Да Габрэяў 7 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Бо Мелхісэдэк, цар Саліма, сьвятар Бога Ўсявышняга, — той, які сустрэў Абрагама і дабраславіў яго, калі гэты вяртаўся пасьля паражэньня цароў,
 
Мэльхізэдэк, кароль Салема, святар Найвышэйшага Бога, выйшаў насустрач Абрагаму, які вяртаўся пасля паразы каралёў, і благаславіў яго.

якому і дзесяціну выдзеліў Абрагам з усяго, — па-першае, згодна са значэньнем імя — цар праўды, а потым і цар Саліма, што азначае — цар сьвету,
 
Абрагам удзяліў яму дзесяціну з усяго. Імя ж ягонае азначае перш за ўсё «кароль справядлівасці», а потым — «кароль Салема», што значыць «кароль спакою».

бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, ня маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, прыпадобнены да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды.
 
Без бацькі, без маці, без радаводу, не маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцця, але прыпадобнены да Сына Божага, ён застаецца святаром назаўсёды.

Бачыце, які вялікі той, каму і Абрагам-патрыярх даў дзесяціну з найлепшых здабыткаў сваіх.
 
Падумайце, які вялікі той, каму патрыярх Абрагам даваў дзесяціну з першага плёну.

Тыя з сыноў Левііных, што прымаюць сьвятарства, маюць запаведзь — браць па законе дзесяціну з народу, гэта значыць, са сваіх братоў, хоць і гэтыя паходзяць са сьцёгнаў Абрагамавых.
 
І тыя сыны Левія, якія атрымліваюць святарства, маюць наказ збіраць дзесяціну з народу паводле Закону, гэта значыць са сваіх братоў, хоць яны таксама нашчадкі Абрагама.

Але гэты, які не паходзіць з роду іхняга, узяў дзесяціну з Абрагама і дабраславіў таго, хто меў абяцаньні.
 
А той, хто не паходзіў з іх роду, атрымаў дзесяціну ад Абрагама і благаславіў таго, хто меў абяцанне.

Бяз усякага супраціву меншага дабраслаўляе большы.
 
Без ніякіх спрэчак, меншы атрымлівае благаслаўленне ад таго, хто больш значны.

І тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротныя, а там той, хто мае пра сябе сьведчаньне, што ён жыве.
 
Тут таксама бяруць дзесяціну людзі, якія паміраюць, а там — той, чыё жыццё засведчана.

І, можна сказаць, сам Левій, які бярэ дзесяціну, у асобе Абрагама даў дзесяціну:
 
І калі можна так сказаць, праз Абрагама і Левій, які збірае дзесяціну, сам даў дзесяціну,

бо ён быў яшчэ ў сьцёгнах у бацькі, калі Мелхісэдэк спаткаў яго.
 
паколькі ён быў яшчэ ў бацькоўскіх сцёгнах, калі яму насустрач выйшаў Мэльхізэдэк.

І вось, калі б дасканаласьць дасягалася празь лявіцкае сьвятарства, — бо зь ім спалучаны закон народу, — дык якая яшчэ была б патрэба зьяўляцца іншаму сьвятару па чыне Мелхісэдэка, а не па чыне Абрагамавым звацца?
 
Калі б дасканаласці ўдалося дасягнуць праз левіцкае святарства (бо народ праз іх атрымаў Закон), ці была б патрэба ўстанаўліваць яшчэ аднаго святарана ўзор Мэльхізэдэка, а не на ўзор Аарона?

Бо зь пераменаю сьвятарства павінен перамяніцца і закон,
 
Бо разам са зменай святарства неабходна правесці і змену Закону.

бо Той, пра Якога гаворыцца гэта, належаў да іншага роду, зь якога ніхто ня служыў каля ахвярніка;
 
Той жа, пра каго гаворыцца, належаў да іншага пакалення, з якога ніхто не служыў алтару.

бо вядома, што Гасподзь наш зазьзяў з роду Юдавага, пра які Майсей нічога не сказаў адносна сьвятарства.
 
Вядома, што наш Пан выйшаў з пакалення Юды, а Майсей нічога не згадваў наконт святароў з гэтага пакалення.

І гэта яшчэ ясьней відаць з таго, калі ў падабенстве Мелхісэдэкавым паўстае сьвятар іншы,
 
Гэта яшчэ больш відавочна, калі на падабенства Мэльхізэдэка паўстае іншы святар,

які стаўся такім не паводле закона запаведзі цялеснай, а з моцы жыцьця няспыннага.
 
які з’явіўся не паводле закону цялеснага наказу, але паводле моцы незнішчальнага жыцця.

Бо засьведчана: «Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка».
 
Бо засведчана пра Яго: «Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка».

А скасаваньне ранейшай запаведзі бывае з прычыны яе нямоцнасьці і непатрэбнасьці,
 
Таму папярэдняя запаведзь скасоўваецца з прычыны яе слабасці ці бескарыснасці.

бо закон нічога не давёў да дасканаласьці; але ўводзіцца лепшая надзея, празь якую мы набліжаемся да Бога.
 
Закон нічога не зрабіў дасканалым, але даў лепшую надзею, праз якую мы набліжаемся да Бога.

А як гэта было не бяз прысягі, —
 
Наколькі гэта было пацверджана клятвай, таму што іншыя станавіліся святарамі без клятвы,

бо тыя былі сьвятарамі бяз прысягі, а Гэты з прысягаю, бо пра яго сказана: «прысягаўся Гасподзь і не раскаецца: Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка»,
 
а Ён з клятваю, бо пра Яго сказана: «Пакляўся Пан і не будзе шкадаваць: Ты святар навекі»,

дык і лепшага запавету заручнікам стаўся Ісус.
 
настолькі Езус стаў зарукай лепшага запавету.

Прытым тых сьвятароў было многа, бо сьмерць не дапускала быць аднаму;
 
Паколькі смерць не дазваляла ім трываць, шмат было тых, хто станавіўся святаром.

а Гэты, як што жыве вечна, мае і сьвятарства непрамінушчае,
 
Але гэты, паколькі трывае вечна, мае непрамінальнае святарства.

таму і можа заўсёды ратаваць тых, якія прыходзяць празь Яго да Бога, Які заўсёды жывы, каб хадайнічаць за іх.
 
Таму і можа Ён ва ўсе часы збаўляць тых, хто прыходзіць праз Яго да Бога, будучы заўсёды жывым, каб заступацца за іх.

Такі і павінен быць у нас Першасьвятар: сьвяты, несаўдзельны злу, беззаганны, далёкі ад грэшнікаў і ўзьнесены вышэй за нябёсы,
 
Такі і павінен быць у нас першасвятар: святы, нявінны, беззаганны, адлучаны ад грэшнікаў і ўзнесены вышэй за нябёсы.

Які ня мае патрэбы, як тыя першасьвятары, штодня прыносіць ахвяры сьпярша за свае грахі, а потым за грахі народу; бо Ён гэта зрабіў аднаго разу, ахвяраваўшы Самім Сабою.
 
Ён не мае патрэбы, як тыя першасвятары, прыносіць штодня ахвяры спачатку за свае грахі, а потым за грахі народу. Ён зрабіў гэта раз назаўсёды, ахвяраваўшы самога сябе.

Бо закон устаноўлівае першасьвятарамі людзей немачных; а слова прысяжнае, пасьля закона, паставіла Сына, навек дасканалага.
 
Бо Закон устанаўлівае першасвятарамі людзей, якія маюць слабасць, а слова клятвы, дадзенай пасля Закону, устанаўлівае Сына, дасканалага навекі.