Другі закон 26 разьдзел

Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І будзе, як ты прыйдзеш да зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе на спадак, і апануеш яе, і аселішся ў ёй;
 
Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, і авалодаеш ёю і аселішся на ёй,

То вазьмі зь першых усіх пладоў зямлі, каторыя ты адзяржыш ізь зямлі свае, што СПАДАР, Бог твой, даець табе, і пакладзі ў сутнік, і пайдзі на тое месца, каторае СПАДАР, Бог твой, абярэць, каб прабывала там імя Ягонае;
 
дык вазьмі пачаткі ўсіх пладоў зямлі, якія ты атрымаеш ад зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, і пакладзі ў кош, і йдзі на тое месца, якое Гасподзь, Бог твой, выбера, каб было там імя Ягонае:

І прыйдзі да сьвятара, каторы будзе тых дзён, і скажы яму: "Асьвятчаю сядні СПАДАРУ, Богу свайму, што я ўвыйшоў у тую зямлю, праз каторую прысягаў СПАДАР айцом нашым даць нам".
 
і прыйдзі да сьвятара, які будзе тымі днямі, і скажы яму; сёньня вызнаю прад Госпадам, Богам тваім, што я ўвайшоў у тую зямлю, даць якую нам Гасподзь запрысягнуўся бацькам нашым.

І возьме сьвятар сутнік із рукі твае, і паложа яго перад аброчнікам СПАДАРА, Бога твайго.
 
Сьвятар возьме кош з рукі тваёй і паставіць яго перад ахвярнікам Госпада, Бога твайго.

Ты ж адказуй а скажы перад СПАДАРОМ, Богам сваім: "Ацец мой, Арамлянін гінучы, зышоў да Ягіпту, і асяліўся там із малым лікам людзёў, і стаўся там ізь яго народ вялікі, дужы а чысьлены;
 
А ты адказвай і скажы прад Госпадам, Богам тваім: бацька мой быў вандроўны Арамэянін, і пайшоў у Егіпет і пасяліўся там зь нямногімі людзьмі, і павёўся там ад яго народ вялікі, моцны і шматлікі;

І блага абходзіліся з намі Ягіпцяне, і ўціскалі нас, і накладалі на нас цяжкія работы;
 
але Егіпцяне блага абыходзіліся з намі і ўціскалі нас і накладвалі на нас цяжкую працу;

І галасілі мы да СПАДАРА, Бога айцоў нашых, і пачуў СПАДАР голас наш, і абачыў гароту нашу, цяжкія працы нашы й уціскі нашы;
 
і заенчылі мы да Госпада, Бога бацькоў нашых, і пачуў Гасподзь енк наш і ўбачыў гароту нашу, працу нашу і прыгнёт наш;

І вывеў нас СПАДАР ізь Ягіпту рукою дужою а цаўём выцягненым, вялікім жахам а знакамі а чудосамі,
 
і вывеў нас Гасподзь зь Егіпта рукою моцнаю і мышцаю ўзьнесенаю, вялікім жахам, азнакамі і цудамі,

І прывёў нас на месца гэтае, і даў нам зямлю гэтую, зямлю, у каторай цячэць малако а мёд.
 
і прывёў нас на месца гэтае, і даў нам зямлю гэтую, зямлю, у якой цячэ малако і мёд;

І цяпер вось, я прынёс першыя плады зямлі, каторыя Ты, СПАДАРУ, даў імне". І палажы іх перад СПАДАРОМ, Богам сваім, і пакланіся перад СПАДАРОМ, Богам сваім,
 
дык вось, я прынёс пачаткі ад пладоў зямлі, якую Ты, Госпадзе, даў мне. І пастаў гэта прад Госпадам, Богам тваім, і пакланіся прад Госпадам, Богам тваім,

І весяліся з усёга дабра, каторае СПАДАР, Бог твой, даў табе а дому твайму, ты а Левіт, і чужаземец, каторы будзе ў цябе.
 
і радуйся за ўсе даброты, якія Гасподзь, Бог твой, даў табе і дому твайму, ты і лявіт і прыхадзень, які будзе ў цябе.

Як ты скончыш аддзяляць усі дзесяціны прыбытку свайго трэйцяга году, году дзесяцінаў, і аддасі Левіту, чужаземцу, сіраце а ўдаве, і будуць яны есьці ў брамах тваіх, і сыціцца;
 
Калі ты аддзеліш усе дзесяціны пладоў зямлі тваёй на трэці год, год дзесяцін, і аддасі лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, каб яны елі ў селішчах тваіх і наядаліся,

То скажы перад СПАДАРОМ, Богам сваім: "Я сусім чыста вынес сьвятасьць із дому і таксама даў подле ўсіх расказаньняў Тваіх, каторыя Ты расказаў імне; я ня выступіў з расказаньняў Тваіх і не забыўся.
 
тады скажы прад Госпадам, Богам тваім: я ўзяў ад дома сьвятыню і аддаў яе лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, паводле ўсіх загадаў Тваіх, якія Ты наказаў мне: я не пераступіў запаведзяў Тваіх і не забыў;

Я ня еў зь яе ў смутку сваім, ані ўзяў зь яе ў нечысьціні, ані даваў зь яе на Дзяды: я слухаў голасу СПАДАРА, Бога свайго, рабіў подле ўсёга, што Ты расказаў імне.
 
я ня еў ад яе ў смутку маім, і не аддзяляў яе ў нячыстасьці і не даваў зь яе дзеля мёртвага; я слухаўся голасу Госпада, Бога майго, выконваў усё, што Ты наказаў мне;

Глянь далоў ізь сьвятога месцабыцьця Свайго, зь нябёс, і дабраслаў люд Свой, Ізраеля, і зямлю, каторую Ты даў нам, як Ты прысягаў айцом нашым, зямлю, у каторай цячэць малако а мёд".
 
падзівіся са сьвятога селішча Твайго, зь нябёсаў, і дабраславі народ Твой, Ізраіле, і зямлю, якую Ты даў нам — так, як ты прысягаўся бацькам нашым даць зямлю, у якой цячэ малако і мёд.

Гэтага дня СПАДАР, Бог твой, расказуе табе паўніць уставы гэтыя а суды: дзяржы а паўні іх усім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй.
 
У дзень гэты Гасподзь, Бог твой, наказвае табе выконваць пастановы гэтыя і законы: трымайся іх і выконвай іх ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй.

СПАДАРУ сказаў ты цяпер, каб Ён быў тваім Богам, і каб хадзіць табе дарогамі Ягонымі й паўніць уставы Ягоныя а расказаньні Ягоныя а суды Ягоныя, і слухаць голасу Ягонага.
 
Госпаду сказаў ты цяпер, што Ён будзе тваім Богам, і што ты будзеш хадзіць шляхамі Ягонымі і запаведзі Ягоныя і законы Ягоныя і слухацца голасу Ягонага;

І СПАДАР урочыста сказаў табе гэтага дня, каб ты быў собскім людам Ягоным, як Ён казаў табе, каб ты дзяржаў усі расказаньні Ягоныя,
 
і Гасподзь абяцаў табе цяпер, што ты будзеш уласным Ягоным народам, як Ён казаў табе, калі ты будзеш захоўваць усе запаведзі Яго,

І што Ён дасьць табе быць вышэй за ўсі народы, каторыя Ён стварыў, у славе славутнасьці а харашыні, і каб табе быць сьвятым людам у СПАДАРА, Бога свайго, як Ён сказаў».
 
і што Ён паставіць цябе вышэй за ўсе народы, якія Ён стварыў, у гонары, славе і велічнасьці, і што ты будзеш сьвятым народам у Госпада, Бога твайго, як Ён казаў.