Да Габрэяў 12 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
Дзеля гэтага і мы, маючы навакол сябе́ гэткую хмару сьве́дак, скінуўшы ўсякую гордасьць і грэх, што нас блутаў, з цярплівасьцяй прабягаць будзем праз поле барацьбянае, што ляжыць перад намі,
Дзеля таго і мы, маючы вакол сябе такое мноства сведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і грэх, што акручвае нас, будзем цярпліва бегчы ў вызначаным нам змаганні,
пазіраючы на пачынальніка і завяршыцеля ве́ры, Ісуса, Які заме́ст радасьці, што была перад Ім, перацярпе́ў крыж, ня дбаючы аб сорам, ды се́ў праваруч пасаду Божага.
гледзячы на пачынальніка і завяршыцеля веры, Ісуса, Які замест радасці, што была перад Ім, перанёс крыж, не дбаючы пра ганьбу, і сеў праваруч пасада Божага.
Бо падумайце аб Тым, Хто перацярпе́ў гэткі над сабою зьдзе́к ад грэшнікаў, каб вы не зьнемага́ліся, аслабе́ўшы душамі вашымі.
Разважце тады пра Таго, Які з боку грэшнікаў перанёс такую страшную варожасць адносна Сябе, каб і вы не аслабелі, калі ў вас сілы душы не стане.
Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху,
Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць граху,
і забыліся аб закліку, што кажацца вам, як сыном: Сын мой! Ня грэбуй ка́рай Гасподняй і не слабе́й, калі Ён цябе́ дакара́е.
і забыліся аб перасцярозе, якую вам, як сынам, дае: «Сыне мой, не грэбуй карай Госпада, не падай духам, калі Ён цябе дакарае;
Бо Госпад, каго любіць, таго карае, ды б’е́ ўсякага сына, якога прыймае (Прыповесьцяў 3:11−12).
Бо каго Госпад любіць, таго і карае, ды б’е кожнага сына, якога прымае».
Калі вы це́рпіце кару, дык Бог адносіцца да вас, як да сыноў: бо ці ёсьць гэткі сын, якога-б не караў бацька?
Калі вы церпіце кары, дык Бог абыходзіцца з вамі як з сынамі. Які ж гэта быў бы сын, каб яго бацька не караў?
Калі-ж астаецёся бяз кары, супольнікамі якое сталіся ўсе́, дык вы байструкі, а не сыны́.
Але калі вы застанецеся без кары, супольнікамі якой сталі ўсе, то гэта значыць, што не сыны вы, а байструкі.
Дык, калі мы ме́лі бацькоў це́ла нашага, якія нас каралі, і баяліся іх, — то ці ня шмат бале́й кары́цца будзем Айцу духаў ды жыць?
Адсюль, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас каралі, і шанавалі іх, дык ці не шмат больш павінны мы падпарадкоўвацца Айцу духаў і жыць?
Бо тыя кара́лі, як самі думалі, на няшмат дзён; а Гэты — на карысьць, каб быць нам учасьнікамі ў сьвятасьці Яго.
І тыя навучалі нас, як ім здавалася, на кароткі час, Той жа робіць для дабра нашага, каб зрабіць нас супольнікамі Яго святасці.
Усякае-ж кара́ньне ў цяпе́рашні час здае́цца ня ра́дасьцяй, а сумам; а пасьля дае́ наву́чаным ім мірны плод праведнасьці.
Усякае пакаранне цяпер падаецца не радасцю, а сумам, але пасля навучаным праз яго дасць мірны плод справядлівасці.
Дык выпрастуйце апусьціўшыяся рукі і стомленыя калені (Ісая 35:3)
Дзеля таго «зрабіце дужымі рукі аслабелыя і калені самлелыя»,
і сьце́жкі простыя рабе́це нагамі вашымі, каб кульгавае ня зьбілася з дарогі, а ле́пш наздараве́ла.
і «проста рабіце крокі нагамі вашымі, каб хто кульгавы не спрывіліў нагу, а лепш паздаравеў».
Старайцеся аб мір з усімі і аб сьвятасьць, без якое ніхто ня ўбачыць Госпада,
Імкніцеся да міру з усімі і ўсвячайцеся, бо без гэтага ніхто не ўбачыць Бога.
гле́дзячы, каб хто ня ўтраціў ласкі Божае; каб які горкі корань, вырасшы ўве́рх, не зрабіў шкоды, ды праз яго каб не апаганіліся многія (Другазаконьне 29:18);
Пільнуйцеся, каб не згубіў хто ласкі Божай, каб які горкі корань, вырасшы ўверх, не зрабіў шкоды, і праз гэта каб не спракудзіліся многія,
каб ня было між вамі каго блуднага, ці нясьве́дамага, як Ізаў, які за адну страву аддаў першародзтва сваё.
каб не стаў хто распуснікам або бязбожнікам, як той Эзаў, які за адну страву выракся свайго першародства.
Бо ве́дайце, што і пасьля ён, хочучы ўнасьле́даваць багаслаўле́ньне, быў адкінены; бо не знайшоў ме́сца пакаяньня, хоць і шукаў яго з сьлязьмі.
Бо ведаеце, што пасля, жадаючы ўспадкаеміць дабраславенне, быў адхілены, і не знайшоў месца навяртання, хоць і шукаў яго са слязамі.
Бо не прыступіліся вы да гары́ датыкальнае і агнём палаючае, ані да це́мры, і мроку, і буры,
Бо вы прыступіліся не да гары дакранальнай і палаючага агню, і цемры ды змроку і буры,
ані да гуку трубнага і голасу мовы, аб якім чуўшыя прасілі, каб да іх ня было больш слова,
і гуку трубы, і гоману слоў, ад якога чуўшыя прасіліся, каб не гаварылася больш да іх слова.
(бо ня вытрымалі зага́данага: калі і зьве́р дакране́цца да гары, будзе ўкаменава́ны ці каменем забіты (Выхад 19:13),
Бо не вытрымалі таго, што ім загадана было: «Нават калі жывёла дакранецца да гары, будзе ўкаменавана, або забіта стралою».
і гэткая жахлівая была гэная праява, што Майсе́й сказаў: Я у страху й дрыжу).
І так страшным было тое, што бачылі, што Майсей сказаў: «Перапалоханы я і ў трымценні».
Але вы прыступіліся да гары́ Сыону і да ме́ста Бога Жывога, да нябе́снага Ерузаліму і да мірыядаў Ангелаў,
Але вы прыступіліся да гары Сіёна і горада Бога жывога, нябеснага Ерузаліма і безлічы анёлаў, да зграмаджэння
да зграмаджэньня і царквы першакоў, запісаных на нябёсах, і да Судзьдзі ўсіх, Бога, і да духаў праведнікаў, што дайшлі даскана́ласьці,
і да Царквы першародных, якія запісаны ў небе, і да Бога, Суддзі ўсіх, і да духаў справядлівых, што дасягнулі дасканаласці,
і да пасярэдніка новага запаве́ту, Ісуса і да крыві акрапле́ньня, што ле́пш за Авеляву прамаўляе.
і да Пасярэдніка Новага Запавету, Ісуса, да крыві акраплення, што лепш за кроў Абэля прамаўляе.
Глядзе́це, не адвярне́цеся й вы ад таго, хто гаворыць. Бо, калі тыя не ўцяклі, не паслухаўшы прарочыўшага на зямлі, то тым бале́й мы, калі адве́рнемся ад нябе́снага,
Глядзіце, не адвярніцеся ад Гаворачага. Бо калі тыя не ўцяклі ад кары, адвярнуўшыся ад таго, які гаварыў на зямлі, то тым больш мы, калі адвернемся ад Таго, Які да нас з нябёсаў гаворыць.
голас Якога тады захістаў зямлёю, цяпе́р жа прырок, кажучы: Яшчэ раз устрасяну ня толькі зямлю, але й не́ба (Агея 2:7).
Голас Яго страсянуў тады зямлю, а цяпер абвяшчае, кажучы: «Яшчэ раз страсяну і ўстрасу не толькі зямлю, але і неба».
Словы «яшчэ раз» паказваюць зьме́ну ўстраса́нага, як створанага, каб трываць непарушна.
Што кажа «яшчэ раз», дык абвяшчае змяненне расхістанага як створанага, каб заставалася непахіснае.
Дык мы, прыняўшы царства непарушнае, ласку ма́ем, праз якую служыцімем Богу даспадобы з саромлівасьцяй і страхам,
Дык вось, прымаючы валадарства непарушнае, будзьма мець ласку, праз якую, падабаючыся Богу, будзем служыць Яму з багабойнасцю і страхам.
бо Бог наш ёсьць агонь, што пажырае (Другазаконьне 4:24).
Бо Бог наш — гэта агонь паглынаючы.