Да Габрэяў 10 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Закон, маючы цень будучых дабротаў, а не самы вобраз рэчаў, аднымі тымі самымі ахвярамі, якія кожны год стала прыносяцца, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць зь імі.
 
Закон мае цень будучых дабротаў, але не сам вобраз справаў. Таму адныя і тыя ж ахвяры, якія заўсёды прыносяцца штогод, ніколі не могуць зрабіць дасканалымі тых, хто з імі прыходзіць.

Інакш перасталі б прыносіць іх, бо ахвяравальнікі, ачышчаныя адзін раз, ня мелі б ужо ніякага ўсьведамленьня грахоў.
 
Бо ці не перасталі б яны прыносіць ахвяры, калі б тыя, хто здзяйсняе служэнне, раз ачысціўшыся, ужо не мелі б ніякага ўсведамлення грахоў.

Але ахвярамі штогод робіцца напамін пра грахі;
 
Але ў гэтых ахвярах — штогадовы напамін пра грахі,

бо немагчыма, каб кроў цялят і казлоў зьнішчала грахі.
 
бо немагчыма, каб кроў быкоў ды казлоў знішчала грахі.

Таму Хрыстос, уваходзячы ў сьвет, кажа: «ахвяры і прынашэньня Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне.
 
Хрыстус прыходзіць у свет і кажа: «Ахвяры і прынашэння Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне.

Усеспаленьні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе.
 
Усеспаленні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе.

Тады Я сказаў: вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, выканаць волю Тваю, Божа»;
 
Тады Я сказаў: Вось іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць волю Тваю, Божа».

сказаўшы раней, што ні ахвяр, ні прынашэньняў, ні ўсеспаленьняў, ні ахвяры за грэх, — якія прыносяцца паводле закона, — Ты не захацеў і не ўпадабаў,
 
Перад гэтым Ён сказаў: «Ахвяраў і прынашэнняў, і ўсеспаленняў, і ахвяраў за грэх Ты не захацеў і не ўпадабаў», хоць прыносяцца яны паводле Закону.

потым дадаў: «вось, іду выканаць волю тваю, Божа». Адмяняе першае, каб пастанавіць другое.
 
Пасля сказаў: «Вось іду, каб выканаць волю Тваю». Адмяняе першае, каб устанавіць другое.

Па гэтай вось волі асьвечаныя мы аднаразовым прынясеньнем Цела Ісуса Хрыста.
 
Паводле гэтай волі мы раз і назаўсёды асвячаныя ахвяраю цела Езуса Хрыста.

І кожны сьвятар штодзень стаіць у служэньні і шмат разоў прыносіць адны і тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьнішчыць грахоў.
 
Кожны святар штодня стаіць у служэнні і шмат разоў прыносіць адны і тыя ж ахвяры, якія ніколі не могуць знішчыць грахоў.

А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,
 
А Езус Хрыстус, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,

чакаючы потым, пакуль ворагі Ягоныя будуць пакладзены «падножжам ног Ягоных».
 
чакаючы таго часу, калі ворагі Ягоныя будуць пакладзены да падножжа ног Ягоных.

Бо Ён адным прынашэньнем назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, хто асьвячаецца.
 
Ён адной ахвярай назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, каго асвячаюць.

Пра гэта сьведчыць вам і Дух Сьвяты; бо сказана:
 
Пра гэта сведчыць нам і Дух Святы, бо сказана:

«вось запавет, які завяшчаю ім пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: увяду законы Мае ў сэрцы іхнія, і ў думках іхніх напішу іх,
 
«Вось запавет, які ўстанаўлю з імі пасля гэтых дзён, — кажа Пан, — і ўкладу законы Мае ў іхнія сэрцы, і запішу іх у розуме іхнім,

і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не ўзгадаю больш».
 
аграхоў і беззаконняў іх больш не ўспомню».

А дзе ёсьць дараваньне грахоў, там не патрэбнае прынашэньне за іх.
 
А дзе ёсць прабачэнне грахоў, там ужо няма ахвяры за іх.

І вось, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвяцілішча праз Кроў Ісуса Хрыста, шляхам новым і жывым,
 
Браты, маючы адвагу ўвайсці праз кроў Езуса ў Святое Месца новым і жывым шляхам,

які Ён зноў адкрыў нам праз заслону, гэта значыцца, праз плоць Сваю,
 
які Ён адкрыў нам праз заслону, гэта значыць, праз сваё цела;

і маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,
 
маючы вялікага святара над Божым домам,

прыступайма са шчырым сэрцам, з поўнаю вераю, крапленьнем ачысьціўшы сэрцы ад пахібнага сумленьня, і абмыўшы цела вадою чыстаю,
 
наблізімся са шчырым сэрцам і ў паўнаце веры, акрапіўшы сэрцы ад нячыстага сумлення і абмыўшы целы чыстаю вадою.

будзем трымацца вызнаньня надзеі непахісна, бо верны Той, Хто абяцаў;
 
Будзем непахісна трымацца вызнання надзеі, бо верны той, хто абяцаў.

будзем уважлівыя адно да аднаго, заахвочваючы ў любові і добрых учынках;
 
Будзем зважаць адзін на аднаго, каб заахвочваць да любові і добрых учынкаў.

ня будзем пакідаць сходу свайго, як гэта ў некаторых у звычаі; а будзем намаўляць адно аднаго, і тым болей, чым выразьней бачыце набліжэньне дня таго.
 
Не пакідайма нашага сходу, як стала звычаем некаторых, але будзем заахвочваць адзін аднаго, і тым больш, чым больш бачыце, як набліжаецца гэты дзень.

Бо, калі мы, атрымаўшы спазнаньне ісьціны, самахоць грэшым, дык не застаецца больш ахвяры за грахі,
 
Калі мы добраахвотна грашым, атрымаўшы пазнанне праўды, то ўжо больш не застаецца ахвяры за грахі,

а нейкае страшнае чаканьне суду і лютасьці вагню, гатовага зжэрці супраціўцаў.
 
але нейкае жахлівае чаканне суда і лютасці агню, які павінен паглынуць праціўнікаў.

Калі чалавек, які адкінуў закон Майсееў, пры двух і трох сьведках, безь мілажалю караецца сьмерцью,
 
Кожны, хто парушае Закон Майсея, падлягае смерці без літасці на падставе сведчання двух ці трох сведкаў.

дык наколькі ж цяжэйшае, думаеце, кары варты будзе той, хто топча Сына Божага і не ўважае за сьвятыню Кроў запавета, якою асьвечаны, і Духа мілаты абражае?
 
Падумайце, наколькі большага пакарання заслугоўваюць тыя, хто зняважыў Божага Сына і зганьбіў кроў запавету, якой быў асвячаны, і пагардзіў Духам ласкі?

Мы ведаем Таго, Хто сказаў: «у Мяне адпомста, Я аддам, кажа Гасподзь». І яшчэ: «Гасподзь будзе судзіць народ Свой».
 
Мы ж ведаем таго, хто сказаў: «Помста за Мною, Я адплачу». І далей: «Сам Пан будзе судзіць свой народ».

Страшна трапіць у рукі Бога жывога!
 
Жахлівая рэч — патрапіць у рукі жывога Бога.

Успомніце ранейшыя дні вашыя, калі вы, дасьведчаныя, вытрымалі вялікі подзьвіг пакутаў,
 
Узгадайце мінулыя дні, калі вы, будучы прасветленымі, вытрымалі цяжкія пакуты змагання.

то самі сярод глумленьня і зьдзекаў, служачы відовішчам іншым, то будучы супольнікамі тых, што гэта зазналі;
 
То вас выстаўлялі як відовішча на знявагі і ўціск, то вы станавіліся супольнікамі тых, з кім так абыходзіліся.

бо вы і маім кайданам спагадалі, і рабунак маёмасьці вашай прымалі з радасьцю, ведаючы, што ёсьць у вас на нябёсах маёмасьць лепшая і непрамінушчая.
 
Бо вы суперажывалі з тымі, хто ў кайданах, і з радасцю ўспрымалі рабаванне вашай маёмасці, ведаючы, што ёсць у вас лепшая і трывалая маёмасць.

Дык не пакідайце спадзяваньня вашага, якое мае атрымаць вялікую аддзяку.
 
Дык не пакідайце вашай адвагі, якая мае вялікую ўзнагароду.

Цярплівасьць патрэбна вам, каб, выканаўшы волю Божую, атрымаць абяцанае;
 
А цярплівасць патрэбна вам, каб, выконваючы волю Божую, вы атрымалі абяцанае.

«яшчэ крыху, зусім крыху, і Той, Хто мае прыйсьці, прыйдзе і не забавіцца.
 
Таму што яшчэ крыху, і з’явіцца той, хто павінен прыйсці, і не спозніцца.

Праведны вераю жыць будзе; а калі хто завагаецца, ня хінецца да таго душа Мая».
 
Амой справядлівы будзе жыць дзякуючы веры, і, калі адступіцца, не ўпадабае яго мая душа.

А мы ня з тых, што вагаюцца на пагібель, а стаім у веры на ратунак душы.
 
Але мы не належым да тых, хто адступаецца сабе на згубу, але да тых, хто верыць, каб атрымаць жыццё.