Другі закон 7 разьдзел

Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Як увядзець цябе СПАДАР, Бог твой, у зямлю, да каторае ты йдзеш, каб апанаваць яе, і выкіне ад віду твайго чысьленыя народы, Гэціча а Ґерґесэя а Аморэя а Канааняніна а Ферэзэя а Гэвеяў а Евусэяў, сем народаў, чысьленшых а дужшых за цябе,
 
Калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог твой, у зямлю, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, і прагоніць ад аблічча твайго шматлікія народы, Хэтэяў, Гергесэяў, Амарэяў, Хананэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Эвусэяў, сем народаў, якія большыя лікам і мацнейшыя за цябе,

І аддасьць іх табе СПАДАР, Бог твой, перад табою, тады, паразіўшы іх, чыста акануеш іх; ня ўчыні зь імі змовы і ня зьмілуйся над імі.
 
і перадасьць іх табе Гасподзь, Бог твой, і паб’еш іх, тады аддай іх праклёну, ня ўступай зь імі ў спрымірэнства і не шкадуй іх;

І не сваячся зь імі: дачкі свае не аддавай за сына ягонага і дачкі ягонае не бяры за сына свайго;
 
і ня ўступай зь імі ў сваяцтва: дачкі тваёй не аддавай за сына ягонага, і дачкі ягонай не бяры за сына твайго;

Бо ён адхінець сына твайго, каб ня йшоў за Імною, і будуць служыць іншым багом, і ўзгарыцца на вас гнеў СПАДАРА, і Ён борзда выгубе цябе.
 
бо яны адвернуць сыноў тваіх ад Мяне, каб служыць іншым багам, і тады запаліцца на вас гнеў Госпада, і Ён хутка вынішчыць цябе.

Але гэтак зрабіце зь імі: аброчнікі іхныя разбурыце, стаўпы іхныя паламіце, і гаі іхныя высячыце, і балваны іхныя спаліце цяплом;
 
А зрабеце зь імі так: ахвярнікі іхнія разбурце, слупы іхнія паламайце і гаі іхнія высечыце і балванаў іхніх спалеце агнём;

Бо ты люд сьвяты СПАДАРУ, Богу свайму; цябе абраў СПАДАР, Бог твой, з усіх народаў, каторыя на відзе зямлі, каб ты быў Яму собскім людам.
 
бо ты народ сьвяты ў Госпада, Бога твайго: цябе выбраў Гасподзь, Бог твой, каб ты быў уласным ягоным народам з усіх народаў, якія на зямлі.

Не затым, каб вы былі чысьленшыя за ўсі люды, пажадаў вас СПАДАР і абраў вас, бо вы меншыя, чымся ўсі люды;
 
Не на тое, каб вы былі большыя лікам за ўсе народы, прыняў вас Гасподзь і выбраў вас, — бо вы меншыя лікам за ўсе народы, —

Але затым, што любе вас СПАДАР, і затым, што заховуе прысягу, каторай Ён прысягаў айцом вашым, вывеў вас СПАДАР рукою моцнай і выкупіў цябе з дому нявольнікаў, з рукі Фараона, караля Ягіпецкага.
 
а таму, што любіць вас Гасподзь, і на тое, каб захаваць клятву, якою Ён прысягаў бацькам вашым, вывеў вас Гасподзь рукою моцнаю і вызваліў цябе з дома рабства, з рукі фараона, цара Егіпецкага.

І ведай, што СПАДАР, Бог твой, Ён Бог, БОГ верны, Каторы заховуе змову й міласэрдзе да тысячнага пакаленьня любячых Яго і заховуючых расказаньні Ягоныя,
 
Дык вось, ведай, што Гасподзь, Бог твой, ёсьць Бог верны, Які захоўвае запавет і літасьць да тых, хто любіць Яго і шануе наказы Ягоныя да тысячы родаў,

І адплачуе ненавідзячым Яго ў від, каб загубіць яго; ня будзе адвалакаць ненавідзячаму Яго, у від ягоны адплаце яму.
 
і аддасьць ненавісьнікам Ягоным у асобе іхняй, зьнішчаючы іх; Ён не замарудзіць, ненавісьніку Ягонаму самому асабіста аддасьць.

Дык заховуй расказаньне а ўставы а суды, каторыя цяпер расказую табе паўніць.
 
Дык вось, шануй запаведзі й пастановы і законы, якія сёньня табе наказваю выконваць.

І будзе: за тое, што вы слухалі судоў гэтых, і заховавалі іх, і дзяржалі іх, то захавае СПАДАР, Бог твой, табе змову й міласэрдзе, як Ён прысягнуў айцом тваім,
 
І калі вы будзеце слухацца законаў гэтых і захоўваць і выконваць іх, дык Гасподзь, Бог твой, будзе захоўваць запавет і літасьць да цябе, як Ён прысягаўся бацькам тваім,

І будзе цябе любіць, і дабраславе цябе, і размножа цябе, і дабраславе плод жывата твайго й плод зямлі твае, хлеб твой, і вінны сок твой, і аліву тваю, прыплод ад буйнога статку твайго й прыплод ад стады авец тваіх, на тэй зямлі, каторую Ён прысягнуў айцом тваім даць табе.
 
і палюбіць цябе, і дабраславіць цябе, і памножыць цябе, і дабраславіць плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, і хлеб твой і віно тваё і алей твой, народжанае ад буйнога быдла твайго, і ад статку авечак тваіх, на той зямлі, якую запрысягнуў бацькам тваім даць табе;

Дабраславёны ты будзеш болей за ўсі люды; ня будзе ў цябе бясплоднага ані бясплоднае, таксама ў статку тваім.
 
дабраславёны ты будзеш больш за ўсе народы; ня будзе ні бясплоднага ні бясплоднай, ні ў цябе, ні ў быдле тваім;

І адхінець ад цябе СПАДАР усялякае няўздоленьне, і ніякія ліхія хваробы ягіпецкія, каторыя ты знаў, не навядзець на цябе, але навядзець іх на ўсіх ненавідзячых цябе.
 
і адвядзе ад цябе Гасподзь усякую немач, і ніякіх лютых хваробаў Егіпецкіх, якія ты ведаеш, не навядзе на цябе, а навядзе іх на ўсіх ненавісьнікаў тваіх;

І пажарэш усі люды, каторыя СПАДАР, Бог твой, даець табе; няхай не пажалее іх вока твае; і ня служы багом іхным, бо гэта пастка табе.
 
і зьнішчыш усе народы, якія Гасподзь, Бог твой, дае табе: хай не пашкадуе іх вока тваё, і ня служы багам іхнім, бо гэта сетка на цябе.

Калі скажаш у сэрцу сваім: "Народы гэтыя чысьленшыя за мяне, як я магу выгнаць іх?"
 
Калі скажаш у сэрцы тваім: «народы гэтыя большыя лікам за мяне; як я магу выгнаць іх?»

Ня бойся іх, выразьліва ўспомні тое, што зрабіў СПАДАР, Бог твой, Фараону а ўсяму Ягіпту,
 
ня бойся іх, згадай тое, што зрабіў Гасподзь, Бог твой, з фараонам і ўсім Егіптам,

Тыя вялікія дазнаньні, каторыя бачылі вочы твае, і знакі, і чудосы, і руку моцную, і цаўё выцягненае, зь якімі вывеў цябе СПАДАР, Бог твой. Гэтак зробе СПАДАР, Бог твой, усім людам, каторых відаў ты баішся.
 
тыя вялікія выпрабаваньні, якія бачылі вочы твае, азнакі, цуды і руку моцную і мышцу высокую, зь якімі вывеў цябе Гасподзь, Бог твой, тое самае зробіць Гасподзь, Бог твой, з усімі народамі, якіх ты баішся;

І таксама шаршні пашлець СПАДАР, Бог твой, на іх, пакуль не загінуць тыя, што засталіся й схаваліся ад віду твайго.
 
і чмялёў нашле Гасподзь, Бог твой, на іх, пакуль не загінуць тыя, што засталіся і пахаваліся ад аблічча твайго;

Не лякайся іх, бо СПАДАР, Бог твой, сярод цябе, Бог вялікі а страшны.
 
ня бойся іх, бо Гасподзь, Бог твой, сярод цябе, Бог вялікі й страшны.

І СПАДАР, Бог твой, выкіне гэтыя народы перад відам тваім памалу, памалу; ня можаш ты выгубіць іх борзда, каб не памнажыліся супроці цябе палявыя зьвяры.
 
І будзе Гасподзь, Бог твой, праганяць перад табою народы гэтыя спакваля; ня можаш ты вынішчыць іх хутка, каб не памножыліся супроць цябе польныя зьвяры;

І дасьць іх СПАДАР, Бог твой, табе, і прывядзець іх у вялікую замятню, пакуль ня выгубе іх.
 
але аддасьць іх табе Гасподзь, Бог твой, і прывядзе іх у вялікае бянтэжаньне, аж пакуль яны не загінуць;

І аддасьць каралёў іхных у рукі твае, і ты выгубіш імя іхнае з пад неба; ня вытрывае ніхто супроці віду твайго, пакуль ня выгубіш іх.
 
і аддасьць цароў іхніх у рукі твае, зьнішчыш іхняе імя з-пад нябёсаў: ня ўстоіць ніхто супроць цябе, пакуль ня выкарчуеш іх.

Балваны багоў іхных спаліце цяплом; не пажадай срэбра а золата, каторае на іх, каб узяць сабе, каб не спатыкнуўся імі, бо гэта агіда СПАДАРУ, Богу твайму.
 
Балваноў — багоў іхніх папалеце агнём; не пажадай узяць сабе срэбра альбо золата, якое на іх, каб гэта ня сталася табе сеткаю, бо гэта агіда Госпаду, Богу твайму;

І ня ўнось агіды да дому свайго, бо будзеш аканаваны, як яна. Брыдою брыдзься ягонай і агідаю гідзься ягонай, бо аканаваны ён.
 
і ня ўнось шкараднай брыдоты ў дом твой, каб не падупасьці праклёну, як яна; адварочвайся ад гэтага і гідзіся гэтага, бо гэта праклятае.