Да Габрэяў 4 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
А таму будзем асьцерагацца, каб, калі яшчэ застаецца абяцаньне ўвайсьці ў спачын Ягоны, ня сталася, што нехта з вас ужо спазьніўся.
Пакуль яшчэ трывае абяцанне ўвайсці ў адпачынак Божы, будзем баяцца, каб нехта з вас не аказаўся пазбаўленым яго.
Бо і нам яно абвешчана, як і тым; але не дало ім карысьці слова чутае, не спалучанае зь вераю тых, якія чулі.
Бо мы атрымалі добрую навіну так, як і тыя, хто выйшаў з Егіпта. Але пачутае слова не прынесла ім карысці, бо яны не паядналіся ў веры з тымі, хто чуў.
А ўваходзім у спачын мы, якія ўверавалі, як Ён і сказаў: «Я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой», хоць дзеі Ягоныя былі зьдзейсьнены яшчэ на пачатку сьвету.
Аднак мы, якія верым, уваходзім у адпачынак, паводле сказанага Ім: «Я пакляўся ў гневе Маім, што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак», хоць справы былі завершаны ад заснавання свету.
Бо дзесьці сказана пра сёмы дзень так: «і спачыў Бог у дзень сёмы ад усіх дзеяў Сваіх».
Бо так дзесьці сказаў пра сёмы дзень: «І на сёмы дзень адпачыў Бог ад усёй працы сваёй».
І яшчэ тут: «ня ўвойдуць у спачын Мой».
І ў гэтым месцы зноў: «Яны не ўвойдуць у Мой адпачынак!»
І вось, як некаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, каму раней абвешчана, не ўвайшлі ў яго за непакорлівасьць,
Таму, калі некаму застаецца ўвайсці ў яго, а тыя, каму раней была абвешчана добрая навіна, не ўвайшлі ў яго праз непаслухмянасць,
дык яшчэ вызначае пэўны дзень, «сёньня», кажучы праз Давіда, пасьля такога доўгага часу, як вышэй сказана: «сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых».
Бог зноў прызначае нейкі дзень, «сёння», кажучы, як раней было сказана, праз Давіда пасля такога доўгага часу: «Сёння, калі пачуеце Ягоны голас, не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя».
Бо калі б Ісус сын Нава даў ім спачын, дык ня было б сказана пасьля таго пра іншы дзень.
Бо калі б Езус Навін даў ім адпачынак, ён не казаў бы пасля пра іншы дзень.
Таму народу Божаму яшчэ застаецца субоцтва.
Таму шабат усё яшчэ застаецца для народу Божага.
Бо, хто ўвайшоў у спачын Ягоны, той і сам спачыў ад дзеяў сваіх, як і Бог ад Сваіх.
І хто ўвайшоў у Яго адпачынак, той адпачывае ад сваіх справаў, як і Бог ад сваіх.
Дык вось, пастараймася ўвайсьці ў спачын той, каб хто на той самы прыклад не падупаў непакорлівасьці.
Таму будзем старацца ўвайсці ў гэты адпачынак, каб ніхто не пайшоў за тым самым прыкладам непаслухмянасці.
Бо слова Божае жывое і дзейснае і вастрэйшае за любы меч двусечны: яно пранікае да разьдзяленьня душы і духа, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы і намеры сардэчныя.
Слова Божае жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і шпіку і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца.
І няма стварэньня, схаванага ад Яго, а ўсё аголена і адкрыта прад вачыма Ягонымі: Яму дамо адказ.
І няма стварэння, схаванага ад Яго, але ўсё аголена і адкрыта перад вачыма таго, перад якім мы адкажам.
І вось, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса Сына Божага, будзем цьвёрда трымацца веравызнаньня нашага.
Маючы першасвятара вялікага, які прайшоў нябёсы, Езуса, Сына Божага, будзем цвёрда трымацца вызнання нашага.
Бо мы маем не такога Першасьвятара, Які ня мог бы спагадаць нам у немачах нашых, а Такога, Які, як і мы, дасьведчаны ва ўсім, акрамя грэху.
Бо мы маем не такога першасвятара, які не мог бы спачуваць нашым слабасцям, але такога, які, паводле падабенства, зведаў усе выпрабаванні, акрамя граху.
Таму прыступайма з адвагаю да трона мілаты, каб атрымаць міласьць і здабыць мілату на своечасовую дапамогу.
Таму наблізімся з даверам да трона ласкі, каб атрымаць міласэрнасць і знайсці ласку для своечасовай дапамогі.