Да Габрэяў 11 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
Ве́ра-ж ёсьць зьдзейсьне́ньне спадзяванага, пэўнасьць у рэчах, якіх ня бачым.
Вера — гэта здзяйсненне чаканага і пэўнасць у рэчах, якіх не бачым.
Бо ў ёй пасьве́дчаны старажытныя.
Дзякуючы ёй продкі атрымалі сведчанне.
Ве́раю пазнае́м, што вякі скла́дзены словам Божым, каб з нявідомага сталася ба́чнае.
Праз веру пазнаём, што словам Божым наладжаны вякі і што з нябачнага паўстала бачнае.
Ве́раю Авель прынёс Богу ахвяру, ле́пшую за Ка́інаву, ды е́ю дастаў сьвядоцтва пра́веднасьці, як засьве́дчыў Бог аб дарох яго; е́ю ён яшчэ й паме́ршы гаворыць.
Праз веру Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сведчанне, што ён справядлівы. Бо Бог засведчыў пра яго дары, і праз яе нават памерлы гаворыць.
Ве́раю Энох быў перане́сены, каб Яму сьме́рці ня бачыць; і не знайшлі яго, бо перанёс яго Бог. Бо да перанясе́ньня яго было пасьве́дчана аб ім, што дагадзіў Богу.
Праз веру Гэнох перанесены быў, каб не бачыў смерці, і не знайшлі яго, бо перасяліў яго Бог; бо перад перанясеннем сваім атрымаў сведчанне, што ён мілы Богу.
А бяз ве́ры дагадзіць немагчыма; бо хто прыходзіць да Бога, мусіць ве́рыць, што Ён ёсьць і шукаючым Яго дае́ нагароду.
А без веры немагчыма падабацца Богу. Бо трэба верыць, шукаючы Бога, што Ён ёсць і шукаючым Яго дае ўзнагароду.
Ве́раю Ной, дазнаўшыся аб ніколі ня бачаным, праз асьцярожнасьць пабудаваў карабе́ль на спасеньне дому свайго; е́ю асудзіў ён сьве́т і па ве́ры ўнасьле́даваў праведнасьць.
Праз веру атрымаў Ной аб’яўленне аб тым, што яшчэ было нябачным, і богабаязна пабудаваў каўчэг на выратаванне сям’і сваёй. Праз яе асудзіў ён свет і стаўся спадкаемцам справядлівасці праз веру.
Ве́раю пакліканы Аўраам паслухаўся, каб ісьці ў ме́сца, якое ме́ў дастаць у спадчыну, і выйшаў, ня ве́даючы, куды йдзе́.
Праз веру пакліканы Абрагам паслухаўся пайсці ў месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не ведаючы, куды ідзе.
Ве́раю асе́ў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, і жыў у шатрох з Ізаакам і Якубам, сунасьле́днікамі таго-ж прырачэньня;
Праз веру асеў ён у зямлі абяцанай, як у чужой, у палатках пражываючы з Ізаакам і Якубам, са спадкаемцамі таго ж самага абяцання.
бо чакаў ме́ста, маючага фундамэнты, якога будаўнічы й тварэц — Бог.
Бо спадзяваўся на горад, які мае моцныя падмуркі, будаўнічы якога і творца — Бог.
Ве́раю й сама́ Сара прыняла сілу на зачацьце насе́ньня і не па часе ве́ку спарадзіла, бо ве́рным лічыла Таго, Хто даў абяцаньне.
Праз веру і сама Сара, бясплодная, нягледзячы на ўзрост, атрымала моц на пачацце нашчадка і нарадзіла, бо паверыла, што верны Той, Які даў абяцанне.
І дзеля гэтага ад аднаго, пры тым амярцьве́лага, нарадзілася гэтак многа, як многа зораў на не́бе і як нязьлічо́ны пясок, што на ўзьбярэжжы мора.
Дзеля таго і ад аднаго, прытым амярцвелага, нарадзілася шмат, як зорак на небе і як пяску незлічонага на беразе мора.
Усе́ тыя паме́рлі водле ве́ры, не атрымаўшы абяцанага, а толькі здалёк пабачыўшы яго, і ве́рылі, і це́шыліся, і казалі аб сабе́, што яны чужынцы й прыходні на зямлі.
Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы таго, што ім было абяцана, толькі здалёк аглядаючы яго, вітаючы і вызнаючы, што на зямлі яны толькі вандроўнікі і госці.
Бо тыя, што гэтак кажуць, паказваюць, што яны бацькаўшчыну шукаюць;
Бо якія так кажуць, паказваюць, што шукаюць бацькаўшчыны.
і, калі-б памяталі тую, з якое выйшлі, дык ме́лі-б час вярнуцца.
Калі ж бы тую ўспаміналі, з якой выйшлі, знайшлі б час у яе вярнуцца.
Але яны ле́пшага пажадалі, гэта ёсьць нябе́снага; дзеля гэтага і Бог не сароміцца іх, каб іхнім Богам называцца, бо Ён прыгатаваў ім ме́ста.
Але яны тужаць па лепшай, гэта значыць па нябеснай. Вось таму Бог не саромеецца называць Сябе іх Богам, бо падрыхтаваў ім горад.
Ве́раю Аўраам, спакуша́ны, прывёў Ізаака і, прыняўшы прырачэньне, прынёс адзінароднага,
Праз веру прынёс Абрагам Ізаака, калі выпрабоўваўся, і адзінага сына склаў у ахвяру той, які атрымаў абяцанне
аб якім было сказана: У Ізааку назаве́цца насе́ньне табе́ (Быцьцё 21:12);
і якому было сказана: «Ад Ізаака будуць называцца твае нашчадкі».
бо ён думаў, што Бог ма́е сілу і з мёртвых ускрасіць, дзеля чаго й дастаў яго на ўзор.
Верыў жа ён, што і мёртвага можа Бог уваскрасіць; таму і атрымаў яго ў вобраз.
Ве́раю ў будучае пабагаславіў Ізаак Якуба й Ізава.
Праз веру ў будучыню дабраславіў Ізаак Якуба і Эзава.
Ве́раю Якуб, паміраючы, пабагаславіў кожнага сына Язэпавага і пакланіўся на ве́рх кія свайго.
Праз веру Якуб, паміраючы, дабраславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся перад верхам кія свайго.
Ве́раю Язэп, канчаючыся, аб выхадзе сыноў Ізраілявых успамінаў і даў загад аб касьцёх сваіх.
Праз веру Язэп, паміраючы, нагадваў аб выхадзе сыноў Ізраэля і даў даручэнне адносна сваіх касцей.
Ве́раю Майсе́й па нараджэньні тры ме́сяцы хаваны быў бацькамі сваімі, бо бачылі, што дзіця харошае, і не спало́халіся царскага загаду.
Праз веру Майсей быў укрываны бацькамі сваімі на працягу трох месяцаў ад свайго нараджэння, бо бачылі, што прыгожае дзіцятка, і не спалохаліся загаду фараона.
Ве́раю Майсе́й, як вырас, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавае
Вырасшы, Майсей праз веру адмовіўся называцца сынам дачкі фараона,
і ле́пей захаце́ў паку́таваць з народам Божым, чым ме́ць дачэсную раскошу грэху,
лепш выбіраючы быць пераследаваным разам з народам Божым, чым мець часовую прыемнасць граху.
зьнявагу Хрыстовую палічыўшы большым багацьцем, чым скарбы эгіпскія; бо ён на нагароду аглядаўся.
Бо лічыў за большае багацце знявагі Хрыстовы, чым скарбы егіпецкія, бо глядзеў на ўзнагароду.
Ве́раю пакінуў ён Эгіпет, не ўбаяўшыся царскага гне́ву: бо цьвёрды быў, быццам ба́чачы Нявідомага.
Праз веру пакінуў ён Егіпет, не збаяўшыся злосці царскай; вытрываў, як быццам бачачы Нябачнага.
Ве́раю зрабіў пасху і праліцьце крыві, каб нішчыцель першако́ў іх не крануў.
Праз веру справіў Пасху і апырскванне крывёй, каб знішчальнік першынцаў не крануў іх.
Ве́раю перайшлі яны цераз Чырвонае мора, як па сухапуцьцю; чаго паспробаваўшы, Эгіпцяне патапіліся.
Праз веру перайшлі яны Чырвонае мора, як быццам па сухой зямлі; калі ж спрабавалі гэта зрабіць егіпцяне, былі патоплены.
Ве́раю ўпалі сьце́ны Эрыхонскія, абходжаныя навакол се́м дзён.
Праз веру паразвальваліся муры Ерыхона, калі абыходзілі іх вакол сем дзён.
Ве́раю Рааб блудніца, з мірам прыняўшы выве́дчыкаў, не пагібла з няве́рнымі.
Праз веру блудніца Рахаб не загінула разам з няверуючымі, бо ў супакоі прыняла выведчыкаў.
Дый што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне́ часу, каб апавядаць аб Гедэоне, аб Вараку, аб Самсоне ды Ефтаю, аб Давідзе і Самуіле, ды аб прароках,
Ды што яшчэ маю сказаць? Не хапіла б часу расказваць пра Гедэона, Барака, Самсона, Яфтаха, Давіда, Самуэля і прарокаў,
якія ве́раю перамагалі царствы, чынілі праўду, даставалі прырачэньні, загараджалі ля́пы львоў,
якія вераю перамагалі царствы, аказвалі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам,
тушылі сілу агню, уцякалі ад гострага мяча, крапчэлі ад слабасьці, ставаліся дужымі на вайне́, прымушалі ўцякаць палкі чужых.
тушылі полымя агню, усцерагаліся смерці ад меча, ачуньвалі ад немачы, былі стойкімі ў баях, змушаючы ўцякаць дружыны ворагаў;
Жоны паме́ршых сваіх з ускрасе́ньня даставалі; іншыя-ж былі заму́чаныя, ня прыняўшы вызвале́ньня, каб дастаці ле́пшае ўскрасе́ньне;
жонкі атрымлівалі сваіх памерлых уваскрослымі. Іншыя былі замучаны, не прыняўшы вызвалення, каб атрымаць лепшае ўваскрэсенне;
другія паспыталі зьдзе́каў і біцьця, ды йшчэ путаў і вязьніцы,
іншыя ж нацярпеліся здзекаў і біцця ды яшчэ кайданоў ды астрогу,
былі каме́ньнямі пабіваныя, распіловываныя, мучаныя, паміралі ад мяча́, туляліся ў гаве́чых ды казіных скурах, це́рпячы нэндзу, гора, нягоды,
каменавалі іх, перапілоўвалі і катавалі, гінулі яны ад меча, туляліся ў авечых і казліных скурах, жылі ў горы, нястачах і прыгнёце.
(іх уве́сь сьве́т ня быў варты), бадзяліся па пустынях і горах, па пячорах і шчы́лінах зямлі.
Не варты быў іх свет, а блукалі [яны] па пустынях, па гарах, у пячорах і шчылінах зямлі.
І ўсе́ гэтыя, дастаўшы пасьве́дчаньне праз ве́ру, не дасталі абяца́нага,
І ўсе гэтыя, атрымаўшы сведчанне праз веру, не атрымалі абяцанага,
бо Бог прадугле́дзіў аб нас не́шта ле́пшае, каб яны не бяз нас дасяглі дасканаласьці.
дзеля таго, што Бог прадбачыў для нас нешта лепшае, каб яны не без нас дасягнулі дасканаласці.