаеш голасу СПАДАРА, Бога свайго, каб рупіцца паўніць усі расказаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя, каторыя я расказую табе сядні, то прыйдуць на цябе ўсі кляцьбы гэтыя і насьпеюць цябе:
 
А калі ня будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, і ня будзеш старацца выконваць усе запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я наказваю табе сёньня, дык прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і дастануць цябе.

Пракляты ты ў месьце, і пракляты ты на полю.
 
Пракляты ты будзеш у горадзе і пракляты ты будзеш у полі.

Пракляты кош твой а дзяжа твая.
 
Праклятыя будуць засекі твае і кладоўкі твае.

Пракляты плод жывата твайго й плод зямлі твае, прыбытак валоў тваіх і ягняты авец тваіх.
 
Пракляты будзе плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод тваіх валоў і плод авечак тваіх.

Пракляты ты ўходзячы й пракляты выходзячы.
 
Пракляты ты будзеш пры ўваходзе тваім і пракляты пры выхадзе тваім.

Пашлець СПАДАР на цябе кляцьбу, замятню а няшчасьце ў вусім, да чаго прыкладаў ты руку сваю, што ты рабіў, пакуль ня будзеш выгублены, і ты борзда загінеш за ліхія ўчынкі свае, за тое, што ты пакінуў Мяне.
 
Пашле Гасподзь на цябе праклён, затлуму і няшчасьце ва ўсякай дзеі рук тваіх, якую пачнеш рабіць, пакуль ня будзеш зьнішчаны, — і ты неўзабаве загінеш за ліхія дзеі твае, за тое, што ты пакінуў Мяне.

СПАДАР прылепе да цябе мор, пакуль не зьвядзець Ён цябе ізь зямлі, да каторае ты ўходзіш, каб апанаваць яе.
 
Пашле Гасподзь на цябе згубную пошасьць, пакуль ня вынішчыць Ён цябе зь зямлі, у якую ты ідзеш, каб валодаць ёю.

Зразе цябе СПАДАР сухотамі, трасцаю, гаручкаю, запаленьням, мячом, палячым ветрам, сухмянём а іржою; і яны будуць перасьледаваць цябе, пакуль не загінеш.
 
Паб’е цябе Гасподзь сухотамі, гарачкаю, трасцаю, запаленьнем, засухаю, палючым ветрам ды іржою, і яны будуць перасьледаваць цябе, пакуль не загінеш.

І будуць нябёсы твае, каторыя над галавою тваёю, медзьдзю, і зямля пад табою зялезам.
 
І нябёсы твае, якія над галавою тваёю, зробяцца медзьдзю, і зямля пад табою жалезам;

Дасьць СПАДАР дождж зямлі тваёй пылам, і попел ізь неба будзе зыходзіць на цябе, пакуль ня будзеш выгублены.
 
замест дажджу Гасподзь дасьць зямлі тваёй пыл, і попел зь неба будзе падаць, падаць на цябе, пакуль ня будзеш зьнішчаны.

Аддасьць цябе СПАДАР на паразу перад відам варагоў тваіх; аднэй дарогаю выступіш супроці іх, а сяма дарогамі ўцячэш ад іх; і будзеш дрыготаю па ўсіх каралеўствах зямлі.
 
Аддасьць цябе Гасподзь на паразу ворагам тваім; адною дарогаю выступіш супроць іх, а сямю дарогамі пабяжыш ад іх; і будзеш расьсеяны па ўсіх царствах зямлі.

І будзе труп твой ежаю ўсім птушкам нябёсным і зьвяром зямлі, і ня будзе пужаючага іх.
 
І будуць трупы твае ежаю ўсім птушкам нябесным і зьвярам, і ня будзе каму адагнаць іх.

Зразе цябе СПАДАР скульлям ягіпецкім, ґемороям, каростаю а сьвербам, ад каторых ты ня зможаш вылячыцца.
 
Паб’е цябе Гасподзь праказаю Егіпецкаю, пранцамі, каростаю і сьвербам, ад якіх ты ня зможаш вылечыцца;

Зразе цябе СПАДАР шалам, нявісносьцяй а зуменьням сэрца.
 
паб’е цябе Гасподзь вар’яцтвам, сьлепатою і дранцьвеньнем сэрца,

І ты будзеш вошчупкам хадзіць паўднём, як нявісны вошчупкам ходзе ўцямне, і ня будзеш мець дасьпеху ў дарогах сваіх, і будзеш адно ўцісканы а крыўджаны ўсі дні, і няма выбавіцеля.
 
і ты хадзіцьмеш навобмацак апалудні, як сьляпы навобмацак ходзіць поначы, і ня мецьмеш посьпеху на дарогах тваіх, і будуць уціскаць і крыўдзіць цябе штодня, і ніхто не абароніць цябе.

Із жонкаю заручышся, і другі будзе ляжаць ізь ёю; дом пастановіш, і ня будзеш жыць у ім; вінішча насадзіш, і ня будзеш пратаць ягад яго.
 
З жонкаю заручышся, і іншы будзе спаць зь ёю; дом пабудуеш, і ня жыцьмеш у ім; вінаграднік пасадзіш і ня будзеш карыстацца ім.

Вала твайго зарэжуць на аччу тваім, ня будзеш есьці яго; асла твайго заглабаюць у цябе і ня зьвернуць табе; авечкі твае аддадуць варагом, і няма ў цябе ратаўніка.
 
Вала твайго заколюць на вачах у цябе, і ня будзеш есьці яго; асла твайго зьвядуць ад цябе і ня вернуць табе; авечкі твае аддадзены будуць ворагам тваім, і ніхто не абароніць цябе.

Сынове твае а дачкі твае будуць адданы другому люду; і вочы твае будуць бачыць і будуць кволець празь іх цэлы дзень, і ня будзе сілы ў руках тваіх.
 
Сыны твае і дочкі твае аддадзены будуць іншаму народу; вочы твае будуць бачыць і кожны дзень будуць кволець, і ня будзе сілы ў руках тваіх.

Плады зямлі твае і ўсю працу тваю будзе есьці люд, каторага ты ня знаў, і ты будзеш адно ашуканы а разьбіты ўсі дні.
 
Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю будзе есьці народ, якога ты ня ведаў; і цябе будуць толькі ўціскаць і мучыць усе дні.

І адыйдзеш ад разуму ад бачаньня аччу твайго, што ты пабачыш.
 
І страціш розум ад таго, што пабачаць вочы твае.

Зразе цябе СПАДАР скульлям ліхім на каленях а галёнках, ад каторага ты ня зможаш вылячыцца, ад падашвы нагі твае аж да цемені твайго.
 
Паб’е цябе Гасподзь ліхою праказаю на каленях і на галенях, ад якой ты ня зможаш вылечыцца, ад падэшвы нагі тваёй да самага цемені галавы тваёй.

Завядзець цябе СПАДАР і караля твайго, каторага ты пастановіш над сабою, да народу, каторага ня знаў ты ані айцове твае, і будзеш служыць там іншым багом, дзерву й каменю;
 
Завядзе Гасподзь цябе і цара твайго, якога ты паставіш над сабою, да народу, якога ня ведаў ні ты, ні бацькі твае, і там служыцьмеш іншым багам, драўняным і каменным;

І будзеш жахам, прыпавесьцю а прымазьзю ў вусіх людаў, да каторых завядзець цябе СПАДАР.
 
І будзеш жудасьцю, прытчаю і пасьмешышчам усім народам, да якіх завядзе цябе Гасподзь.

Сяўбы шмат вынясеш у поле, а зьбярэш мала, бо паесьць яе шаранча.
 
Насеньня многа вынесеш у поле, а зьбярэш мала, бо паесьць іх саранча.

Вінішчы будзеш садзіць і ўрабляць, але віна ня будзеш піць і не зьбярэш, бо паесьць іх чырва.
 
Вінаграднікі будзеш садзіць і ўрабляць, а віна ня піцьмеш і не зьбярэш пладоў, бо паесьць іх чарвяк.

Аліўныя дзервы будуць у цябе ў вусіх граніцах тваіх, але аліваю не памажашся, бо асыпяцца аліўкі твае.
 
Масьліны будуць у цябе ва ўсіх межах тваіх, але алеем не памажашся, бо асыплецца масьліна твая.

Сыноў а дачкі народзіш, але іх ня будзе ў цябе, бо пойдуць у палон,
 
Сыноў і дочак народзіш, але іх ня будзе ў цябе, бо пойдуць у палон.

Усі дзервы твае й плады зямлі твае апануе іржа.
 
Усе дрэвы твае і плады зямлі тваёй загубіць іржа.

Чужаземец, каторы сярод цябе, будзе падыймацца над табою вышэй а вышэй, а ты спушчацца будзеш ніжэй а ніжэй.
 
Прыхадзень, які сярод цябе, будзе ўзносіцца над табою вышэй і вышэй, а ты апускацца будзеш ніжэй і ніжэй;

Ён будзе пазычаць табе, а ты ня будзеш пазычаць яму; ён будзе галавою, а ты будзеш хвастом.
 
ён будзе пазычаць табе, а ты ня будзеш пазычаць яму; ён будзе галавою, а ты будзеш хвастом.

І прыйдуць на цябе ўсі кляцьбы гэтыя, і будуць перасьледаваць цябе, і дасягнуць цябе, пакуль ня будзеш выгублены, бо ты ня слухаў голасу СПАДАРА, Бога свайго, дзяржаць расказаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя, каторыя Ён расказаў табе.
 
І прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і будуць перасьледаваць цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны, за тое, што ты ня слухаўся голасу Госпада, Бога твайго, і не захоўваў запаведзяў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія Ён наказаў табе:

І яны будуць знакам і дзівам на табе а на насеньню тваім навекі.
 
яны будуць азнакаю і доказам на табе і на семені тваім вавек.

За тое, што ты ня служыў СПАДАРУ, Богу свайму, зь весялосьцяй а дабрынёю сэрца, пры множасьці ўсяго,
 
За тое, што ты ня служыў Госпаду, Богу твайму, з радасьцю і дабрынёю сэрца, пры надмеры ўсяго,

Дык будзеш служыць ворагу свайму, каторага пашлець на цябе СПАДАР, у галадові а смазе а голасьці а ў вусялякай нястачы; і ён узложа на шыю тваю зялезнае йго, пакуль ня выгубіць цябе.
 
будзеш служыць ворагу твайму, якога пашле на цябе Гасподзь, у голадзе і ў смазе, і галізьне і ва ўсякай нястачы; ён накладзе на шыю тваю жалезнае ярмо, так што змучыць цябе.

Падыйме на цябе СПАДАР народ здалеку, з канца зямлі; як арол наляціць народ, каторага мовы ты ня будзеш цяміць,
 
Пашле на цябе Гасподзь народ здалёку, ад краю зямлі: як арол, мовы якога ты не разумееш,

Народ із гарэзным відам, каторы ня ўсьціць віду старога і над маладым ня зьмілуецца.
 
народ нахабны, які ня ўважыць старому і не пашкадуе маладога;

І будзе ён есьці плод статку твайго й плод зямлі твае, пакуль ня зьнішча цябе, ажно не пакіне табе збожжа ані віннога соку, ані алівы, ані прыбытку валоў тваіх, ані ягнят авец тваіх, пакуль не загубе цябе.
 
і есьціме ён плод быдла твайго і плод зямлі тваёй, пакуль ня спустошыць цябе, так што не пакіне табе ні хлеба, ні віна, ні алею, ні плоду валоў тваіх, ні плоду авечак тваіх, пакуль не загубіць цябе;

І будзе аблягаць цябе ў вусіх брамах тваіх, пакуль не наваляцца высокія а моцныя сьцены твае, на каторыя ты спадзеешся, па ўсёй зямлі сваёй; ён будзе аблягаць цябе ў вусіх брамах тваіх, па ўсёй зямлі тваёй, каторую СПАДАР, Бог твой, даў табе.
 
і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, пакуль на ўсёй зямлі тваёй не разбурыць высокіх і моцных муроў тваіх, на якія ты спадзяешся; і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, на ўсёй зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, даў табе.

І ты будзеш есьці плод жывата свайго, цела сыноў сваіх а дачок сваіх, каторых СПАДАР, Бог твой, даў табе, у ваблозе а ў сьціску, у каторым сьцісьне цябе вораг твой.
 
І ты есьцімеш плод чэрава твайго, плод сыноў тваіх і дочак тваіх, якіх Гасподзь, Бог твой, даў табе, у аблозе і ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой.

Чалавек, раскунежаны ў цябе і ў вялікай раскошы ўзгадаваны, будзе мець благое вока на брата свайго, і на жонку ўлоньня свайго, і засталых сыноў сваіх, каторыя застануцца,
 
Чалавек сьпешчаны, які жыў сярод вас у вялікай раскошы, зайздросьлівым вокам будзе глядзець на брата свайго, на любасную жонку сваю і на астатніх дзяцей сваіх, якія застануцца ў яго,

І ня дасьць ні воднаму зь іх цела дзяцей сваіх, каторыя ён будзе есьці, бо ў яго не застанецца нічога ў ваблозе а ў сьціску, у каторым сьцісьне цябе вораг твой у вусіх брамах тваіх.
 
і ня дасьць ніводнаму зь іх плоці дзяцей сваіх, якіх ён будзе есьці, бо ў яго не застанецца нічога ў аблозе і ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой ва ўсіх селішчах тваіх.

Раскунежаная, у раскошы ўзгадаваная жонка ў цябе, каторая не прабавала ступы нагі свае станавіць на зямлю з прычыны раскошы а скунежанасьці, будзе мець благое вока на мужа ўлоньня свайго а на сына свайго а на дачку сваю
 
Жанчына, якая жыла ў цябе ў песьце і раскошы, якая ніколі нагі сваёй ня ставіла на зямлю з прычыны раскошы і сьпешчанасьці сваёй, будзе зайздросьлівым вокам глядзець на любаснага мужа свайго і на сына свайго і на дачку сваю

А на пасьцелю, што выходзе з памеж ног ейных, а на дзеці, каторыя яна народзе; бо зьесьць іх зь нястачы ўсяго, патай у ваблозе а сьціску, у каторым сьцісьне цябе вораг твой у брамах тваіх.
 
і ня дасьць пасьледу, што выходзіць спаміж ног у яе, і дзяцей, якіх яна народзіць; бо яна, пры нястачы ва ўсім, таемна есьціме іх, у аблозе і ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой у селішчах тваіх.

Калі ня будзеш рупіцца паўніць усі словы Права гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай, і ня будзеш баяцца гэтага славутнага а страшнага імені СПАДАРА, Бога свайго;
 
Калі ня будзеш старацца выконваць усе словы закона гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай, і ня будзеш баяцца славутага і страшнага імя Госпада, Бога твайго,

Дык дзіўнымі зробе СПАДАР болькі твае а болькі насеньня твайго, болькі вялікія а кажначасныя, і хваробы ліхія а кажначасныя.
 
дык Гасподзь паб’е цябе і нашчадкаў тваіх нязвычайнымі пошасьцямі, пошасьцямі вялікімі пастаяннымі, і хваробамі ліхімі і пастаяннымі;

І прыверне на цябе ўсі хваробы ягіпецкія, каторых ты баяўся, і яны прыліпнуць да цябе.
 
і навядзе на цябе ўсе пошасьці Егіпецкія, якіх ты баяўся, і яны прыліпнуць да цябе;

Таксама ўсялякую хваробу і ўсялякую больку, якая не запісана ў кнізе права гэтага, СПАДАР узьвядзець на цябе, пакуль ня будзеш выгублены.
 
і ўсякую хваробу і ўсякую пошасьць не напісаную ў кнізе закона гэтага Гасподзь навядзе на цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны;

І застанецца вас людзёў малы лік, замест тога, што вы былі, як зоры нябёсныя, бо ты ня слухаў голасу СПАДАРА, Бога свайго.
 
і застанецца вас нямнога, тым часам калі ў мностве вы былі падобныя да зорак нябесных, бо ты ня слухаўся голасу Госпада, Бога твайго.

І будзе, што як радаваўся СПАДАР із вас, робячы вам дабро й множачы вас, так будзе радавацца СПАДАР із вас, губячы вас а нішчачы вас, і вырваны будзеце ізь зямлі, да каторае ты йдзеш, каб апанаваць яе.
 
І як радаваўся Гасподзь робячы вам дабро і памнажаючы вас, губячы вас і зьнішчаючы вас, і выкінутыя будзеце зь зямлі, у якую ты ідзеш, каб валодаць ёю.

І разьвее цябе СПАДАР па ўсіх людах, ад канца зямлі аж да канца зямлі, і будзеш там служыць іншым багом, каторых ня знаў ты ані айцове твае, дзерву а камяню.
 
І расьсее цябе Гасподзь па ўсіх народах, ад краю зямлі да краю зямлі, і будзеш там служыць іншым багам, якіх ня ведаў ні ты, ні бацькі твае, дрэву і камяням.

І памеж тых народаў ты несупакоішся, і ня будзе месца супачынку ступе нагі твае, і СПАДАР дасьць табе там ляклівае сэрца, і цьмяныя вочы, і бядунлівую душу.
 
Але і сярод гэтых народаў не супакоішся і ня будзе месца спакою назе тваёй, і Гасподзь дасьць табе там баязьлівае сэрца, цьмяныя вочы і зьнемажэньне душы;

І будзе жыцьцё твае вісець перад табою, і будзеш жахацца ўдзень і ночы, і ня будзеш пэўны жыцьця свайго.
 
жыцьцё тваё вісецьме перад табою, і будзеш дрыжаць уначы і ўдзень і ня будзеш пэўны за жыцьцё тваё;

Нараніцы ты скажаш: "О, калі б настаў вечар!" а ўвечары скажаш: "О, калі б настала раньне!" зь ляку сэрца свайго, каторым ты будзеш абняты, і з бачаньня аччу сваіх.
 
ад дрыжаньня сэрца твайго, якім ты будзеш ахоплены, і ад таго, што будзеш бачыць вачыма тваімі, раніцай ты скажаш: «о, калі б зьвечарэла!», а ўвечары скажаш: «о, калі б разьвіднела!».

І зьверне цябе СПАДАР да Ягіпту на караблёх тэй дарогаю, праз каторую я сказаў табе: "Ты болей не абачыш яе"; і там будуць прадаваць вас варагом вашым за нявольнікаў а за нявольніцы, і ня будзе купляючага».
 
І верне цябе Гасподзь у Егіпет на караблях той дарогаю, пра якую я сказаў табе: «больш ты ня ўбачыш яе»; і там будзеце прадавацца ворагам вашым у рабоў і ў рабыняў, і ня будзе пакупца.