Да Габрэяў 9 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І першы запавет меў уставу пра набажэнства і сьвяцілішча зямное,
 
Першая ж таксама запраўды мела загады службы і сьвятыні земнае;

бо пастаўлена была скінія першая, у якой былі сьвяцільня, і стол, і хлябы пакладныя, і якая называецца «сьвятое».
 
Бо зроблена была вітальня першая, у каторай сьветач а стол а пакладаньне букаткаў, каторая завецца «Сьвятое».

А за другою заслонаю была скінія, называная «сьвятое сьвятых»,
 
За другой жа запонаю вітальня, званая «Сьвятое Сьвятых»,

у якой мелася залатая кадзільніца і абкладзены з усіх бакоў золатам каўчэг запавета, дзе былі залаты посуд з маннаю, жазло Ааронава расьцьвілае і скрыжалі запавета,
 
У каторай залатая кадзільніца і скрыня змовы, абкладзеная з усіх бакоў золатам, у каторай ваза залатая з маннаю, расьцьвілы посах Ааронаў а дошчачкі змовы;

а над ім хэрувімы славы, якія асланялі ачышчальню; пра што ня трэба цяпер гаварыць падрабязна.
 
А над ёй херувы славы, што ахіналі сялібу міласэрдзя. Праз гэта няма патрэбы цяпер гукаць падрабязна.

Пры такім уладкаваньні, у першую скінію заўсёды ўваходзяць сьвятары служыць Набажэнства;
 
То ж, як гэтак зроблена, у першую вітальню заўсёды ўходзяць сьвятарове, правіць службу;

а ў другую — адзін раз на год адзін толькі першасьвятар, не бяз крыві, якую ахвяруе за сябе і за грахі неабазнанасьці народу.
 
А ў другую — адно найвышшы сьвятар аднойчы ў год, не бяз крыві, каторую абракае за сябе і за нясьведам’е люду.

Гэтым Дух Сьвяты паказвае, што яшчэ не адкрыта дарога ў сьвяцілішча, пакуль стаіць ранейшая скінія.
 
Дух Сьвяты паказуе гэтым, што яшчэ не адкрыта дарога да Сьвятога Сьвятых, пакуль стаіць першая вітальня,

Яна ёсьць вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія ня могуць зрабіць у сумленьні дасканалым ахвяравальніка,
 
Каторая — абраз цяперашняга часу, у каторым абракаюць дары а аброкі, што ня могуць учыніць абракаючага дасканальным у сумленьню,

і якія з прысмакамі і пітвом, і рознымі абмываньнямі і абрадамі, што датычацца плоці, устаноўленыя былі толькі да часу выпраўленьня.
 
Складаючыся толькі зь ежаў а піценьняў а розных абмываньняў, загадаў цялесных, устаноўленых да часу паправы.

Але Хрыстос, Першасьвятар будучых дабротаў, прыйшоўшы з большай і дасканалейшай скініяй, нерукатворнаю, гэта значыць, не таго ўсталяваньня,
 
Але Хрыстос, Найвышшы Сьвятар будучага дабра, зьявіўшыся з большай а дасканальнейшай вітальняю, ня рукамі зробленаю, значыцца ня гэткага стварэньня,

і ня з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю; аднаго разу ўвайшоў у сьвяцілішча і набыў вечнае адкупленьне.
 
Ані з крывёю казлоў а цялят, але із собскай крывёю, увыйшоўшы аднойчы назаўсёды да сьвятыні, прыдбаў вечны выкуп.

Бо, калі кроў цялят і казлоў і попел ялаўкі праз акрапленьне асьвячае апаганеных, каб чыстае было цела,
 
Бо калі кроў казлоў а бычкоў і попел цяліцаў, кропячы забрудзянелых, пасьвячае да ачышчэньня цела,

дык наколькі ж болей Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу жывому і Сапраўднаму!
 
Як шмат болей кроў Хрыстова, Каторы Духам вечным аброк Самога Сябе беззаганнага Богу, ачысьце сумленьне нашае ад мертвых учынкаў на службу Богу жывому!

І таму Ён ёсьць Заступнік Новага Запавета, каб у выніку сьмерці Ягонай, якая была дзеля адкупленьня ад злачынстваў, зробленых у першым запавеце, пакліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцаньне.
 
І затым Ён пасярэднік новае змовы, каб сьмерцяй, дзеля выкупленьня ад выступаў з пад першае змовы, пагуканыя маглі адзяржаць абятніцу вечнага спадку.

Бо, дзе завяшчаньне, там трэба, каб настала сьмерць завяшчальніка,
 
Бо йдзе духоўніца, там надабе, каб сьмерць настала чынячага духоўніцу;

бо завяшчаньне мае сілу пасьля памерлых; яно ня мае сілы, калі завяшчальнік жывы.
 
Бо духоўніца правамочная, калі людзіна памерлая; але яна ніякім парадкам ня мае моцы, калі чынячы духоўніцу жывы.

Таму і першы запавет быў уцьверджаны не бяз крыві,
 
Затым і першая была зацьверджана не бяз крыві.

бо і Майсей, прамовіўшы ўсе запаведзі паводле закона перад усім народам, узяў кроў цялят і казлоў з вадою і воўнай чырванёнаю і ісопам, і акрапіў як самую кнігу, так і ўвесь народ,
 
Бо Масей, вымавіўшы ўсі расказаньні з права перад усім людам, узяў кроў цялят а казлоў з вадою а чырвовай воўнаю а гізопам і пакрапіў самую кнігу і ўвесь люд,

кажучы: «гэта кроў запавета, які запавядаў вам Бог».
 
Кажучы: «Гэта кроў змовы, каторую Бог расказаў вам».

Таксама акрапіў крывёю і скінію і ўвесь посуд богаслужбовы.
 
Падобным парадкам пакрапіў крывёю й вітальню, і ўсе судзьдзе службы.

Ды і ўсё амаль паводле закона ачышчаецца крывёю, і без праліцьця крыві ня бывае дараваньня.
 
Дый блізу ўсе з права ачышчаецца крывёю, а без разьліцьця крыві ня бывае дараваньня.

Таму і вобразы нябеснага павінны былі ачышчацца гэтымі, а самае нябеснае лепшымі за гэтыя ахвярамі.
 
Дык, з аднаго боку, зразы нябёснага мелі ачышчацца гэтымі, самае ж нябёснае лепшымі за гэтыя аброкамі.

Бо Хрыстос ўвайшоў не ў рукатворнае сьвяцілішча, паводле вобразу сапраўднага ўсталяванае, а ў самое неба, каб стаць сёньня за нас перад абліччам Божым,
 
Бо Хрыстос увыйшоў да сьвятыні ня рукамі зробленае подле зразы праўдзівае, але да самага неба, каб стаць цяпер за нас перад відам Божым,

і не на тое, каб шматкроць ахвяроўваць Сабою, як першасьвятар уваходзіць у сьвяцілішча штогод з чужою крывёю;
 
А не каб часта абракаць Сябе, як найвышшы сьвятар уходзе да сьвятыні кажнага году з чужой крывёю;

інакш належала б Яму шматкроць пакутаваць ад пачатку сьвету. А Ён адзін раз, пад канец вякоў, зьявіўся для зьнішчэньня грэху ахвяраю Сваёю.
 
Бо Ён меў бы часта цярпець ад закладзінаў сьвету. Ён жа аднойчы пры канчатку вякоў зьявіўся дзеля скасаваньня грэху аброкам Сваім.

І як людзям належыць адзін раз памерці, а потым суд,
 
І як людзём наканавана аднойчы памерці, а потым суд,

так і Хрыстос: адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб пабраць грахі многіх, другі раз зьявіцца ня дзеля ачышчэньня грэху, а дзеля тых, што чакаюць Яго на збавеньне.
 
Так і Хрыстос, аднойчы аброкшы Сябе за грахі шмат каго, другі раз бяз грэху зьявіцца тым, што чакаюць Яго да спасеньня.