Да Габрэяў 13 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Браталюбства, між вамі няхай будзе.
Братняя любосьць няхай трывае.
Гасьціннасьці да вандроўнікаў не забывайце; бо празь яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцінна прынялі анёлаў.
Гасьціннасьці не забывайцеся, бо перазь яе некатрыя, ня ведаючы, ангілаў гасьцінна прыймалі.
Памятайце вязьняў, як бы і вы зь імі былі ў кайданах, і пакутнікаў, бо і самі вы ў целе.
Памятуйце празь вязьняў, бы спутаныя зь імі, і тых, што церпяць, бо вы таксама ў целе.
Шлюб ва ўсіх няхай будзе пачэсны і ложак беззаганны; а распусьнікаў і пералюбцаў судзіць Бог.
Жанімства пасьцівае ў вусім і ложак незабрудзянены; бязуляў жа а чужаложнікаў будзе судзіць Бог.
Майце нораў несрэбралюбны, задавольвайцеся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: «не пакіну цябе і не адступлюся ад цябе»,
Няхай жыцьцё вашае будзе бязь любосьці грошы, здаваляйцеся тым, што ё. Бо сказаў: «Не пакіну цябе і ня кіну цябе»;
так што мы кажам адважна: «Гасподзь мне памочнік, і не збаюся: што зробіць мне чалавек?»
Так што мы адважна кажам: «Спадар імне памачнік, і не баюся; што зробе імне людзіна?»
Спамінайце настаўнікаў вашых, якія дабравесьцілі вам слова Божае, і, гледзячы на канец іхняга жыцьця, пераймайце іхнюю веру.
Памятуйце кіраўнікоў сваіх, каторыя казалі вам Слова Божае; разглядаючы вынік паступку іхнага, пераймайце веру іхную.
Ісус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы.
Ісус Хрыстос учорах і сядні тый самы, і на векі.
Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра мілатою мацаваць сэрцы, а ня прысмакамі, ад якіх не атрымалі карысьці тыя, што іх спажывалі.
Навукамі рознымі й чужымі ня дайцеся быць зьведзенымі; бо добра ласкаю сіліць сэрцы, а ня ежамі, з каторых не адзяржалі карысьці тыя, што імі займаліся.
Мы маем ахвярнік, зь якога ня маюць права карміцца слугі скініі.
Мы маем аброчнік, з каторага тыя ня маюць права жывіцца, што служаць вітальні.
Бо целы жывёлін, кроў зь якіх, на ачышчэньне грэху, уносіцца першасьвятаром у сьвяцілішча, спальваюцца за табарам, —
Бо каторае жывёлы кроў уносе найвышшы сьвятар за грэх да Сьвятога Сьвятых, тае мяса спаляюць вонках табару, —
дык і Ісус, каб асьвяціць людзей Крывёю Сваёю, пацярпеў па-за брамаю.
Затым і Ісус, каб пасьвяціць людзёў крывёю Сваёй, пацярпеў вонках брамы.
Дык выйдзем жа да Яго за табар, нясучы Яго паганьбеньне;
Дык выйдзіма да яго за табар, носячы паганьбеньне Ягонае;
бо ня маем тут сталага горада, а шукаем будучага.
Бо мы ня маем тут штачаснага места, але шукаем прыйдучага.
Дык будзем жа празь Яго няспынна прыносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыцца, плод вуснаў, якія славяць імя Ягонае.
Дык будзем перазь Яго бязупынку абракаць Богу аброк хвалы, значыцца плод вуснаў, імя Ягонае вызнаючых.
Не забывайце таксама дабрачыннасьці і шчырай супольнасьці, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.
Дабрадзейства а ўдзельлівасьці не забывайцеся, бо такія аброкі любы Богу.
Слухайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорлівыя, бо яны нядрэмна рупяцца за вашыя душы, як абавязаныя даць адказ; каб яны рабілі гэта з радасьцю, а ня ўздыхаючы, бо гэта вам не карысна.
Слухайце кіраўнікоў сваіх і будзьце пакорныя, бо яны дбаюць праз душы вашыя, як тыя, што маюць здаць лічбу; каб яны рабілі гэта з радасьцяй, а ня ўздыхаючы, бо вам гэта некарысна.
Малецеся за нас; бо мы ўпэўненыя, што маем добрае сумленьне, бо ва ўсім хочам паводзіцца сумленна.
Маліцеся за нас, бо мы пераканаўшыся, што маем добрае сумленьне, у вусім зычачы паступаць добра.
Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй вернуты быў вам.
Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я баржджэй вернены быў вам.
А Бог згоды, Які ўзьнёс зь мёртвых Пастыра авечак вялікага Крывёю запавета вечнага, Госпада нашага Ісуса (Хрыста),
Бог жа супакою, Каторы ўскрысіў зь мертвых Спадара нашага Ісуса Хрыста, вялікага пастыра авец, крывёю змовы вечнае,
хай удасканаліць вас у кожнай добрай дзеі, на выкананьне волі Ягонай, творачы ў вас заўгоднае Яму, празь Ісуса Хрыста. Яму слава на векі вечныя! Амін.
Хай удасканале вас у кажнай добрай справе да чыненьня волі Ягонае, дзеючы ў вас любае Яму перазь Ісуса Хрыста, Катораму слава на векі вякоў. Амін.
Прашу вас, браты, прымеце гэтае слова ўмаўленьня; я ж няшмат і напісаў вам.
Прашу ж вас, браты, сьцярпіце гэтае слова захочаньня; я ж ня шмат і напісаў вам.
Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены, і я разам зь ім, калі ён неўзабаве прыйдзе, пабачу вас.
Ведайце, што брат наш Цімох вывальнены; і я разам ізь ім (калі ён уборзьдзе прыйдзе) абачу вас.
Вітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас Італійскія.
Здаровайце ўсіх кіраўнікоў сваіх і ўсіх сьвятых. Здароваюць вас італьскія.
Мілата з усімі вамі. Амін.
Ласка з усімі вамі. Амін.