1 Пятра 2 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
Дык вось, адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякае падступства і крывадушнасьць і зайздрасьць і ўсякае ліхаслоўе,
Дык, адклаўшы ўсялякую злосць, і ўсялякую хітрасць, і крывадушнасць, і зайздрасць, і ўсялякае ліхаслоўе,
быццам толькі што народжаныя немаўляты, палюбеце чыстае малако слова, каб ад яго ўзрасьлі вы дзеля выратаваньня;
як нованароджаныя немаўляткі прагніце неразведзенага слоўнага малака, каб на ім вы ўзгадаваліся для выратавання,
бо вы паспыталі, які Гасподзь добры.
калі вы паспыталі, што добры Госпад.
Прыступаючы да Яго, каменя жывога, людзьмі адкінутага, але Богам выбранага, каштоўнага,
Падыходзячы да Яго, жывога каменя, адкінутага людзьмі, але выбранага, каштоўнага ў Бога,
і самі, як жывыя камяні, будуйце зь сябе дом духоўны, сьвятарства сьвятое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, любасныя Богу празь Ісуса Хрыста.
вы і самі, як жывыя камяні, будуйце з сябе духоўны дом, святое святарства, каб прыносіць духоўныя ахвяры, прыемныя Богу, праз Ісуса Хрыста.
Бо сказана ў Пісаньні: «вось, я кладу ў Сыёне камень кутні выбраны, каштоўны; і хто веруе ў Яго, не пасаромеецца».
Бо сказана ў Пісанні: «Вось, Я кладу ў Сіёне камень краевугольны, выбраны, каштоўны, і хто веруе ў Яго, ні ў якім разе не будзе пасаромлены».
Дык вось Ён вам, вернікам, — каштоўнасьць, а тым, хто ня веруе, «камень, які адкінулі будаўнікі, але які зрабіўся галавою вугла», «камень спатыканьня і камень спакусы»,
Дык вам, вернікам, — каштоўнасць; а для бязвернікаў — «Камень, які адкінулі будаўнікі, — ён зрабіўся галавою вугла»,
на якім яны спатыкаюцца, не ўпакорваючыся слову, дзеля чаго яны і пакінуты.
і «Камень спатыкання і скала спакусы». Яны спатыкаюцца, не пакорлівыя слову, дзеля чаго і прызначаны.
Але вы — род выбраны, царскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі набытыя, каб абвяшчаць дасканаласьць Таго, Хто выклікаў вас зь цемры ў цудоўнае Сваё сьвятло;
Але вы — выбраны род, царскае святарства, святое племя, народ, узяты ва ўдзел, каб абвяшчаць дасканаласці Таго, Хто заклікаў вас з цемры ў Сваё дзівоснае святло, —
колісь не народ, а сёньня народ Божы; колісь непамілаваныя, а сёньня памілаваныя.
якія некалі не народ, цяпер жа народ Божы, некалі непамілаваныя, цяпер жа памілаваныя.
Любасныя, прашу вас! як прышэльцаў і вандроўнікаў, пазьбягаць цялесных пахацінстваў, што паўстаюць супроць душы,
Улюбёныя, прашу вас як вандроўнікаў і прышэльцаў устрымлівацца ад пажадлівасцяў цела, што змагаюцца супроць душы;
і жыць дабрадзейна сярод язычнікаў, каб яны за тое, за што клянуць вас, як ліхадзеяў, пабачыўшы добрыя дзеі вашыя, уславілі Бога ў дзень адведзінаў.
няхай вашы паводзіны між язычнікаў будуць ўзорнымі, каб яны за тое, што абгаворваюць вас, як злачынцаў, бачачы [вашы] добрыя ўчынкі, уславілі Бога ў дзень Яго наведання.
Дык вось, упакорвайцеся ўсякаму людзкому начальству, дзеля Госпада: хай тое цару, як найвышэйшай уладзе,
[Дык] падпарадкуйцеся кожнаму чалавечаму ўладкаванню дзеля Госпада: ці цару, як вярхоўнай уладзе,
хай тое намесьнікам, як ад яго пасыланым на пакараньне злачынцаў і на заахвочваньне дабрачынцаў, —
ці намеснікам, як ад яго пасыланым дзеля пакарання злачынцаў і дзеля пахвалы дабрачынцаў;
бо такая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, замыкалі вусны невуцтву неразумных людзей, —
бо такая Божая воля, каб дабрачынцы прымушалі маўчаць невуцтва неразумных людзей,
як вольныя, а ня як тыя, што карыстаюцца воляю, каб прыхаваць зло, а як рабы Божыя.
як свабодныя, а не як тыя, што маюць свабоду на прыкрыццё ліхога, але як рабы Божыя.
Усіх шануйце, братэрства любеце, Бога бойцеся, цара паважайце.
Усіх шануйце, любіце братэрства, бойцеся Бога, шануйце цара.
Слугі, — з поўным страхам скарайцеся гаспадарам, ня толькі добрым і лагодным, але і суровым.
Слугі, падпарадкуйцеся з усім страхам гаспадарам, нетолькі добрым і лагодным, але і нясправядлівым.
Бо гэта спадобнае Богу, калі хто па сумленьні перад Богам, церпіць нягоды, пакутуючы несправядліва.
Бо гэта ласка [ў Бога], калі хто праз усведамленне Бога пераносіць пакуты, церпячы несправядліва.
Бо якая хвала, што вы церпіце, калі вас б’юць за правіны? А калі, робячы дабро і пакутуючы, церпіце, гэта даспадобы Богу,
Бо якая вам слава, калі вы церпіце, як вас б’юць за правіны? Але калі вы церпіце, творачы дабро і пакутуючы, то гэта ласка ў Бога.
Бо вы на тое пакліканы; бо і Хрыстос пацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі сьлядамі Ягонымі:
Бо да гэтага вы былі закліканы, таму што і Хрыстос пакутаваў за вас3, пакідаючы вам4 узор, каб вы пайшлі Яго слядамі.
«Ня ўчыніў Ён ніякага грэху, і ня было падступства ў вуснах Ягоных»;
Той, Хто не ўчыніў граху і не было знойдзена падступства ў Яго вуснах,
і калі Яго ліхасловілі, Ён не ліхасловіў наўзаем: пакутуючы, не пагражаў; а аддаваў гэта Судзьдзі Справядліваму;
Хто, калі Яго лаялі, не адказваў лаянкаю; пакутуючы, не пагражаў, а перадаваў Таму, Хто судзіць справядліва;
Ён грахі нашыя Сам узьнёс Целам Сваім на дрэва, каб мы, адцураўшыся грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Ягонымі вы ацаліліся.
Хто Сам узнёс нашы грахі ў Сваім целе на дрэва, каб мы, пазбавіўшыся ад грахоў, жылі для праведнасці; Яго ранамі вы былі вылечаны.
Бо вы былі як авечкі заблуджаныя без пастуха; але вярнуліся сёньня да Пастыра і Ахавальніка душ вашых.
Бо вы былі як авечкі заблуканыя, але вярнуліся цяпер да Пастыра і Апекуна вашых душ.