Другі закон 33 разьдзел
Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І во дабраславенства, каторым Масей, чалавек Божы, дабраславіў сыноў Ізраелявых перад сьмерцю сваёю;
Вось дабраславеньне, якім Майсей, муж Божы, дабраславіў сыноў Ізраілевых перад сьмерцю сваёю.
І ён сказаў: «СПАДАР прышоў із Сынаю, узышоў ім із Сэіру, зазьзяў з гары Парану і йшоў зь дзесяцьма тысячамі сьвятых; з правае рукі Ягонае цяпло права.
Ён сказаў: Гасподзь прыйшоў ад Сіная, адкрыўся ім ад Сэіра, успрамяніўся ад гары Фарана і ішоў з процьмай сьвятых; праваруч Яго сьветач закона.
Запраўды Ён любе люды; усі сьвятыя Ягоныя ў руццэ Тваёй, і яны палі ніцма да ног Тваіх, каб адзяржаць із словаў Тваіх».
У ісьціне Ён любіць народ; усе прысьвечаныя Яго ў руцэ Тваёй, і яны прыпалі да ступакоў Тваіх, каб уважаць словам Тваім.
Права расказаў нам Масей, спадак грамадзе Якававай.
Закон даў нам Майсей, спадчыну супольству Якава.
І ён быў кароль Ешуруна, як зьбіраліся галавы люду Ізраеля, разам усі плямёны Ізраелявы.
Ён быў царом Ізраіля, калі зьбіраліся правадыры народу разам з плямёнамі Ізраілевымі.
«Хай жывець Рувін і хай не памірае, і хай ня будуць сьмяротныя ягоныя лічаныя».
Хай жыве Рувім і хай не памірае, і Сымон хай ня будзе малы лікам!
А гэта празь Юду; і сказаў: «Пачуй, СПАДАРУ, голас Юдзін, і да люду Свайго прывядзі яго; рук ягоных досыць яму і памачніком супроці варагоў ягоных Ты будзь».
А пра Юду сказаў гэта: пачуй, Госпадзе, голас Юды і прывядзі яго да народу ягонага; рукамі сваімі хай абароніць ён сябе, і ты будзь памочнікам супроць ворагаў ягоных.
І празь Лева сказаў: «Тумім твае а Урым твае на набожным мужу тваім, каторага Ты прабаваў у Масе, з каторым Ты сьперачаўся ля водаў Мерывы,
І пра Лявія сказаў: тумім Твой і урым Твой на сьвятым мужу Тваім, якога Ты ўдасьведчыў у Масе, зь якім Ты спрачаўся каля водаў Мэрывы,
Каторы кажа айцу свайму а маці сваёй: "Я іх ня бачыў", і братоў сваіх не пазнаў, і сыноў сваіх ня знае; бо яны словы Твае заховуюць і змову Тваю дзяржаць,
які кажа пра бацьку свайго і пра маці сваю: «я на іх не гляджу», і братоў сваіх не прызнае, і сыноў сваіх ня ведае; бо яны, лявіты, словы Твае захоўваюць і запавету Твайго трымаюцца,
Вучаць судоў Тваіх Якава і права Твайго Ізраеля, кладуць кадзіла перад ноздрамі Тваімі і ўсепаленьне на аброчнік Твой.
вучаць законам Тваім Якава і запаведзям Тваім Ізраіля, ускладаюць дымленьне прад аблічча Тваё і цэласпаленьні на ахвярнік Твой;
Дабраслаў, СПАДАРУ, сілу ягоную, а работу рук ягоных Ты зыч сабе, зламі сьцёгны паўсталых на яго й ненавідзячых яго, каб яны не маглі стаяць».
дабраславі, Госпадзе, сілу ягоную і дзеі рук ягоных удабраволі, пабі паясьніцу тых, што паўстаюць на яго, і ненавісьнікаў ягоных, каб яны не маглі стаяць.
Веняміну сказаў: «Любы СПАДАРУ будзе жыць у яго бясьпечна; апякуецца ім увесь дзень, і памеж плеч Ягоных супачыне».
Пра Веньяміна сказаў: любасны Госпаду жыве ў Яго ў бясьпецы, Бог спрыяе яму кожны дзень, і ён пакоіцца паміж плячамі Ягонымі.
І Язэпу сказаў: «Хай дабраславе СПАДАР зямлю ягоную дарагімі рэчмі неба, расою й бяздоньня, далавах ляжачага,
Пра Язэпа сказаў: хай дабраславіць Гасподзь зямлю ягоную жаданымі дарамі неба, расою і дарамі бездані, якая ляжыць унізе,
І дарагімі пладамі сонца, і дарагімі рэчмі месяцаў,
жаданымі пладамі ад сонца і жаданымі пладамі месяца,
Найгалаўнейшымі рэчмі старавечных гораў, і дарагімі рэчмі вечных узгоркаў,
найвыдатнейшымі пладамі гор старадаўніх і жаданымі пладамі пагоркаў вечных,
І дарагімі рэчмі зямлі й таго, што напаўняе яе. Зычлівасьць Таго, што жыў у кусьце, хай прыйдзе на галаву Язэпаву і на цемя адлучанага ад братоў ягоных.
і жаданымі дарамі зямлі і таго, што напаўняе яе; дабраславеньне Таго, Хто зьявіўся ў цярновым кусьце хай прыйдзе на галаву Язэпа і на цемя найлепшага з братоў сваіх;
Слава ягоная, як першароднага бычка, і рогі ягоныя, як рогі буйлы, імі збадзець ён народы разам аж да канца зямлі: гэта дзесяткі тысячаў Яхрэмавых і гэта тысячы Манасавы».
моцнасьць яго як у першароднага цяляці, і рогі ў яго, як рогі ў буйвала; імі пабора ён народы ўсе да краёў зямлі: гэта процьма Яфрэмавая, гэта тысячы Манасііныя.
І Завулону сказаў: «Весяліся, Завулоне, у выхадах сваіх, і Іссасхару, у буданох сваіх.
Пра Завулона сказаў: радуйцеся, Завулоне, на шляхах тваіх, і Ісахар, у намётах тваіх;
Люды на гару згукаюць яны, там абракаюць аброкі справядлівасьці, бо яны ссуць вялізарнае багацьце мора й скарбы, схаваныя ў пяску».
склікаюць яны народ на гару, там колюць законныя ахвяры, бо яны кормяцца багацьцем мора і скарбамі, схаванымі ў пяску.
І Ґаду сказаў: «Дабраславёны, хто пашырыў Ґада. Ён, як леў, супачывае і разрывае плячо і нават цемя.
Пра Гада сказаў: дабраславёны той, хто пашырыў Гада; ён пакоіцца як леў, і ламае мышцу і галаву;
Ён выглядзеў сабе першую часьць, бо там захаваў правадаўца дзель яму, і прышоў із князьмі люду, і справядлівасьць СПАДАРОВУ споўніў, і суды ягоныя з Ізраелям».
ён выбраў сабе пачатак зямлі, там пашанаваны надзелам ад заканадаўцы, і прыйшоў з правадырамі народу, і спраўдзіў праўду Госпада і суды зь Ізраілем.
І Дану сказаў: «Дан, як левянё, што выбягае з Вашану».
Пра Дана сказаў: Дан малады леў, які выбягае з Васана.
І Неффаліму сказаў: «Неффалім досыць мае зычлівасьці й поўны дабраславенства СПАДАРОВАГА; захад і паўдня адзяржыш».
Пра Нэфталіма сказаў: Нэфталім напоўнены ўпадабаньнем і поўны дабраславеньня Госпада; мора і поўдзень у валоданьні ягоным.
І Ашэру сказаў: «Дабраславеншы за сыноў Ашэр; ён будзе мець зычлівасьць у братоў сваіх і занура ў валіву нагу сваю.
Пра Асіра сказаў: дабраславёны паміж сынамі Асір, ён будзе любімы братамі сваімі і ўмочыць у алей нагу сваю;
Вобуй твой зялеза а медзь; як дні твае, сіла твая.
жалеза і медзь — засаўкі твае; як дні твае, будзе множыцца багацьце тваё.
Нямаш Бога падобнага да Ешуруновага, едзе на нябёсах на помач табе, у вялікасьці сваёй на булакох.
Няма падобнага на Бога Ізраілевага, які па небе прыляцеў памагчы табе і ў славе Сваёй на аблоках;
Прыстаньня Бог вечны, і далоўям тваім вечныя плячукі Ягоныя; і Ён пражанець варагоў ад віду твайго, і скажа: "Губі".
прыстанішча тваё Бог спрадвечны, і ты пад мышцамі вечнымі; Ён прагоніць ворагаў ад аблічча твайго і скажа: зьнішчай!
І жыў Ізраель бясьпечна адзінотны, жарало Якава на зямлі збожжа а віннога соку, нават нябёсы ягоныя крапіць будуць расу.
Ізраіль жыве ў бясьпецы, адзін; вока Якава бачыць перад сабою зямлю багатую хлебам і віном, і нябёсы над ім капаюць расою.
Шчасьлівы ты, Ізраелю! хто падобны да цябе, людзе выбаўлены СПАДАРОМ, Каторы шчыт помачы твае, і Каторага меч вялічча твае. Варагі твае паддаюцца табе, і ты на вышынях іхных топчаш іх».
Дабрашчасны ты, Ізраіле! Хто падобны да цябе, народзе, ахаваны Госпадам, Які ёсьць шчыт, што асланяе цябе, і меч славы тваёй? Ворагі твае панікнуць перад табою, і ты на шыю ім наступацьмеш.