Да Габрэяў 4 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Дзеля гэтага высьцерага́ймася, каб, калі йшчэ трывае прырачэньне ўвайсьці ў супачынак Яго, не аказаўся хто з вас спозьніўшымся.
 
Затым боймася, каб, як застаецца абятніца ўходу да супакою Ягонага, не спазьніўся ніхто з вас.

Бо і нам яно абве́шчана, як і гэным; але ім не дало карысьці чутае слова, бо не давяршылася ве́раю слухаўшых.
 
Бо запраўды мы мелі Евангелю, даную нам, аднолькава як яны; але не дало ім карысьці чутае, не рашчыненае вераю слухачых.

Бо ўваходзім у супачынак мы, уве́раваўшыя, бо Ён сказаў: Як пакляўся Я ў гне́ве Маім: ці ўвойдуць у супачынак Мой?, хаця ўчынкі Яго сталіся йшчэ ад стварэньня сьве́ту.
 
Бо мы, каторыя ўверылі, увыйдзем да супакою, як Ён сказаў: «Як Я прысягаў у гневе Сваім: "Яны ня ўвыйдуць у супакой Мой"», хоць учынкі былі скончаны ад закладзінаў сьвету.

Бо сказана не́дзе аб сёмым дню гэтак: І супачыў Бог у дзе́нь сёмы ад усіх дзе́л Сваіх (Быцьцё 2:2).
 
Бо нейдзе сказана празь сёмы гэтак: «І супачыў Бог сёмага дня ад усіх учынкаў Сваіх».

І яшчэ не́дзе: Ці ўвойдуць у супачынак Мой?
 
І ўзноў на тым месцу: «Ня ўвыйдуць у супакой Мой?»

Дык, калі некаторым астае́цца ўвайсьці ў яго, а тыя, якім ране́й абве́шчана, не ўвайшлі ў яго за непаслухмянства,
 
Дык бачым, што некатрым застаецца ўвыйсьці ў яго, а тыя, што першыя чулі Дабравесьць, ня ўвыйшлі з прычыны непаслухменства.

то йзноў азначае не́йкі дзе́нь «сягоньня», гаворачы праз Давіда, цераз гэтулькі часу, як было сказана: Сягоньня, калі пачуеце голас Яго, не рабе́це цьвёрдымі сэрцы вашыя.
 
І зноў прызначае якісь дзень, кажучы ў Давіда «Цяпер», па такім часе, як сказана вышэй: «Цяпер, як пачуеце голас Ягоны, не каляньце сэрцаў сваіх».

Бо, калі-б Ісус гэных супакоіў, дык ня было-б сказана пасьля таго аб іншым дню.
 
Бо, калі б Ісус Нунянок даў ім супакой, не казаў бы пасьлей празь іншы дзень.

Дзеля гэтага пакінена яшчэ народу Божаму сьвяткаваньне суботы.
 
Значыцца, застаецца сыбоцтва люду Божаму.

Бо, хто ўвайшоў у супачынак Яго, той і сам супачыў ад дзе́л сваіх, як і Бог ад Сваіх.
 
Бо хто ўвыйшоў у супакой Ягоны, тый таксама супачыў ад працаў сваіх, як Бог ад Сваіх.

Дык пастараймася ўвайсьці ў супачынак гэты, каб хто за тым-жа прыкладам ня ўпаў у непакорнасьць.
 
Дык стараймася ўвыйсьці ў тый супакой, каб ніхто ня ўпаў подле прыкладу таго ў няслуханьне.

Бо слова Божае жывое і дзе́ючае, ды гастрэйшае за ўсякі ме́ч двусе́чны, і пранікаючае да разьдзяле́ньня душы і духа, суставаў і мазгоў, і су́дзіць думкі й лятуце́ньні сэрца.
 
Бо слова Божае жывое а дзеючае, і астрэйшае за кажны абаротны меч, і праходзячае да падзелу душы й духа, суставаў і шпіку, і распазнаець думкі а замеры сэрца.

І няма стварэньня, укрытага ад Яго, але ўсё абнажо́на й адкрыта вача́м Яго, да Якога нашае слова.
 
І няма стварэньня, няяўнага Яму, але ўсе аголена а адкрыта перад ачыма Ягонымі: Яму здамо лічбу.

Дык, маючы Архірэя вялікага, што нябёсы прайшоў, Ісуса, Сына Божага, трыма́ймася вызнаньня.
 
Дык, маючы вялікага найвышшага Сьвятара, што перайшоў нябёсы, Ісуса, Сына Божага, дзяржымася моцна вызнаньня.

Бо ма́ем Архірэя не такога, што ня мог-бы спачуваць слабасьцям нашым, але такога, які, падобна нам, дазнаў у-ва ўсім спакушэньня, апрача грэху.
 
Бо мы маем не такога найвышшага сьвятара, што ня здольны быў бы спагадаць нам у няўздоленьнях нашых: Ён быў спакушаны ў вусім, будучы ў нашай падобнасьці, але бяз грэху.

Дык прыступа́йма з адвагаю да пасаду ласкі, каб дастаць зьмілаваньне ды ласку знайсьці на падмогу ў добры час.
 
Затым дабліжмася з адвагаю да пасаду ласкі, каб адзяржаць міласэрдзе і знайсьці ласку да паравое помачы.