Да Габрэяў 4 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
А таму будзем асьцерагацца, каб, калі яшчэ застаецца абяцаньне ўвайсьці ў спачын Ягоны, ня сталася, што нехта з вас ужо спазьніўся.
Затым боймася, каб, як застаецца абятніца ўходу да супакою Ягонага, не спазьніўся ніхто з вас.
Бо і нам яно абвешчана, як і тым; але не дало ім карысьці слова чутае, не спалучанае зь вераю тых, якія чулі.
Бо запраўды мы мелі Евангелю, даную нам, аднолькава як яны; але не дало ім карысьці чутае, не рашчыненае вераю слухачых.
А ўваходзім у спачын мы, якія ўверавалі, як Ён і сказаў: «Я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой», хоць дзеі Ягоныя былі зьдзейсьнены яшчэ на пачатку сьвету.
Бо мы, каторыя ўверылі, увыйдзем да супакою, як Ён сказаў: «Як Я прысягаў у гневе Сваім: "Яны ня ўвыйдуць у супакой Мой"», хоць учынкі былі скончаны ад закладзінаў сьвету.
Бо дзесьці сказана пра сёмы дзень так: «і спачыў Бог у дзень сёмы ад усіх дзеяў Сваіх».
Бо нейдзе сказана празь сёмы гэтак: «І супачыў Бог сёмага дня ад усіх учынкаў Сваіх».
І яшчэ тут: «ня ўвойдуць у спачын Мой».
І ўзноў на тым месцу: «Ня ўвыйдуць у супакой Мой?»
І вось, як некаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, каму раней абвешчана, не ўвайшлі ў яго за непакорлівасьць,
Дык бачым, што некатрым застаецца ўвыйсьці ў яго, а тыя, што першыя чулі Дабравесьць, ня ўвыйшлі з прычыны непаслухменства.
дык яшчэ вызначае пэўны дзень, «сёньня», кажучы праз Давіда, пасьля такога доўгага часу, як вышэй сказана: «сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых».
І зноў прызначае якісь дзень, кажучы ў Давіда «Цяпер», па такім часе, як сказана вышэй: «Цяпер, як пачуеце голас Ягоны, не каляньце сэрцаў сваіх».
Бо калі б Ісус сын Нава даў ім спачын, дык ня было б сказана пасьля таго пра іншы дзень.
Бо, калі б Ісус Нунянок даў ім супакой, не казаў бы пасьлей празь іншы дзень.
Таму народу Божаму яшчэ застаецца субоцтва.
Значыцца, застаецца сыбоцтва люду Божаму.
Бо, хто ўвайшоў у спачын Ягоны, той і сам спачыў ад дзеяў сваіх, як і Бог ад Сваіх.
Бо хто ўвыйшоў у супакой Ягоны, тый таксама супачыў ад працаў сваіх, як Бог ад Сваіх.
Дык вось, пастараймася ўвайсьці ў спачын той, каб хто на той самы прыклад не падупаў непакорлівасьці.
Дык стараймася ўвыйсьці ў тый супакой, каб ніхто ня ўпаў подле прыкладу таго ў няслуханьне.
Бо слова Божае жывое і дзейснае і вастрэйшае за любы меч двусечны: яно пранікае да разьдзяленьня душы і духа, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы і намеры сардэчныя.
Бо слова Божае жывое а дзеючае, і астрэйшае за кажны абаротны меч, і праходзячае да падзелу душы й духа, суставаў і шпіку, і распазнаець думкі а замеры сэрца.
І няма стварэньня, схаванага ад Яго, а ўсё аголена і адкрыта прад вачыма Ягонымі: Яму дамо адказ.
І няма стварэньня, няяўнага Яму, але ўсе аголена а адкрыта перад ачыма Ягонымі: Яму здамо лічбу.
І вось, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса Сына Божага, будзем цьвёрда трымацца веравызнаньня нашага.
Дык, маючы вялікага найвышшага Сьвятара, што перайшоў нябёсы, Ісуса, Сына Божага, дзяржымася моцна вызнаньня.
Бо мы маем не такога Першасьвятара, Які ня мог бы спагадаць нам у немачах нашых, а Такога, Які, як і мы, дасьведчаны ва ўсім, акрамя грэху.
Бо мы маем не такога найвышшага сьвятара, што ня здольны быў бы спагадаць нам у няўздоленьнях нашых: Ён быў спакушаны ў вусім, будучы ў нашай падобнасьці, але бяз грэху.
Таму прыступайма з адвагаю да трона мілаты, каб атрымаць міласьць і здабыць мілату на своечасовую дапамогу.
Затым дабліжмася з адвагаю да пасаду ласкі, каб адзяржаць міласэрдзе і знайсьці ласку да паравое помачы.