Да Габрэяў 7 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Бо Мелхісэдэк, цар Саліма, сьвятар Бога Ўсявышняга, — той, які сустрэў Абрагама і дабраславіў яго, калі гэты вяртаўся пасьля паражэньня цароў,
Бо гэты Мельхісэдэк, кароль Саліму, сьвятар найвышшага Бога, тый, што вышаў наўпярэймы Абрагаму, каторы зварачаўся ад паразы каралёў, і дабраславіў яго,
якому і дзесяціну выдзеліў Абрагам з усяго, — па-першае, згодна са значэньнем імя — цар праўды, а потым і цар Саліма, што азначае — цар сьвету,
Катораму Абрагам запраўды й дзясятую дзель даў з усяго, каторы найперш выкладаецца «кароль справядлівасьці», адлі й «кароль Саліму», значыцца, «кароль супакою»,
бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, ня маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, прыпадобнены да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды.
Без айца, бяз маці, без радаводу, ані пачатку дзён, ані канца жыцьця ня маючы, але ўпадобнены да Сына Божага, застаецца сьвятаром на векі.
Бачыце, які вялікі той, каму і Абрагам-патрыярх даў дзесяціну з найлепшых здабыткаў сваіх.
Гляньце ж, які вялікі тый, катораму патрыярха Абрагам даў дзесяціну з усяго здабытку.
Тыя з сыноў Левііных, што прымаюць сьвятарства, маюць запаведзь — браць па законе дзесяціну з народу, гэта значыць, са сваіх братоў, хоць і гэтыя паходзяць са сьцёгнаў Абрагамавых.
І тыя запраўды із сыноў Левавых, што адзержуюць сьвятарства, маюць расказаньне — браць з права дзесяціну зь люду, значыцца з братоў сваіх, хоць гэтыя пайшлі ізь сьцёгнаў Абрагамовых.
Але гэты, які не паходзіць з роду іхняга, узяў дзесяціну з Абрагама і дабраславіў таго, хто меў абяцаньні.
Але гэны, што не паходзе з роду іхнага, узяў дзесяціну ад Абрагама і дабраславіў таго, каторы меў абятніцы.
Бяз усякага супраціву меншага дабраслаўляе большы.
бязь ніякага перачэньня меншага дабраславе вышшы.
І тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротныя, а там той, хто мае пра сябе сьведчаньне, што ён жыве.
І тут, з аднаго боку, дзесяціну адзержуюць людзі сьмяротныя; а там, праз каторага ё сьветчаньне, што ён жывець.
І, можна сказаць, сам Левій, які бярэ дзесяціну, у асобе Абрагама даў дзесяціну:
І, казаў тый, таксама Леў, што адзержуе дзесяціны, пераз Абрагама дзесяціну даў:
бо ён быў яшчэ ў сьцёгнах у бацькі, калі Мелхісэдэк спаткаў яго.
Бо ён быў яшчэ ў сьцёгнах айца свайго, як Мельхісэдэк пераняў яго.
І вось, калі б дасканаласьць дасягалася празь лявіцкае сьвятарства, — бо зь ім спалучаны закон народу, — дык якая яшчэ была б патрэба зьяўляцца іншаму сьвятару па чыне Мелхісэдэка, а не па чыне Абрагамавым звацца?
Дык, калі б запраўды дасканальнасьць была перазь сьвятарства Левіцкае (бо зь ім зьвязаны даны люду Закон іхны), што за патрэба была б паўставаць іншаму сьвятару подле парадку Мельхісэдэкавага, а не менавацца подле парадку Ааронавага?
Бо зь пераменаю сьвятарства павінен перамяніцца і закон,
Бо калі мяняецца сьвятарства, канечне мяняецца й Закон.
бо Той, пра Якога гаворыцца гэта, належаў да іншага роду, зь якога ніхто ня служыў каля ахвярніка;
Бо Тый, праз Каторага кажацца гэта, належа да іншага плямені, з каторага ніхто ня прыступіў да службы ля аброчніка;
бо вядома, што Гасподзь наш зазьзяў з роду Юдавага, пра які Майсей нічога не сказаў адносна сьвятарства.
Бо яўна, што Спадар наш пайшоў зь Юды, праз каторага плямя Масей нічога не сказаў узглядам сьвятарства.
І гэта яшчэ ясьней відаць з таго, калі ў падабенстве Мелхісэдэкавым паўстае сьвятар іншы,
І гэта яшчэ яўней, што паўстаець сьвятар іншы, подле парадку Мельхісэдэкавага,
які стаўся такім не паводле закона запаведзі цялеснай, а з моцы жыцьця няспыннага.
Каторы ўстаноўлены ня подле закону расказаньня цялеснага, але подле магутнасьці жыцьця нераспушчальнага.
Бо засьведчана: «Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка».
Бо пасьветчана: «Ты сьвятар на векі подле парадку Мельхісэдэкавага».
А скасаваньне ранейшай запаведзі бывае з прычыны яе нямоцнасьці і непатрэбнасьці,
Бо скасаваньне пярэдняга расказаньня бывае з прычыны яго слабасьці а бескарыснасьці,
бо закон нічога не давёў да дасканаласьці; але ўводзіцца лепшая надзея, празь якую мы набліжаемся да Бога.
Бо Закон нічога ня прывёў да дасканальнасьці, але ўведзена лепшая надзея, каторай бліжымся да Бога.
А як гэта было не бяз прысягі, —
І паколькі гэта было не бяз прысягі,
бо тыя былі сьвятарамі бяз прысягі, а Гэты з прысягаю, бо пра яго сказана: «прысягаўся Гасподзь і не раскаецца: Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка»,
(Бо тыя сталі сьвятарамі бяз прысягі, а Гэты з прысягаю Таго, Хто сказаў празь Яго: «Прысягаў Спадар і ня будзе каяцца: "Ты сьвятар навекі подле парадку Мельхісэдэкавага"»),
дык і лепшага запавету заручнікам стаўся Ісус.
Патолькі Ісус стаў паручнікам лепшае ўмовы.
Прытым тых сьвятароў было многа, бо сьмерць не дапускала быць аднаму;
Ды тых сьвятароў было шмат, бо сьмерць перакажала трываць ім;
а Гэты, як што жыве вечна, мае і сьвятарства непрамінушчае,
А Гэты мае сьвятарства нямінаючае, бо застаецца на векі;
таму і можа заўсёды ратаваць тых, якія прыходзяць празь Яго да Бога, Які заўсёды жывы, каб хадайнічаць за іх.
Затым і запраўды можа супоўна спасаць тых, што бліжацца перазь Яго да Бога, будучы заўсёды жывы, каб прычыняцца за іх.
Такі і павінен быць у нас Першасьвятар: сьвяты, несаўдзельны злу, беззаганны, далёкі ад грэшнікаў і ўзьнесены вышэй за нябёсы,
Бо такі найвышшы сьвятар годзіцца нам: сьвяты, нявінны, беззаганны, аддзелены ад грэшнікаў і сталы над нябёсы,
Які ня мае патрэбы, як тыя першасьвятары, штодня прыносіць ахвяры сьпярша за свае грахі, а потым за грахі народу; бо Ён гэта зрабіў аднаго разу, ахвяраваўшы Самім Сабою.
Каторы ня мае патрэбы дзень у дзень, як тыя найвышшыя сьвятарове, абракаць аброкі сьпярша за грахі свае, потым за грахі люду; бо Ён зьдзеяў гэта за адзін раз, абрэкшы сябе Самога.
Бо закон устаноўлівае першасьвятарамі людзей немачных; а слова прысяжнае, пасьля закона, паставіла Сына, навек дасканалага.
Бо Закон станове за найвышшых сьвятароў людзёў, што маюць заганы, але Слова прысяглае, просьле Закону, пастанавіла Сына, на векі дасканальнага.