Да Габрэяў 4 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi
Дык будзем баяцца, каб, калі яшчэ трывае абяцаньне ўвайсьці ў супачынак Ягоны, ня думаў хто з вас, што ён горшы.
А таму будзем баяцца, каб, у той час як застаецца абяцанне ўвайсці ў Яго спакой, каб не выявілася, што хтосьці з вас, спазніўся.
Бо і нам [гэта] дабравешчана, як і тым; але ім не дало карысьці пачутае слова, бо не спалучылася з вераю тых, якія слухалі.
Бо і добрую вестку, мы атрымалі, гэтак жа як і тыя, але не пайшло ім на карысць пачутае слова, бо не паядналася з вераю тых, хто пачуў.
Бо ўваходзім у супачынак мы, якія паверылі, бо Ён сказаў: «Дык прысягнуў Я ў гневе Маім, што ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой», хоць справы [Ягоныя] сталіся ад заснаваньня сьвету.
Бо ўваходзім у спакой мы, якія ўверавалі, як Ён сказаў: «Як Я пакляўся ў Маім гневе: «Не ўвойдуць яны ў Мой спакой!» — хоць Яго справы былі завершаны ад заснавання свету.
Бо сказана недзе наконт сёмага дню гэтак: «І супачыў Бог у дзень сёмы ад усіх справаў Сваіх».
Бо недзе Ён сказаў пра сёмы дзень так: «І супачыў Бог у сёмы дзень ад усіх Сваіх спраў»;
І яшчэ тут: «Ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой».
і яшчэ ў гэтым месцы: «Не ўвойдуць яны ў Мой спакой!»
Дык, калі некаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, якім раней дабравешчана, не ўвайшлі ў яго за няскоранасьць,
Так што, як некаторым застаецца ўвайсці ў яго, а тыя, якія раней была абвешчана добрая вестка, не ўвайшлі з-за непакорнасці, —
ізноў Ён вызначае дзень “сёньня”, кажучы праз Давіда, праз гэтулькі часу, як было сказана: «Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, не закамяняйце сэрцы вашыя».
Ён зноў вызначае нейкі дзень, «сёння», кажучы праз Давіда пасля такога доўгага часу, як раней было сказана: «Сёння, калі пачуеце голас Яго, не рабіце жорсткімі вашы сэрцы».
Бо калі б Егошуа даў тым супачынак, не было б сказана пасьля таго пра іншы дзень.
Бо, каб Ісус Навін увёў іх у спакой, то Ён не казаў бы пасля гэтага аб іншым дні.
Таму застаецца для народу Божага захаваньне суботы.
Тады застаецца для народа Божага святкаванне суботы.
Бо хто ўвайшоў у супачынак Ягоны, той і сам супачыў ад справаў сваіх, як і Бог ад Сваіх.
Бо той, хто ўвайшоў у Яго спакой, і сам супачыў ад сваіх спраў, як Бог — ад Сваіх.
Дык будзем намагацца ўвайсьці ў супачынак гэты, каб хто за тым прыкладам не палёг праз няскоранасьць.
Дык пастараемся ўвайсці ў той спакой, каб хто за тым жа прыкладам не ўпаў у непакорнасць.
Бо слова Божае жывое і дзейснае, і вастрэйшае за ўсякі меч двусечны, і працінае аж да разьдзяленьня душы і духа, суставаў і шпіку, і судзіць думкі і намеры сэрца.
Бо слова Божае жывое, і дзейснае, і вастрэйшае за ўсялякі двусечны меч і пранікае нават да падзелу душы і духу, суставаў і мазгоў, і можа распазнаць думкі і намеры сэрца.
І няма стварэньня, схаванага перад Ім, але ўсё аголена і адкрыта перад вачыма Таго, пра Якога нашае слова.
І няма стварэння, схаванага перад Ім, а ўсё аголена і адкрыта перад вачыма Яго; Яму дадзім справаздачу.
Дык, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў праз неба, Ісуса, Сына Божага, будзем трымацца вызнаньня.
Тады, маючы вялікага Першасвятара, Які прайшоў нябёсы, Ісуса, Сына Божага, давайце будзем цвёрда трымацца нашага вызнання.
Бо маем Першасьвятара не такога, што ня можа спачуваць слабасьцям нашым, але такога, які, падобна нам, дазнаў спакушэньня ў-ва ўсім, апрача грэху.
Бо мы маем не такога Першасвятара, які не можа спачуваць нашым слабасцям, а выпрабаванага ва ўсім, як мы, але без граху.
Дык будзем набліжацца з адвагаю да пасаду ласкі, каб атрымаць літасьць і знайсьці ласку дапамогі ў адпаведны час.
Дык прыступаем з адвагаю да трона ласкі Божай, каб атрымаць нам міласць і знайсці ласку дзеля своечасовай дапамогі.