Да Габрэяў 5 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Бо кожны першасьвятар зь людзей выбіраны, людзям жа і пастаўляецца на служэньне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,
Бо кажнага найвышшага сьвятара, зь людзёў бранага, прызначаюць да людзёў у справах, што належаць да Бога, каб абракаў дары а аброкі за грахі,
каб мог паблажаць неабазнаным і заблуканым; бо і сам абложаны немаччу,
Каторы бы мог быць спагадлівым узглядам нясьведамых а блудзячых, бо сам таксама быў абняты няўздоленьнямі,
і таму ён павінен як за людзей, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.
І затым меў як за люд, так і за сябе абракаць за грахі.
І ніхто сам сабою ня прымае гэтага гонару, а толькі пакліканы Богам, як і Аарон.
І ніхто сам сабе гэтае сьці не бярэць, але пагуканы Богам, як і Аарон.
Так і Хрыстос ня Сам Сабе прысвоіў славу быць першасьвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»;
Гэтак і Хрыстос ня Сам Сабе прысабечыў славу, стаць найвышшым сьвятаром, але Тый, хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сядні нарадзіў Цябе»;
як і ў іншым месцы кажа: «Ты сьвятар навек па чыне Мелхісэдэка».
Як і ў іншым месцу кажа: «Ты сьвятар на векі подле парадку Мельхісэдэкавага».
Ён, у дні плоці Сваёй, зь вялікім галашэньнем і са сьлязьмі прынёс малітвы і маленьні Таму, Хто меў моц уратаваць Яго ад сьмерці, і пачуты быў за Сваю богабаязнасьць;
Ён за дзён цела Свайго зь вялікім галашэньням а ізь сьлязьмі аброк просьбы а маленьні могучаму спасьці Яго ад сьмерці, і пачуты за набожнасьць;
хоць Ён і Сын, аднак празь цярпеньні навучыўся паслушэнству;
Хоць Ён Сын, адылі цярпеньням наўчыўся паслухменства;
і, удасканаліўшыся, спрычыніўся да вечнага збавеньня ўсіх паслухмяных Яму,
І, будучы дасканальным, стаў усім, паслухменым Яму, прычынаю спасеньня вечнага,
і быў названы ад Бога Першасьятаром па чыне Мелхісэдэка.
Быўшы менаваны ад Бога Найвышшым Сьвятаром подле парадку Мельхісэдэкавага.
Пра гэта сьлед было б нам гаварыць многа; але цяжка патлумачыць, бо вы зрабіліся няздольныя слухаць.
Праз Гэтага мы мелі б шмат казаць, але цяжка зьясьняць у мове, бо вы сталі тупыя слухаць.
Бо, мяркуючы па часе, вам належала быць настаўнікамі; але вас зноў трэба вучыць першаасновам слова Божага, і вам патрэбнае малако, а ня цьвёрдая ежа.
Бо калі, подле часу, вы мелі б быць вучыцелямі, вы ізноў патрабуеце быць вучаныя першых пачаткаў слова Божага, і сталі патрабуючымі малака, а не цьвярдое ежы.
Кожны, кормлены малаком, неабазнаны ў слове праўды, бо ён дзіця;
Бо кажны, жывены малаком, ненавытырыўшыся ў слове справядлівасьці, бо ён дзецянётка;
а цьвёрдая ежа ўласьцівая дасканалым, у якіх пачуцьці навыкам прывучаны адрозьніваць дабро і зло.
Цьвярдая ж ежа належа вырослым людзём, у каторых, дзякуючы прызвычцы, чуцьці разьвіліся да пазнаньня і добрага і благога.