Да Габрэяў 4 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Дык будзем баяцца, каб, калі яшчэ трывае абяцаньне ўвайсьці ў супачынак Ягоны, ня думаў хто з вас, што ён горшы.
Затым боймася, каб, як застаецца абятніца ўходу да супакою Ягонага, не спазьніўся ніхто з вас.
Бо і нам [гэта] дабравешчана, як і тым; але ім не дало карысьці пачутае слова, бо не спалучылася з вераю тых, якія слухалі.
Бо запраўды мы мелі Евангелю, даную нам, аднолькава як яны; але не дало ім карысьці чутае, не рашчыненае вераю слухачых.
Бо ўваходзім у супачынак мы, якія паверылі, бо Ён сказаў: «Дык прысягнуў Я ў гневе Маім, што ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой», хоць справы [Ягоныя] сталіся ад заснаваньня сьвету.
Бо мы, каторыя ўверылі, увыйдзем да супакою, як Ён сказаў: «Як Я прысягаў у гневе Сваім: "Яны ня ўвыйдуць у супакой Мой"», хоць учынкі былі скончаны ад закладзінаў сьвету.
Бо сказана недзе наконт сёмага дню гэтак: «І супачыў Бог у дзень сёмы ад усіх справаў Сваіх».
Бо нейдзе сказана празь сёмы гэтак: «І супачыў Бог сёмага дня ад усіх учынкаў Сваіх».
І яшчэ тут: «Ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой».
І ўзноў на тым месцу: «Ня ўвыйдуць у супакой Мой?»
Дык, калі некаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, якім раней дабравешчана, не ўвайшлі ў яго за няскоранасьць,
Дык бачым, што некатрым застаецца ўвыйсьці ў яго, а тыя, што першыя чулі Дабравесьць, ня ўвыйшлі з прычыны непаслухменства.
ізноў Ён вызначае дзень “сёньня”, кажучы праз Давіда, праз гэтулькі часу, як было сказана: «Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, не закамяняйце сэрцы вашыя».
І зноў прызначае якісь дзень, кажучы ў Давіда «Цяпер», па такім часе, як сказана вышэй: «Цяпер, як пачуеце голас Ягоны, не каляньце сэрцаў сваіх».
Бо калі б Егошуа даў тым супачынак, не было б сказана пасьля таго пра іншы дзень.
Бо, калі б Ісус Нунянок даў ім супакой, не казаў бы пасьлей празь іншы дзень.
Таму застаецца для народу Божага захаваньне суботы.
Значыцца, застаецца сыбоцтва люду Божаму.
Бо хто ўвайшоў у супачынак Ягоны, той і сам супачыў ад справаў сваіх, як і Бог ад Сваіх.
Бо хто ўвыйшоў у супакой Ягоны, тый таксама супачыў ад працаў сваіх, як Бог ад Сваіх.
Дык будзем намагацца ўвайсьці ў супачынак гэты, каб хто за тым прыкладам не палёг праз няскоранасьць.
Дык стараймася ўвыйсьці ў тый супакой, каб ніхто ня ўпаў подле прыкладу таго ў няслуханьне.
Бо слова Божае жывое і дзейснае, і вастрэйшае за ўсякі меч двусечны, і працінае аж да разьдзяленьня душы і духа, суставаў і шпіку, і судзіць думкі і намеры сэрца.
Бо слова Божае жывое а дзеючае, і астрэйшае за кажны абаротны меч, і праходзячае да падзелу душы й духа, суставаў і шпіку, і распазнаець думкі а замеры сэрца.
І няма стварэньня, схаванага перад Ім, але ўсё аголена і адкрыта перад вачыма Таго, пра Якога нашае слова.
І няма стварэньня, няяўнага Яму, але ўсе аголена а адкрыта перад ачыма Ягонымі: Яму здамо лічбу.
Дык, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў праз неба, Ісуса, Сына Божага, будзем трымацца вызнаньня.
Дык, маючы вялікага найвышшага Сьвятара, што перайшоў нябёсы, Ісуса, Сына Божага, дзяржымася моцна вызнаньня.
Бо маем Першасьвятара не такога, што ня можа спачуваць слабасьцям нашым, але такога, які, падобна нам, дазнаў спакушэньня ў-ва ўсім, апрача грэху.
Бо мы маем не такога найвышшага сьвятара, што ня здольны быў бы спагадаць нам у няўздоленьнях нашых: Ён быў спакушаны ў вусім, будучы ў нашай падобнасьці, але бяз грэху.
Дык будзем набліжацца з адвагаю да пасаду ласкі, каб атрымаць літасьць і знайсьці ласку дапамогі ў адпаведны час.
Затым дабліжмася з адвагаю да пасаду ласкі, каб адзяржаць міласэрдзе і знайсьці ласку да паравое помачы.