Да Габрэяў 3 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Таму, браты сьвятыя, супольнікі нябеснага пакліканьня, уразумейце Пасланца і Першасьвятара вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста,
Дык, браты сьвятыя, учасьнікі ў нябёсным пагуканьню, разглядайце Апостала й Найвышшага Сьвятара вызнаньня нашага, Ісуса,
Які верны Таму, Хто паставіў Яго, як і Майсей ва ўсім доме Ягоным.
Каторы верны Таму, хто Яго ўстанавіў, як і Масей у вусёй дамове Ягонай.
Ён бо варты тым большае славы перад Майсеем, чым большы гонар мае ў параўнаньні з домам той, хто ўладкаваў яго;
Бо быў уважаны за годнага тым большае славы над Масея, чым большую чэсьць мае будаўнічы чымся дом.
бо кожны дом ладкуецца некім; а Хто ўладкаваў усё, ёсьць Бог.
Бо кажны дом збудаваны кімсь, а Тый, хто збудаваў усе, ё Бог.
І Майсей верны ўва ўсім доме Ягоным, як службіт, на сьведчаньне таго, што трэба было абвясьціць.
І Масей запраўды верны ў вусёй дамове Ягонай, як слугачы, дзеля сьветчаньня таго, што мела быць сказана пасьлей.
А Хрыстос — як Сын у доме Ягоным; а дом Ягоны — мы, калі толькі адвагу і спадзяваньне, якімі хвалімся, цьвёрда захаваем да канца.
А Хрыстос — як Сын у дамове Сваей, Каторага дамова мы, калі давер і пахвалу надзеі моцна дадзяржым аж да канца.
Чаму, як кажа Дух Сьвяты, «сёньня, як пачуеце голас Ягоны,
Затым, як кажа Дух Сьвяты: «Цяпер, як пачуеце голас Ягоны,
не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты, у дзень спакушэньня ў пустыні,
Не каляньце сэрцаў сваіх, як у часе ўзбурэньня ў дзень спакушэньня на пустыні,
дзе спакушалі мяне бацькі вашы, выпрабоўвалі Мяне і бачылі дзеі Мае сорак гадоў.
Ідзе спакушалі Мяне айцове вашы, прабуючы Мяне, і бачылі ўчынкі мае сорак год.
Таму Я і ўгневаўся на той род, і сказаў: «няспынна блукаюць сэрцам, ня зьведалі яны пуцявінаў Маіх;
Затым Я ўгневаўся на тое пакаленьне й сказаў: "Яны заўсёды блудзяць сэрцам, не пазналі яны дарогаў Маіх";
таму я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой».
Затым, Я прысягнуў у гневе Сваім: "Хіба яны ўвыйдуць у супакой Мой?"»
Глядзеце, браты, каб ня было ў кім у вас сэрца ліхога і нявернага, каб вам не адступіцца ад Бога жывога.
Глядзіце, браты, каб ня было ў кім-колечы з вас нягоднага сэрца няверы, што адступала б ад Бога жывога.
А настаўляйце адно аднаго кожны дзень, пакуль можна казаць «сёньня», каб хто з вас не зжарсьцьвеў, зьвёўшыся грэхам;
Але захочуйце самы сябе кажнага дня, пакуль завецца «Цяпер», каб ніхто з вас не закалянеў ашукнасьцяй грэху;
Бо мы зрабіліся супольнікамі Хрысту, калі толькі пачатае жыцьцё цьвёрда ўтрымаем да канца,
Бо мы сталі сябрамі Хрыстовымі, калі запраўды пачатак пэўнасьці цьверда захаваем аж да канца,
пакуль гаворыцца: «сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты».
Пакуль кажацца: «Цяпер, як вы пачуеце голас Ягоны, не каляньце сэрцаў сваіх, як у часе ўзбурэньня».
Бо некаторыя, што чулі, пачалі абурацца; але ня ўсе, што выйшлі зь Егіпта з Майсеем.
Бо хто гэта былі, што, пачуўшы, узбурыліся? Ці ня ўсі, што вышлі зь Ягіпту з Масеям?
На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Хіба не на тых, што зграшылі, чые косьці засталіся ў пустыні?
І на кога Ён гневаўся сорак год? Ці не на тых, што ізграшылі, каторых трупы палі на пустыні?
Супроць каго прысягаў, што ня ўвойдуць у спачын Ягоны, калі ня супроць непакорлівых?
І каму прысягаў, што ня ўвыйдуць у супакой Ягоны, як ня тым, што былі непаслухменыя?
І вось, бачым, што яны не маглі ўвайсьці за няверства.
І мы бачым, што яны не маглі ўвыйсьці з прычыны няверы.