Да Габрэяў 2 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Таму мы павінны быць асабліва ўважлівыя да чутага, каб не адпасьці,
 
Таму мы павінны асабліва прытрымлівацца пачутага, каб не аднясло нас плынню.

бо, калі праз анёлаў абвешчанае слова было цьвёрдае, і ўсякі пярэступ і непаслухмянасьць мелі справядлівую адплату,
 
Бо калі слова, сказанае праз Анёлаў, было трывалым, а ўсялякае злачынства і непаслухмянасць атрымала справядлівую адплату,

дык як мы ўнікнем, занядбаўшы такое вялікае выратаваньне, якое, спачатку абвешчанае Госпадам, было ў нас умацавана тымі, якія чулі ад Яго,
 
то як мы пазбегнем, занядбаўшы гэтакае вялікае выратаванне, якое, атрымаўшы пачатак у тым, што было прапаведана Госпадам, было ўмацавана ў нас тымі, хто пачуў Яго,

што Бог і засьведчыў азнакамі і цудамі, і рознымі сіламі, і дарамі Духа Сьвятога па волі Ягонай?
 
пры тым, што Бог засведчыў і знакамі, і цудамі, і рознымі сіламі, і дарамі Святога Духа, раздаванымі паводле Яго волі?

Бо не анёлам Бог упакорыў будучы сьвет, пра які гаворым;
 
Бо не Анёлам Ён падпарадкаваў будучую населеную зямлю, пра якую мы кажам.

наадварот, нехта недзе засьведчыў, кажучы: «што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш яго? альбо сын чалавечы, што Ты наведваеш яго?
 
Але нехта недзе засведчыў, кажучы: «Што ёсць чалавек, што Ты памятаеш яго, альбо сын чалавечы, што Ты клапоцішся пра яго?

Ня дужа Ты ўнізіў яго перад анёламі; славаю й гонарам увянчаў яго, і паставіў яго над дзеямі рук Тваіх;
 
Ты ненадоўга прынізіў яго перад Анёламі, славаю і гонарам увянчаў яго [і паставіў яго над работаю Тваіх рук],

усё пакарыў пад ногі ягоныя». Калі ж пакарыў яму ўсё, дык не пакінуў нічога непакорным яму. Цяпер жа яшчэ ня бачым, каб яму ўсё было ўпакорана;
 
усё падпарадкаваў пад яго ногі». Бо калі падпарадкаваў яму ўсё, Ён нічога не пакінуў непадпарадкаванага яму. Але цяпер мы яшчэ не бачым, каб яму ўсё было падпарадкавана.

але бачым, што за перанясеньне сьмерці ўвянчаны славаю і гонарам Ісус, Які крыху быў прыніжаны перад анёламі, каб Яму, па мілаце Божай, зьведаць сьмерць за ўсіх.
 
Але бачым Ісуса, ненадоўга прыніжанага перад Анёламі з-за таго, што Ён перацярпеў смерць, увенчанага славаю і гонарам, каб з ласкі Божай Ён спазнаў смерць за кожнага.

Бо належала, каб Той, дзеля Каго ўсё і праз Каго ўсё, многіх сыноў вядучы да славы, Пачынальніка выратаваньня іх зрабіў празь цярпеньні.
 
Бо належала Яму, для Якога — усё, і праз Якога — усё, прыводзячы многіх сыноў у славу, зрабіць Пачынальніка іх выратавання дасканалым праз пакуты.

Бо, і Той, Хто асьвячае, і каго асьвячаюць, усе — ад Адзінага; таму ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:
 
Бо Той, Хто асвячае, і тыя, каго асвячаюць, — усе ад Аднаго; з гэтай прычыны Ён не саромеецца называць іх братамі,

«абвяшчу Тваё імя братам Маім, сярод царквы апяю Цябе».
 
кажучы: «Я абвяшчу Тваё імя Маім братам; сярод царквы буду ўслаўляць Цябе».

І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І яшчэ: «вось, Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».
 
І яшчэ: «Я буду ўпэўнены ў Ім». І яшчэ: «Вось Я і дзеці, якіх Мне даў Бог».

А як дзеці былі ўдзельнікамі цела і крыві, дык Ён таксама прыняў іх, каб сьмерцю пазбавіць сілы таго, хто меў уладу сьмерці, гэта значыцца — д’ябла,
 
Таму, як дзеці далучаны да крыві і цела, то Ён і Сам такім жа чынам прычасціўся таго ж, каб смерцю пазбавіць сілы таго, хто мае ўладу смерці, гэта значыць д’ябла,

і выратаваць тых, якія ад страху сьмерці праз усё жыцьцё былі ў рабстве.
 
і вызваліць усіх тых, якія з-за страху смерці былі праз усё жыццё падданы рабству.

Бо не ад анёлаў прыме Ён, а прыме семя Абрагамавае.
 
Бо, вядома, Ён не пра Анёлаў клапоціцца, а клапоціцца пра нашчадкаў Аўраамавых.

Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб быць міласэрным і верным Першасьвятаром прад Богам на ўмілажальваньне за грахі народу.
 
Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да Сваіх братоў, каб стаць літасцівым і адданым Першасвятаром на службе перад Богам дзеля выкупу грахоў народа.

Бо, як сам Ён перацярпеў, быў спакушаны, дык можа памагчы і тым, каго спакушаюць.
 
Бо як Сам перацярпеў, будучы выпрабаваны, так Ён можа дапамагчы тым, каго выпрабоўваюць.