Да Габрэяў 9 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І першы запавет меў уставу пра набажэнства і сьвяцілішча зямное,
 
Першы запавет меў прадпісанні наконт Божага служэння, а таксама зямную святыню.

бо пастаўлена была скінія першая, у якой былі сьвяцільня, і стол, і хлябы пакладныя, і якая называецца «сьвятое».
 
Была ўзведзена першая скінія, якая называецца «Святое», і ў ёй былі падсвечнік, стол і ахвярныя хлябы.

А за другою заслонаю была скінія, называная «сьвятое сьвятых»,
 
А за другой заслонаю была скінія, якая называлася «Святое Святых».

у якой мелася залатая кадзільніца і абкладзены з усіх бакоў золатам каўчэг запавета, дзе былі залаты посуд з маннаю, жазло Ааронава расьцьвілае і скрыжалі запавета,
 
Мела яна залатую кадзільніцу і каўчэг запавету, пакрыты з кожнага боку золатам, у якім была залатая пасудзіна з маннай, кій Аарона, які расцвіў, ды табліцы запавету.

а над ім хэрувімы славы, якія асланялі ачышчальню; пра што ня трэба цяпер гаварыць падрабязна.
 
Зверху над каўчэгам былі херубімы славы, якія ахіналі века ўміласціўлення. Аб гэтым падрабязна няма патрэбы цяпер гаварыць.

Пры такім уладкаваньні, у першую скінію заўсёды ўваходзяць сьвятары служыць Набажэнства;
 
Усё было так уладкавана, каб святары, здзяйсняючы служэнне, маглі ў кожную хвіліну ўвайсці ў першую скінію.

а ў другую — адзін раз на год адзін толькі першасьвятар, не бяз крыві, якую ахвяруе за сябе і за грахі неабазнанасьці народу.
 
У другую ж раз у год уваходзіў толькі адзін першасвятар, і не без крыві, якую прыносіў у ахвяру за грахі свае і свайго народу.

Гэтым Дух Сьвяты паказвае, што яшчэ не адкрыта дарога ў сьвяцілішча, пакуль стаіць ранейшая скінія.
 
Гэтым Дух Святы паказвае, што яшчэ не адкрылася дарога ў святыню, пакуль стаіць першая скінія.

Яна ёсьць вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія ня могуць зрабіць у сумленьні дасканалым ахвяравальніка,
 
Гэта вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія не могуць зрабіць дасканалым сумленне таго, хто служыць.

і якія з прысмакамі і пітвом, і рознымі абмываньнямі і абрадамі, што датычацца плоці, устаноўленыя былі толькі да часу выпраўленьня.
 
Гэта толькі знешнія прадпісанні, устаноўленыя да часу іх змянення, і датычаць толькі страў, напояў і розных абмыванняў.

Але Хрыстос, Першасьвятар будучых дабротаў, прыйшоўшы з большай і дасканалейшай скініяй, нерукатворнаю, гэта значыць, не таго ўсталяваньня,
 
Хрыстус, прыйшоўшы як першасвятар будучых дабротаў, праз большую і дасканалейшую нерукатворную скінію, гэта значыць не з гэтага свету,

і ня з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю; аднаго разу ўвайшоў у сьвяцілішча і набыў вечнае адкупленьне.
 
і не праз кроў казлоў і быкоў, а праз сваю кроў раз і назаўсёды ўвайшоў у Святое Святых, здабыўшы вечнае адкупленне.

Бо, калі кроў цялят і казлоў і попел ялаўкі праз акрапленьне асьвячае апаганеных, каб чыстае было цела,
 
Бо, калі кроў казлоў і быкоў, і попел ялаўкі праз пасыпанне асвячае апаганеных, каб чыстым стала цела,

дык наколькі ж болей Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу жывому і Сапраўднаму!
 
то наколькі ж больш кроў Хрыста, які праз вечнага Духа сябе самога ахвяраваў як беззаганнага Богу, ачысціць нашае сумленне ад мёртвых учынкаў дзеля служэння жывому Богу.

І таму Ён ёсьць Заступнік Новага Запавета, каб у выніку сьмерці Ягонай, якая была дзеля адкупленьня ад злачынстваў, зробленых у першым запавеце, пакліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцаньне.
 
І таму Ён стаў пасрэднікам новага запавету, каб праз Яго смерць, якая была дзеля адкуплення ад злачынстваў, учыненых у першым запавеце, атрымалі абяцанае тыя, хто пакліканы да вечнай спадчыны.

Бо, дзе завяшчаньне, там трэба, каб настала сьмерць завяшчальніка,
 
Дзе запавет, там трэба чакаць смерці яго складальніка,

бо завяшчаньне мае сілу пасьля памерлых; яно ня мае сілы, калі завяшчальнік жывы.
 
бо запавет набывае моц пасля памерлых і ніколі не мае моцы, пакуль жыве яго складальнік.

Таму і першы запавет быў уцьверджаны не бяз крыві,
 
Таму і першы запавет не быў зацверджаны без крыві.

бо і Майсей, прамовіўшы ўсе запаведзі паводле закона перад усім народам, узяў кроў цялят і казлоў з вадою і воўнай чырванёнаю і ісопам, і акрапіў як самую кнігу, так і ўвесь народ,
 
Калі Майсей абвясціў усяму народу кожную запаведзь паводле Закону, ён узяў кроў цялят і казлоў з вадою, пунсовую воўну ды ісопам акрапіў саму кнігу і ўвесь народ, кажучы:

кажучы: «гэта кроў запавета, які запавядаў вам Бог».
 
«Гэта кроў запавету, які Бог наказаў вам».

Таксама акрапіў крывёю і скінію і ўвесь посуд богаслужбовы.
 
Таксама і скінію, і ўвесь посуд для публічнага служэння акрапіў крывёю.

Ды і ўсё амаль паводле закона ачышчаецца крывёю, і без праліцьця крыві ня бывае дараваньня.
 
Дый амаль усё паводле Закону ачышчаецца крывёю, а без праліцця крыві не бывае даравання.

Таму і вобразы нябеснага павінны былі ачышчацца гэтымі, а самае нябеснае лепшымі за гэтыя ахвярамі.
 
Таму было неабходна, каб вобразы нябесных рэчаў так ачышчаліся, а само нябеснае патрабавала яшчэ лепшых ахвяраў, чым гэтыя.

Бо Хрыстос ўвайшоў не ў рукатворнае сьвяцілішча, паводле вобразу сапраўднага ўсталяванае, а ў самое неба, каб стаць сёньня за нас перад абліччам Божым,
 
Хрыстус увайшоў не ў святыню, пабудаваную рукамі на ўзор праўдзівай, але ў само неба, каб цяпер заступіцца за нас перад абліччам Бога.

і не на тое, каб шматкроць ахвяроўваць Сабою, як першасьвятар уваходзіць у сьвяцілішча штогод з чужою крывёю;
 
Інакш Яму прыйшлося б шматразова прыносіць сябе ў ахвяру, як робіць гэта першасвятар, калі штогод уваходзіць у Святое Святых з чужою крывёю.

інакш належала б Яму шматкроць пакутаваць ад пачатку сьвету. А Ён адзін раз, пад канец вякоў, зьявіўся для зьнішчэньня грэху ахвяраю Сваёю.
 
Яму трэба было б шмат разоў цярпець ад пачатку свету. Цяпер жа Ён адзін раз на сканчэнні вякоў з’явіўся дзеля знішчэння граху сваёю ахвяраю.

І як людзям належыць адзін раз памерці, а потым суд,
 
І як людзям прызначана раз памерці, а пасля гэтага — суд,

так і Хрыстос: адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб пабраць грахі многіх, другі раз зьявіцца ня дзеля ачышчэньня грэху, а дзеля тых, што чакаюць Яго на збавеньне.
 
так і Хрыстус, раз ахвяраваўшы сябе, каб панесці грахі многіх, другі раз не з прычыны граху, а дзеля збаўлення з’явіцца тым, хто чакае Яго.