Да Габрэяў 4 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

А таму будзем асьцерагацца, каб, калі яшчэ застаецца абяцаньне ўвайсьці ў спачын Ягоны, ня сталася, што нехта з вас ужо спазьніўся.
 
Восьжа сьцеражэмся, каб пакуль яшчэ трывае абяцанне ўвойсьця ў ягоны супачын, не аказаўся часам хто з вас яго пазбаўленым.

Бо і нам яно абвешчана, як і тым; але не дало ім карысьці слова чутае, не спалучанае зь вераю тых, якія чулі.
 
Бо як нам яно абвешчана, так і тым, але ім ня было карыснае слова чутае, бо не ўзгодненае зь вераю ўсіх слухаўшых.

А ўваходзім у спачын мы, якія ўверавалі, як Ён і сказаў: «Я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой», хоць дзеі Ягоныя былі зьдзейсьнены яшчэ на пачатку сьвету.
 
А мы, уверыўшые, зазнаем ягонага супакою, водле ім сказанага: «Як прырок я ў гневе маім: ня ўвойдуць у супачынак мой», хоць справы (яго) дакананы ад стварэння сьвету.

Бо дзесьці сказана пра сёмы дзень так: «і спачыў Бог у дзень сёмы ад усіх дзеяў Сваіх».
 
Гэтак бо сказана недзе аб сёмым дню: «І адпачыў Бог сёмага дня ад усіх дзел сваіх» (Быць. 2:2).

І яшчэ тут: «ня ўвойдуць у спачын Мой».
 
Ды зноў : «Яны ня ўвойдуць у спакой мой».

І вось, як некаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, каму раней абвешчана, не ўвайшлі ў яго за непакорлівасьць,
 
Дык, калі некатоырм астаецца ўвайсьці ў яго, а тые, каму перш дабравешчана, не ўвайшлі праз недаверства,

дык яшчэ вызначае пэўны дзень, «сёньня», кажучы праз Давіда, пасьля такога доўгага часу, як вышэй сказана: «сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых».
 
то зноў прызначае нейкі дзень «Сягоння», гаворачы праз Давіда пасьля так доўгага часаў, як было вышэй сказана: «Сёння, калі пачуеце голас яго, не цьвярдзейце сэрцамі вашымі...»

Бо калі б Ісус сын Нава даў ім спачын, дык ня было б сказана пасьля таго пра іншы дзень.
 
Бо якбы Ёзуэ гэтых увёў у супакой, дык пасьля ня былоб мовы пра іншы дзень.

Таму народу Божаму яшчэ застаецца субоцтва.
 
Дзеля гэтага застаўся для народу Божага адзін адпачынкавы дзень;

Бо, хто ўвайшоў у спачын Ягоны, той і сам спачыў ад дзеяў сваіх, як і Бог ад Сваіх.
 
хто сьвяткаваў яго, той і адпачываў ад дзел сваіх, як і Бог ад сваіх.

Дык вось, пастараймася ўвайсьці ў спачын той, каб хто на той самы прыклад не падупаў непакорлівасьці.
 
Спяшаймася восьжа ўвайсьці ў той супачынкавы спакой, каб хто не паддаўся таму прыкладу недаверства.

Бо слова Божае жывое і дзейснае і вастрэйшае за любы меч двусечны: яно пранікае да разьдзяленьня душы і духа, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы і намеры сардэчныя.
 
Бо слова Божае — жывое, дзейнае, вайстрэйшае за абасечбы меч: яно пранікае аж да разьдзелу душы і духа, мазгоў і суставаў ды судзіць думкі й лятуценні сэрца.

І няма стварэньня, схаванага ад Яго, а ўсё аголена і адкрыта прад вачыма Ягонымі: Яму дамо адказ.
 
Няма стварэння ад яго скрытага, ўсё абнажана й адкрыта вачам таго, каму здамо справаздачу.

І вось, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса Сына Божага, будзем цьвёрда трымацца веравызнаньня нашага.
 
Маючы, восьжа, Усесьвятара вялікага, Езуса, Сына Божага, неба прайшоўшага, трымаймася цьвёрда веравызнання.

Бо мы маем не такога Першасьвятара, Які ня мог бы спагадаць нам у немачах нашых, а Такога, Які, як і мы, дасьведчаны ва ўсім, акрамя грэху.
 
Бо маем Усесвятара не такога, што ня могбы спачуваць нашым слабасьцям, але такога, які нам падобна зазнаў у ва ўсім — прача граху, спакушэння.

Таму прыступайма з адвагаю да трона мілаты, каб атрымаць міласьць і здабыць мілату на своечасовую дапамогу.
 
Збліжэмся восьжа з даверам да трону ласкі, каб дастаць зьмілаванне ды знайсьці ласку сваечаснае помачы.