Да Габрэяў 2 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Таму мы павінны быць асабліва ўважлівыя да чутага, каб не адпасьці,
Таму мы павінны пільна зважаць на пачутае, каб выпадкам не заблукаць.
бо, калі праз анёлаў абвешчанае слова было цьвёрдае, і ўсякі пярэступ і непаслухмянасьць мелі справядлівую адплату,
Бо калі слова, сказанае анёламі, было моцным, і кожнае злачынства і непаслухмянасць атрымала законную адплату,
дык як мы ўнікнем, занядбаўшы такое вялікае выратаваньне, якое, спачатку абвешчанае Госпадам, было ў нас умацавана тымі, якія чулі ад Яго,
то і мы не ўратуемся, калі занядбаем такое вялікае збаўленне. Напачатку яно было абвешчана Панам і ўмацаванае сярод нас тымі, хто яго пачуў.
што Бог і засьведчыў азнакамі і цудамі, і рознымі сіламі, і дарамі Духа Сьвятога па волі Ягонай?
А Бог адначасова засведчыў пра яго знакамі і цудамі, і разнастайнымі моцамі і дарамі Духа Святога паводле Яго волі.
Бо не анёлам Бог упакорыў будучы сьвет, пра які гаворым;
Не анёлам Бог падпарадкаваў будучы свет, пра які мы кажам.
наадварот, нехта недзе засьведчыў, кажучы: «што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш яго? альбо сын чалавечы, што Ты наведваеш яго?
Наадварот, хтосьці засведчыў дзесьці, кажучы: «Чым ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты клапоцішся аб ім?
Ня дужа Ты ўнізіў яго перад анёламі; славаю й гонарам увянчаў яго, і паставіў яго над дзеямі рук Тваіх;
Ты ўчыніў яго мала меншым ад анёлаў; славаю і пашанай увянчаў яго,
усё пакарыў пад ногі ягоныя». Калі ж пакарыў яму ўсё, дык не пакінуў нічога непакорным яму. Цяпер жа яшчэ ня бачым, каб яму ўсё было ўпакорана;
усё паклаў пад ягоныя ногі». Калі ж падпарадкаваў яму ўсё, то не пакінуў нічога непадпарадкаваным яму. Цяпер мы яшчэ не бачым, каб усё было падпарадкавана яму,
але бачым, што за перанясеньне сьмерці ўвянчаны славаю і гонарам Ісус, Які крыху быў прыніжаны перад анёламі, каб Яму, па мілаце Божай, зьведаць сьмерць за ўсіх.
але мы бачым Езуса, які быў мала меншым ад анёлаў, увенчаны славаю і пашанаю, бо спазнаў смерць, каб з ласкі Божай за ўсіх пакаштаваць смерці.
Бо належала, каб Той, дзеля Каго ўсё і праз Каго ўсё, многіх сыноў вядучы да славы, Пачынальніка выратаваньня іх зрабіў празь цярпеньні.
Бо належала, каб той, дзеля якога ўсё і праз якога ўсё, які прывёў да славы многіх сыноў, учыніў дасканалым праз цярпенні правадыра збаўлення іхняга.
Бо, і Той, Хто асьвячае, і каго асьвячаюць, усе — ад Адзінага; таму ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:
Бо і той, хто асвячае, і тыя, каго асвячаюць, — усе ад Адзінага. Таму Ён не саромеецца называць іх братамі,
«абвяшчу Тваё імя братам Маім, сярод царквы апяю Цябе».
кажучы: «Абвяшчу імя Тваё братам маім, сярод сходу праслаўлю Цябе»,
І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І яшчэ: «вось, Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».
І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І зноў: «Вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».
А як дзеці былі ўдзельнікамі цела і крыві, дык Ён таксама прыняў іх, каб сьмерцю пазбавіць сілы таго, хто меў уладу сьмерці, гэта значыцца — д’ябла,
Паколькі дзеці маюць удзел у целе і крыві, таму ў іх падобным чынам прыняў удзел таксама Езус, каб праз смерць нізрынуць таго, хто мае ўладу над смерцю, гэта значыць, д’ябла,
і выратаваць тых, якія ад страху сьмерці праз усё жыцьцё былі ў рабстве.
каб збавіць тых, хто ўсё жыццё быў зняволены страхам перад смерцю.
Бо не ад анёлаў прыме Ён, а прыме семя Абрагамавае.
Бо, сапраўды, Ён дапамагае не анёлам, а патомству Абрагама.
Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб быць міласэрным і верным Першасьвятаром прад Богам на ўмілажальваньне за грахі народу.
Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб стаць міласэрным і верным першасвятаром у справах Божых для ўміласціўлення за грахі народу.
Бо, як сам Ён перацярпеў, быў спакушаны, дык можа памагчы і тым, каго спакушаюць.
Бо, як Ён цярпеў, праходзячы праз выпрабаванні, так можа дапамагчы тым, каго выпрабоўваюць.