1 Гэты вось Мэльхісэдэх, цар Салема, святар Бога Найвышэйшага, выйшаў насустрач Абрагаму, які вяртаўся пасля разгрому цароў, і дабраславіў яго.
2 Яму таксама даў Абрагам дзесяціну з усяго. Імя яго абазначае, па-першае, цар справядлівасці, а потым і цар Салема, што значыць: цар Супакою.
3 Без бацькі, без маці, без радаводу, без пачатку дзён і не маючы канца жыцця, ён упадобніўся Сыну Божаму і застаецца святаром навекі.
4 Дык бачыце, які вялікі той, каму патрыярх Абрагам даў дзесяціну са здабычы.
5 Вось, і тыя з сыноў Левія, што атрымліваюць святарства, маюць наказ браць дзесяціны з народа паводле закону, значыць ад братоў сваіх, хоць і яны выводзяцца са сцёгнаў Абрагама.
6 Той жа не залічаўся да іх роду, узяў, аднак, дзесяціну ад Абрагама і таго, які меў абяцанне, дабраславіў.
7 Без ніякай супярэчнасці, тое, што меншае, дабраслаўляецца большым.
8 І тут людзі смяротныя бяруць дзесяціны, а там Той, Хто мае сведчанне, што жыве.
9 І, калі можна так сказаць, таксама і Леві, які бярэ дзесяціны, аддаў дзесяціну праз Абрагама,
10 бо ён яшчэ быў у сцёгнах бацькі, калі Мэльхісэдэх выйшаў яму насустрач.
11 Калі б дасканаласць дасягальнай была праз святарства левітаў, бо народ атрымаў закон ад яго, то нашто было ўстанаўляць яшчэ іншага святара на ўзор Мэльхісэдэха, а не на ўзор Аарона называцца?
12 Бо са зменай святарства павінен змяніцца і закон.
13 Той, пра Якога тут гаворыцца, паходзіць з іншага пакалення, з якога ніхто не служыў пры ахвярніку.
14 Ведама ж, што з Юды паходзіць наш Госпад, а Майсей нічога не казаў аб святарах з гэтага пакалення.
15 Дык гэта яшчэ больш выразным становіцца, калі на ўзор Мэльхісэдэха выступае іншы святар,
16 які не паводле закону цялеснага прыказання стаўся такім, але паводле магутнасці нязменнага жыцця.
17 Бо прыводзіцца сведчанне: «Ты — Святар навекі на ўзор Мэльхісэдэха».
18 Такім чынам касуецца папярэдняе прыказанне дзеля яго кволасці і некарыснасці.
19 Бо нічога не давёў той закон да дасканаласці, але быў уступам лепшай надзеі, праз якую набліжаемся да Бога.
20 Тым больш, што сталася гэта не без прысягі, бо тыя станавіліся святарамі без прысягі,
21 а Гэты — з прысягаю Таго, Які сказаў Яму: «Прысягнуў Госпад і не пашкадуе: Ты — Святар навекі на ўзор Мэльхісэдэха».
22 Вось чаму Ісус стаў Паручыцелем лепшага запавету.
23 І тых многа станавіліся святарамі паводле запавету, таму што смерць не дазваляла трываць аднаму;
24 Гэты праз тое, што трывае вечна, мае святарства непераходзячае.
25 Дзеля таго і збаўляць можа Ён заўсёды тых, якія прыступаюць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб за іх заступацца.
26 Такога, вось, належала мець нам Першасвятара, святога, нявіннага, беззаганнага, аддзеленага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над неба,
27 Які не мае патрэбы, як першасвятары, складаць штодзень ахвяры перш за свае злачынствы, а пасля — за злачынствы народа, бо гэта Ён зрабіў раз назаўсёды, складаючы Самога Сябе.
28 Бо закон стаўляе першасвятарамі людзей кволых, слова ж прысягі, што пасля закону, — Сына, дасканалага навекі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Ліст да Гебраяў, 7 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017