Да Габрэяў 12 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі,
 
Таму вось і мы, маючы навокал сябе гэткую хмару сьветкаў, скіньма з сябе ўсякі цяжар і грэх, што так лёгка нас абмотвае, ды сьпяшэм вытрывала на прызначаную нам арэну змагання.

гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.
 
І ўзіраймася на Езуса, галаву і дасканалючага завяршальніка веры, які маючы прад сабою радасьць, узяў крыж, ня гледзячы на зьняважлівую пагарду і засеў праваруч Божага пасаду.

Падумайце пра Таго, Хто перацерпеў такі над Сабою глум ад грэшнікаў, каб вам не зьнемагчы і не паслабіцца душамі вашымі.
 
Тож падумайце тады шчыра аб тым, каторы гэтулькі перацярпеў проці сябе дзікаварожых супраціваў ад грэшнікаў, каб не слабелі духам.

Вы яшчэ не да крыві змагаліся, адольваючы грэх,
 
Выж яшчэ не проціставіліся да крыві проці граху,

і забылі суцяшэньне, якое прапануецца вам, як сынам: «Сыне мой! не пагрэбуй караю Гасподняй і не маркоціся, калі Ён выкрывае цябе.
 
а (мо) забыліся аб пацяшанні вас, як сыноў: «Сыне мой, ня будзь абыякавым да напамінаў Госпадавых, ані не падай духам, як цябе карае,

Бо Гасподзь, каго любіць, таго і карае; а б’е кожнага сына, якога прымае».
 
Госпад бо таго карае, да каго міласьць мае, не шчадзіць удараў таму, каго за сына ўважае» (Прып. 3:11).

Калі вы прымаеце кару, дык Бог учыняе з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсьць які сын, якога б не караў бацька.
 
трывайце ў карнасьці. Бог зьвяртаецца да вас, як да сыноў, а дзеж ёсьць сын, якога б не караў бацька?

Калі ж застаяцеся без пакараньня, якое ўсім агульнае, дык вы — няпраўныя дзеці, а ня сыны.
 
Каліж астаецеся без дысцыпліны, выхаванкамі якое ёсьць усе, дык знача не зьяўляецеся сынамі, але дзецьмі няпраўнымі.

Прытым, калі мы, караныя цялеснымі бацькамі нашымі, баяліся іх, дык ці ж не намнога больш павінны скарыцца Айцу духаў, каб жыць?
 
А зрэштай, калі нашые цялесные айцы каралі нас, а шанавалі мы іх, дык ціж ня з большай адданасьцю Айцуу духаў павінны мы жыць?

Тыя каралі нас самохаць на некалькі дзён; а Гэты — дзеля карысьці, каб мы мелі супольнасьць у сьвятасьці Ягонай.
 
Тамтые, як самы зналі так нас дысцыплінавалі, праз кароткі час, а Гэты — каб зрабіць нас удзейнікамі Ягонай сьвятасьці.

Усякае пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, а журбою; але пасьля навучаным празь яе дае мірны плод праведнасьці.
 
Праўда, сур’ёзная дысцыпліна, то абыдна сьпярша пасумны, заміж пагоднага, наводзіць настрой, затое пазьней тым, што дазналі яе на сабе, прыносіць цэнны плод праведнасьці.

Таму «ўмацуйце зьняможаныя рукі й калені»
 
Выпрастуйце тады вашы ашляглыя рукі й стомленыя калені

і «хадзеце проста нагамі вашымі, каб кульгавае ня збочыла, а лепшае выправілася».
 
ды прастуйце сьцежкі вашые, каб кульгавые ня зьбіваліся з дарогі, а лепш выдужалі.

Старайцеся мець мір з усімі і сьвятасьць, безь якое ніхто не пабачыць Госпада.
 
Старайцеся шчыра трымаць з усімі супакой-згоду ды дбайце аб сьвятасьці, безь якое ніхто ня ўбачыць Госпада.

Сачэце, каб хто ня страціў мілаты Божае; каб які «горкі корань, калі вырасьце, не нарабіў шкоды», і каб ім не апаганіліся многія»;
 
Пільнуйце, каб ніхто не застаўся без ласкі Божай, каб які горкі корэнь, пусьціўшы парасткі ўгору, не нарабіў закалоту, заражаючы многіх;

каб ня было паміж вамі якога распусьніка, альбо бязбожніка, які, нібы Ісаў, за адну ежу адмовіўся ад свайго першародства.
 
каб не знайшоўся які распусьнік, або профан (паганец) як той Эзаў, што за адну страву прадаў сваё першародзтва.

Бо вы ведаеце, што пасьля таго ён, хочучы ўспадкаваць дабраславеньне, быў адкінуты; ня мог перамяніць думак бацькі, хоць і прасіў за тое сьлёзна.
 
Хібаж ведаеце, што потым, як ён хацеў атрымаць багаслаўленства, дык быў адкінуты, бо ня мог асягнуць зьмены (бацькавай пастановы), хоць зы сьлязьмі прасіў.

Вы падступіліся не да гары, да якой можна дакрануцца, і ўспалымнёнай вагнём, не да цемры і змроку і буры,
 
Вы-ж бо ня прыступалі да гары, да якое можна было рукою дакрануцца, ані да вагню палкага, ані занураліся ў хмарную цемру нвальнічную;

не да трубнага гуку і голасу словаў, пры якім слухачы прасілі, каб ніякіх словаў ім больш не казалі,
 
ані ўслухаліся ў гук сурмы і голас мовы, ад слухання якое (людзі) адпрашваліся;

бо яны не маглі вытрываць таго, што запавядалася: «калі і зьвер дакранецца да гары, будзе пабіты камянямі, (альбо пацэлены стралою);
 
не маглі бо зьнесьці наказу: «навет і жывёліна, каліб да гары дакранулася, будзе ўкамянаваная» (Выйсь. 19:13).

і такое вусьцішнае было гэта зьявішча, што і Майсей сказаў: «я ў страху і ў трымценьні».
 
І так жахлівая была гэная зьява, што Майжэш сказаў: «Я цэлы ад страху дрыжу» (Паўт. Пр. 9:19).

Але вы падступіліся да гары Сіёна і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерусаліма і да процьмы анёлаў,
 
Але вы паступілі да гары Сыёну, да места Бога жывога, нябеснага Ерузаліму, да мірыядаў Анёлаў,

да пераможнага сабора і Царквы першынцаў, напісаных на нябёсах, і да Судзьдзі ўсіх Бога, і да духаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласьці,
 
на соленную скупу-збор вялізны радасны эклезіі першародных рэгістраваных у небе і да Бога, судзьдзі ўсіх, да духаў людзей справядлівых, асягнуўшых дасканальнасьць;

і да Заступніка новага запавета Ісуса, і да Крыві акрапленьня, якая гаворыць лепей, ніж Авелева.
 
да Езуса пасярэдніка Новага Запавету (Тэстамэнту) і да крыві ачышчэння, што прамаўляе лепш, чым Аблява.

Глядзеце, не адвярнецеся і вы ад прамоўцы. Калі тыя, ня слухаўшы прамоўцы на зямлі, не пазьбеглі кары, дык тым болей не пазьбегнем мы, калі адвернемся ад Прамоўцы зь нябёсаў;
 
Глядзеце, не адвяртайцеся ад Таго, хто прамаўляе; калі бо тамтых, што зракліся прамаўляўшага да іх на зямлі, ня мінула кара, далёка горэй будзе з намі, каліб адвярнуліся ад Яго, прамаўляючага цяпер да нас зь неба.

чый голас тады пахіснуў зямлю, і Які цяпер даў такое абяцаньне: «яшчэ раз скалану ня толькі зямлю, але і неба».
 
Голас ягоны тады ўзварухнуў землю, а і цяпер запавяшчае, кажучы: «Яшчэ раз устрасану ня толькі землю, але й неба» (Агг. 2:7).

Словы «яшчэ раз» азначаюць зьмену таго, што скаланаецца, як створанага, каб заставалася непахісным.
 
Гэтае «яшчэ раз» абазначае перамену рэчаў падпалых пад зьмяняльны рух, тады як яны створаны, каб аставаліся непахіснымі, ненарушнымі.

І вось мы, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць мілату, якою будзем служыць у спадабаньне Богу, з багавейнасьцю і страхам,
 
Таму вось мы прыняўшы валадарства непахіснасьці ўдзячна карыстайма з ласкі, стараючыся Богу ўспадобным культам і богабоязьзю служыць.

таму што Бог наш ёсьць «вагонь, які паядае».
 
Бог бо наш — агонь, што травіць (Другзак. 4:24).