Да Габрэяў 1 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Бог, Які шмат разоў і ўсякімі спосабамі гаварыў зьвеку да бацькоў нашых праз прарокаў,
 
Бог, Які шматразова і многімі спосабамі прамаўляў у старажытнасці бацькам у прароках,

у апошнія дні гэтыя гаварыў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, празь Якога і вякі стварыў.
 
у гэтыя апошнія дні прамовіў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога Ён і стварыў вякі;

Гэты, будучы водбліскам славы Ягонай і вобразам істоты Ягонай і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, зьдзейсьніўшы Сабою ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышыні,
 
Які, будучы выпраменьваннем славы і ўзорам Яго сутнасці і несучы ўсё словам Сваёй сілы, здзейсніўшы [Сабою] ачышчэнне [нашых] грахоў, сеў праваруч Велічы на вышыні,

будучы настолькі дасканалейшым за анёлаў, наколькі слаўнейшае перад імі ўспадкаваў Імя.
 
стаўшы настолькі лепшым за Анёлаў, наколькі слаўнейшае за іх атрымаў у спадчыну Імя.

Бо калі і каму з анёлаў сказаў Бог: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»?
 
Бо каму з Анёлаў Бог калі-небудзь сказаў: «Ты Мой Сын, Я сёння нарадзіў Цябе»? — І яшчэ: «Я буду Яму Бацькам, і Ён будзе Мне Сынам»?

Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: «Няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя».
 
І калі Ён зноў уводзіць Першароднага ў населеную зямлю, Ён кажа: «І няхай паклоняцца Яму ўсе Анёлы Божыя».

Пра анёлаў сказана: «Ты творыш анёламі Сваімі духаў і слугамі Сваімі палымяны вагонь».
 
І што да Анёлаў Ён кажа: «Сваіх Анёлаў творыць вятрамі і Сваіх слугаў полымем агню».

А пра Сына: «трон Твой, Божа, у век веку; жазло валадараньня Твайго — жазло праўды.
 
а пра Сына: «Твой трон, Божа, — па век вякоў, і жазло праўды — жазло Твайго царства.

Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў беззаконьне; таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш за саўдзельнікаў Тваіх»;
 
Ты палюбіў праведнасць і ўзненавідзеў беззаконне; таму Бог, Твой Бог, памазаў Цябе алеем радасці болей за Тваіх таварышаў».

І: «у пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы — дзеля рук Тваіх;
 
І «Ты на пачатку, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы — работа Тваіх рук:

яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе састарацца, нібы рыза,
 
яны згінуць, а Ты застанешся, і ўсе яны, як вопратка, састарэюць.

і як вопратку згорнеш іх, і зьменяцца; але Ты той самы і гады Твае ня скончацца».
 
І, нібыплашч, Ты скруціш іх, і як адзенне1, яны будуць пераменены; але Ты — той самы, і Твае гады не скончацца».

Каму калі з анёлаў сказаў Бог: «сядзі праваруч Мяне пакуль пакладу Тваіх ворагаў падножжам нагам Тваім»?
 
А каму з Анёлаў Ён калі-небудзь сказаў: «Сядзь праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў у падножжа Тваіх ног»?

Ці ж ня ўсе яны службовыя духі, пасыланыя на служэньне тым, якія маюць успадкаваць збавеньне?
 
Ці не ўсе яны службовыя духі, якія пасылаюцца на падмогу тым, каму належыць атрымаць у спадчыну выратаванне.