Да Габрэяў 5 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Бо ўсякі архірэй, спаміж людзе́й выбіра́ны, дзеля людзе́й стаўляецца на тое, што́ Божае, каб прынасіць дары й ахвяры за грахі,
 
Бо кажнага найвышшага сьвятара, зь людзёў бранага, прызначаюць да людзёў у справах, што належаць да Бога, каб абракаў дары а аброкі за грахі,

каб мог выбачаць няця́млючым і блукаючымся, бо й сам абложаны нядужасьцяй,
 
Каторы бы мог быць спагадлівым узглядам нясьведамых а блудзячых, бо сам таксама быў абняты няўздоленьнямі,

і дзеля гэтага павінен, як за народ, гэтак і за сябе́, прынасіць ахвяры за грахі.
 
І затым меў як за люд, так і за сябе абракаць за грахі.

І ніхто сам сабою ня прыймае гэтае чэсьці, але той, хто пакліканы Богам, як і Арон.
 
І ніхто сам сабе гэтае сьці не бярэць, але пагуканы Богам, як і Аарон.

Гэтак і Хрыстос ня Сам Сябе́ ўславіў, каб быць Архірэем, але Той, Хто сказаў Яму: Ты — Сын Мой, сягоньня Я Цябе́ спарадзіў (Псальм 2:7),
 
Гэтак і Хрыстос ня Сам Сабе прысабечыў славу, стаць найвышшым сьвятаром, але Тый, хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сядні нарадзіў Цябе»;

як і ў другім ме́сцы кажа: Ты — сьвяшчэньнік наве́к па уставу Мэльхісэдэкаваму (Псальм 109:4).
 
Як і ў іншым месцу кажа: «Ты сьвятар на векі подле парадку Мельхісэдэкавага».

У дні це́ла Свайго Ён з вялікім ля́мантам і сьлязьмі прыносіў малітвы і просьбы к Таму, Хто мог выбавіць Яго ад сьме́рці, і быў выслуханы за пакорлівасьць Сваю.
 
Ён за дзён цела Свайго зь вялікім галашэньням а ізь сьлязьмі аброк просьбы а маленьні могучаму спасьці Яго ад сьмерці, і пачуты за набожнасьць;

Хоць Ён і Сын, аднак праз мукі паслухмянства навучыўся
 
Хоць Ён Сын, адылі цярпеньням наўчыўся паслухменства;

і, зьвяршоны, зрабіўся для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю ве́чнага збаўле́ньня,
 
І, будучы дасканальным, стаў усім, паслухменым Яму, прычынаю спасеньня вечнага,

названы ад Бога Архірэем па уставу Мэльхісэдэка.
 
Быўшы менаваны ад Бога Найвышшым Сьвятаром подле парадку Мельхісэдэкавага.

Аб Ім нам вялікае слова, ды цяжка яго высказаць, бо вы зрабіліся няздольнымі слухаць.
 
Праз Гэтага мы мелі б шмат казаць, але цяжка зьясьняць у мове, бо вы сталі тупыя слухаць.

Бо вас, якія, водле часу, мусілі-б быць вучыцяля́мі, трэба йзноў вучыць пачаткаў слоў Божых, і вам патрэбна малако, а ня цьвёрдая страва.
 
Бо калі, подле часу, вы мелі б быць вучыцелямі, вы ізноў патрабуеце быць вучаныя першых пачаткаў слова Божага, і сталі патрабуючымі малака, а не цьвярдое ежы.

Бо ўсякі, хто корміцца малаком, нясьве́дамы ў слове праўды, бо ён — дзіцятка.
 
Бо кажны, жывены малаком, ненавытырыўшыся ў слове справядлівасьці, бо ён дзецянётка;

Дасканалых-жа есьць цьвёрдая страва, тых, у якіх пачуцьці навыкам прывучаны распазнаваць дабро і зло.
 
Цьвярдая ж ежа належа вырослым людзём, у каторых, дзякуючы прызвычцы, чуцьці разьвіліся да пазнаньня і добрага і благога.