Да Габрэяў 4 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
Дзеля гэтага высьцерага́ймася, каб, калі йшчэ трывае прырачэньне ўвайсьці ў супачынак Яго, не аказаўся хто з вас спозьніўшымся.
Будзем высцерагацца тады таго, каб, калі яшчэ трывае абяцанне ўвайсці ў Яго супачынак, не аказаўся хто з вас спазніўшымся.
Бо і нам яно абве́шчана, як і гэным; але ім не дало карысьці чутае слова, бо не давяршылася ве́раю слухаўшых.
Бо і нам абвешчана добрая вестка, таксама як і тым, але не дало карысці ім чутае слова, бо не спалучана было яно з вераю тых, якія чулі.
Бо ўваходзім у супачынак мы, уве́раваўшыя, бо Ён сказаў: Як пакляўся Я ў гне́ве Маім: ці ўвойдуць у супачынак Мой?, хаця ўчынкі Яго сталіся йшчэ ад стварэньня сьве́ту.
А мы, якія паверылі, уваходзім у супачынак, бо Ён сказаў: «Як пакляўся Я ў гневе Маім: не ўвойдуць яны ў супачынак Мой», хоць справы Яго былі скончаны ад заснавання свету.
Бо сказана не́дзе аб сёмым дню гэтак: І супачыў Бог у дзе́нь сёмы ад усіх дзе́л Сваіх (Быцьцё 2:2).
Бо Ён сказаў у нейкім месцы пра сёмы дзень так: «І супачыў Бог у сёмы дзень ад усіх спраў Сваіх».
І яшчэ не́дзе: Ці ўвойдуць у супачынак Мой?
І вось яшчэ, зноў: «Не ўвойдуць яны ў супачынак Мой».
Дык, калі некаторым астае́цца ўвайсьці ў яго, а тыя, якім ране́й абве́шчана, не ўвайшлі ў яго за непаслухмянства,
Дык вось застаецца, што ўвойдуць у яго некаторыя, а тыя, якім была раней абвешчана добрая вестка, не ўвайшлі з прычыны непаслухмянасці.
то йзноў азначае не́йкі дзе́нь «сягоньня», гаворачы праз Давіда, цераз гэтулькі часу, як было сказана: Сягоньня, калі пачуеце голас Яго, не рабе́це цьвёрдымі сэрцы вашыя.
Ды зноў вызначае Ён нейкі дзень, «сёння», кажучы праз Давіда па некаторым часе, як і перад гэтым было сказана: «Сёння, калі пачуеце голас Яго, не рабіце цвёрдымі сэрцаў вашых».
Бо, калі-б Ісус гэных супакоіў, дык ня было-б сказана пасьля таго аб іншым дню.
Калі б Ісус [Навін] увёў іх у супачынак, дык не было б сказана пра іншае пасля гэтага дня.
Дзеля гэтага пакінена яшчэ народу Божаму сьвяткаваньне суботы.
Дык пакідаецца святкаванне шабату для народа Божага.
Бо, хто ўвайшоў у супачынак Яго, той і сам супачыў ад дзе́л сваіх, як і Бог ад Сваіх.
Бо хто ўвайшоў у супачынак Яго, таксама супачне ад працы сваёй, як і Бог ад Сваёй.
Дык пастараймася ўвайсьці ў супачынак гэты, каб хто за тым-жа прыкладам ня ўпаў у непакорнасьць.
Дык будзем старацца ўвайсці ў супачынак гэты, каб хто-небудзь не трапіў у той самы прыклад непаслухмянасці.
Бо слова Божае жывое і дзе́ючае, ды гастрэйшае за ўсякі ме́ч двусе́чны, і пранікаючае да разьдзяле́ньня душы і духа, суставаў і мазгоў, і су́дзіць думкі й лятуце́ньні сэрца.
Бо жывое слова Божае і дзейснае, і вастрэйшае ад усякага меча двусечнага, і пранікае ажно да раздзялення душы і духа, суставаў і мозга касцей, і судзіць думкі і намеры сэрца.
І няма стварэньня, укрытага ад Яго, але ўсё абнажо́на й адкрыта вача́м Яго, да Якога нашае слова.
І няма тварэння, схаванага ад Яго, усё вачам Яго аголена і адкрыта, і мы перад Ім адкажам.
Дык, маючы Архірэя вялікага, што нябёсы прайшоў, Ісуса, Сына Божага, трыма́ймася вызнаньня.
Маючы, вось, Першасвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса, Сына Божага, будзем трымацца вызнання.
Бо ма́ем Архірэя не такога, што ня мог-бы спачуваць слабасьцям нашым, але такога, які, падобна нам, дазнаў у-ва ўсім спакушэньня, апрача грэху.
Бо мы маем не такога першасвятара, які б не мог нам спачуваць у нашых немачах, але падобным чынам спакушанага ва ўсім, апроч граху.
Дык прыступа́йма з адвагаю да пасаду ласкі, каб дастаць зьмілаваньне ды ласку знайсьці на падмогу ў добры час.
Хадзем жа тады з даверам да пасада ласкі, каб атрымаць міласэрнасць і знайсці ласку на спрыяльную дапамогу.