1 Вера — гэта здзяйсненне чаканага і пэўнасць у рэчах, якіх не бачым.
2 Дзякуючы ёй продкі атрымалі сведчанне.
3 Праз веру пазнаём, што словам Божым наладжаны вякі і што з нябачнага паўстала бачнае.
4 Праз веру Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сведчанне, што ён справядлівы. Бо Бог засведчыў пра яго дары, і праз яе нават памерлы гаворыць.
5 Праз веру Гэнох перанесены быў, каб не бачыў смерці, і не знайшлі яго, бо перасяліў яго Бог; бо перад перанясеннем сваім атрымаў сведчанне, што ён мілы Богу.
6 А без веры немагчыма падабацца Богу. Бо трэба верыць, шукаючы Бога, што Ён ёсць і шукаючым Яго дае ўзнагароду.
7 Праз веру атрымаў Ной аб’яўленне аб тым, што яшчэ было нябачным, і богабаязна пабудаваў каўчэг на выратаванне сям’і сваёй. Праз яе асудзіў ён свет і стаўся спадкаемцам справядлівасці праз веру.
8 Праз веру пакліканы Абрагам паслухаўся пайсці ў месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не ведаючы, куды ідзе.
9 Праз веру асеў ён у зямлі абяцанай, як у чужой, у палатках пражываючы з Ізаакам і Якубам, са спадкаемцамі таго ж самага абяцання.
10 Бо спадзяваўся на горад, які мае моцныя падмуркі, будаўнічы якога і творца — Бог.
11 Праз веру і сама Сара, бясплодная, нягледзячы на ўзрост, атрымала моц на пачацце нашчадка і нарадзіла, бо паверыла, што верны Той, Які даў абяцанне.
12 Дзеля таго і ад аднаго, прытым амярцвелага, нарадзілася шмат, як зорак на небе і як пяску незлічонага на беразе мора.
13 Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы таго, што ім было абяцана, толькі здалёк аглядаючы яго, вітаючы і вызнаючы, што на зямлі яны толькі вандроўнікі і госці.
14 Бо якія так кажуць, паказваюць, што шукаюць бацькаўшчыны.
15 Калі ж бы тую ўспаміналі, з якой выйшлі, знайшлі б час у яе вярнуцца.
16 Але яны тужаць па лепшай, гэта значыць па нябеснай. Вось таму Бог не саромеецца называць Сябе іх Богам, бо падрыхтаваў ім горад.
17 Праз веру прынёс Абрагам Ізаака, калі выпрабоўваўся, і адзінага сына склаў у ахвяру той, які атрымаў абяцанне
18 і якому было сказана: «Ад Ізаака будуць называцца твае нашчадкі».
19 Верыў жа ён, што і мёртвага можа Бог уваскрасіць; таму і атрымаў яго ў вобраз.
20 Праз веру ў будучыню дабраславіў Ізаак Якуба і Эзава.
21 Праз веру Якуб, паміраючы, дабраславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся перад верхам кія свайго.
22 Праз веру Язэп, паміраючы, нагадваў аб выхадзе сыноў Ізраэля і даў даручэнне адносна сваіх касцей.
23 Праз веру Майсей быў укрываны бацькамі сваімі на працягу трох месяцаў ад свайго нараджэння, бо бачылі, што прыгожае дзіцятка, і не спалохаліся загаду фараона.
24 Вырасшы, Майсей праз веру адмовіўся называцца сынам дачкі фараона,
25 лепш выбіраючы быць пераследаваным разам з народам Божым, чым мець часовую прыемнасць граху.
26 Бо лічыў за большае багацце знявагі Хрыстовы, чым скарбы егіпецкія, бо глядзеў на ўзнагароду.
27 Праз веру пакінуў ён Егіпет, не збаяўшыся злосці царскай; вытрываў, як быццам бачачы Нябачнага.
28 Праз веру справіў Пасху і апырскванне крывёй, каб знішчальнік першынцаў не крануў іх.
29 Праз веру перайшлі яны Чырвонае мора, як быццам па сухой зямлі; калі ж спрабавалі гэта зрабіць егіпцяне, былі патоплены.
30 Праз веру паразвальваліся муры Ерыхона, калі абыходзілі іх вакол сем дзён.
31 Праз веру блудніца Рахаб не загінула разам з няверуючымі, бо ў супакоі прыняла выведчыкаў.
32 Ды што яшчэ маю сказаць? Не хапіла б часу расказваць пра Гедэона, Барака, Самсона, Яфтаха, Давіда, Самуэля і прарокаў,
33 якія вераю перамагалі царствы, аказвалі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам,
34 тушылі полымя агню, усцерагаліся смерці ад меча, ачуньвалі ад немачы, былі стойкімі ў баях, змушаючы ўцякаць дружыны ворагаў;
35 жонкі атрымлівалі сваіх памерлых уваскрослымі. Іншыя былі замучаны, не прыняўшы вызвалення, каб атрымаць лепшае ўваскрэсенне;
36 іншыя ж нацярпеліся здзекаў і біцця ды яшчэ кайданоў ды астрогу,
37 каменавалі іх, перапілоўвалі і катавалі, гінулі яны ад меча, туляліся ў авечых і казліных скурах, жылі ў горы, нястачах і прыгнёце.
38 Не варты быў іх свет, а блукалі [яны] па пустынях, па гарах, у пячорах і шчылінах зямлі.
39 І ўсе гэтыя, атрымаўшы сведчанне праз веру, не атрымалі абяцанага,
40 дзеля таго, што Бог прадбачыў для нас нешта лепшае, каб яны не без нас дасягнулі дасканаласці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Ліст да Гебраяў, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017