1 Пятра 2 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Дык вось, адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякае падступства і крывадушнасьць і зайздрасьць і ўсякае ліхаслоўе,
Дык адклаўшы ўсякую ліхоту, і ўсякі подступ, і крывадушнасьць, і зайздрасьць, і ўсякія абмаўляньні,
быццам толькі што народжаныя немаўляты, палюбеце чыстае малако слова, каб ад яго ўзрасьлі вы дзеля выратаваньня;
як нованароджаныя немаўляты, зажадайце чыстага слоўнага малака, каб ад яго вы расьлі,
бо вы паспыталі, які Гасподзь добры.
бо вы пакаштавалі, што Госпад добры.
Прыступаючы да Яго, каменя жывога, людзьмі адкінутага, але Богам выбранага, каштоўнага,
Падыходзячы да Яго, жывога Камяня, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам, каштоўнага,
і самі, як жывыя камяні, будуйце зь сябе дом духоўны, сьвятарства сьвятое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, любасныя Богу празь Ісуса Хрыста.
і самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, сьвятарства сьвятое, каб узносіць духоўныя ахвяры, адпаведныя Богу, праз Ісуса Хрыста.
Бо сказана ў Пісаньні: «вось, я кладу ў Сыёне камень кутні выбраны, каштоўны; і хто веруе ў Яго, не пасаромеецца».
Дзеля гэтага і зьмешчана ў Пісаньні: «Вось, Я кладу ў Сыёне кутні Камень, выбраны, каштоўны, і хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены».
Дык вось Ён вам, вернікам, — каштоўнасьць, а тым, хто ня веруе, «камень, які адкінулі будаўнікі, але які зрабіўся галавою вугла», «камень спатыканьня і камень спакусы»,
Дык Ён для вас, якія вераць, — каштоўнасьць, а для тых, якія ня вераць, — камень, які адкінулі будаўнікі, які стаўся галавой вугла,
на якім яны спатыкаюцца, не ўпакорваючыся слову, дзеля чаго яны і пакінуты.
камень спатыкненьня і скала згаршэньня для тых, якія спатыкаюцца аб слова, не скараючыся, дзеля чаго і пакінутыя.
Але вы — род выбраны, царскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі набытыя, каб абвяшчаць дасканаласьць Таго, Хто выклікаў вас зь цемры ў цудоўнае Сваё сьвятло;
А вы — выбраны род, валадарнае сьвятарства, народ сьвяты, людзі, атрыманыя як удзел, каб абвяшчаць цноты Таго, Які паклікаў вас з цемры ў дзівоснае сьвятло Сваё,
колісь не народ, а сёньня народ Божы; колісь непамілаваныя, а сёньня памілаваныя.
некалі не народ, а цяпер — народ Божы; [некалі] не мілаваныя, а цяпер — памілаваныя.
Любасныя, прашу вас! як прышэльцаў і вандроўнікаў, пазьбягаць цялесных пахацінстваў, што паўстаюць супроць душы,
Улюбёныя, прашу вас, як прыхадняў і вандроўнікаў, высьцерагайцеся цялесных пажаданьняў, якія змагаюцца супраць душы,
і жыць дабрадзейна сярод язычнікаў, каб яны за тое, за што клянуць вас, як ліхадзеяў, пабачыўшы добрыя дзеі вашыя, уславілі Бога ў дзень адведзінаў.
і мейце добры лад жыцьця між паганамі, каб яны за тое, за што ачарняюць вас, як ліхадзеяў, гледзячы на добрыя справы [вашыя], славілі Бога ў дзень адведзінаў.
Дык вось, упакорвайцеся ўсякаму людзкому начальству, дзеля Госпада: хай тое цару, як найвышэйшай уладзе,
Дык падпарадкоўвайцеся ўсякаму стварэньню чалавечаму дзеля Госпада, ці то валадару, як вышэйшай [уладзе],
хай тое намесьнікам, як ад яго пасыланым на пакараньне злачынцаў і на заахвочваньне дабрачынцаў, —
ці то ваяводам, як праз яго пасыланым дзеля помсты ліхадзеям і дзеля пахвалы тым, якія робяць дабро.
бо такая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, замыкалі вусны невуцтву неразумных людзей, —
Бо гэткая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, прымушалі замаўчаць невуцтва неразумных людзей,
як вольныя, а ня як тыя, што карыстаюцца воляю, каб прыхаваць зло, а як рабы Божыя.
як свабодныя, і не як тыя, што свабоду маюць як падставу для ліхоты, але як слугі Божыя.
Усіх шануйце, братэрства любеце, Бога бойцеся, цара паважайце.
Усіх паважайце, брацтва любіце, Бога бойцеся, валадара шануйце.
Слугі, — з поўным страхам скарайцеся гаспадарам, ня толькі добрым і лагодным, але і суровым.
Слугі, з усякім страхам падпарадкоўвайцеся ўладарам, ня толькі добрым і спагадным, але і круцельскім.
Бо гэта спадобнае Богу, калі хто па сумленьні перад Богам, церпіць нягоды, пакутуючы несправядліва.
Бо гэта ласка [Божая], калі хто дзеля сумленьня Божага пераносіць смутак, церпячы несправядліва.
Бо якая хвала, што вы церпіце, калі вас б’юць за правіны? А калі, робячы дабро і пакутуючы, церпіце, гэта даспадобы Богу,
Бо што за слава, калі вы трываеце, як б’юць вас за грахі? Але калі робячы дабро і церпячы, трываеце, гэта ласка ў Бога.
Бо вы на тое пакліканы; бо і Хрыстос пацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі сьлядамі Ягонымі:
Бо вы на гэта пакліканыя, бо і Хрыстос перацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі па сьлядах Ягоных.
«Ня ўчыніў Ён ніякага грэху, і ня было падступства ў вуснах Ягоных»;
Ён не зрабіў аніякага грэху, і не было подступу ў вуснах Ягоных.
і калі Яго ліхасловілі, Ён не ліхасловіў наўзаем: пакутуючы, не пагражаў; а аддаваў гэта Судзьдзі Справядліваму;
Ён, зьневажаны, не зьневажаў у адказ, церпячы, не пагражаў, а перадаў [суд] Таму, Хто судзіць справядліва.
Ён грахі нашыя Сам узьнёс Целам Сваім на дрэва, каб мы, адцураўшыся грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Ягонымі вы ацаліліся.
Ён грахі нашыя Сам узьнёс у целе Сваім на дрэва, каб мы, памёршы дзеля грахоў, жылі ў праведнасьці; ранамі Ягонымі вы аздароўленыя.
Бо вы былі як авечкі заблуджаныя без пастуха; але вярнуліся сёньня да Пастыра і Ахавальніка душ вашых.
Бо вы былі як авечкі, што заблукалі, але цяпер вярнуліся да Пастыра і Епіскапа душаў вашых.