Да Габрэяў 6 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Пасьля, пакінуўшы пачаткі вучэньня Хрыстовага, пасьпяшаймася да дасканаласьці; і ня будзем зноў закладваць аснову да каяньня за мёртвыя дзеі і аснову веры ў Бога,
Затым, пакінуўшы пачатак Слова Хрыстовага, зьвярнімася да выросласьці, не закладаючы ізноў поду каяты за мертвыя ўчынкі і поду ўзглядам веры ў Бога,
вучэньню пра хрышчэньні, пра ўскладаньне рук, пра ўваскрэсеньне мёртвых і пра суд вечны.
Навукі праз хрысты а праз усклад рук а праз ускрысеньне мертвых а праз суд вечны.
І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
І гэта зробім, калі Бог дазволе.
Бо немагчыма — тых, што адзін раз пасьвечаныя і паспыталі дару нябеснага, і зрабіліся супольнікамі Духа Сьвятога,
Бо нельга — аднойчы асьвечаных, каторыя, і паспыталіся дару нябёснага, і сталі ўчасьнікамі Духа Сьвятога,
і паспыталі добраснага слова Божага і сіл будучага веку,
І паспыталіся добрага Слова Божага і магутнасьці будучага веку,
і адпалі, — нанава ўзнаўляць пакаяньнем, калі яны зноў крыжуюць у сабе Сына Божага і паглумляюць Яго.
І адпалі, ізноў аднаўляць каятаю, калі яны ізноў крыжуюць у сабе Сына Божага і выстаўляюць Яго на зьдзек.
Зямля, якая піла дождж, што шматкроць на яе ападае, і родзіць збажыну, карысную тым, каму і вырошчваецца, прымае дабраславеньне ад Бога;
Бо зямля, каторая п’ець дождж, што часта зыходзе на яе, расьціць рошчу, карысную тым, дзеля каторых урабляецца, прыймае дабраславенства ад Бога;
а якая плодзіць церні і бадзякі — няпрыдатная і блізкая да пракляцьця, канец якога — спаленьне.
Але даючая церне а асот адхінена і блізкая да праклёну, каторага канец — спаленьне.
А што да вас, любасныя, дык мы спадзяёмся, што вы ў лепшым стане і трымаецеся збавеньня, хоць і гаворым так.
Узглядам жа вас, любовыя, мы пэўныя лепшага і злучанага із спасеньням, нават калі гукаем гэтак.
Бо не несправядлівы Бог, каб забыў дзею вашую і працу любові, якую вы выявілі ў імя Ягонае, паслужыўшы і служачы сьвятым.
Бо не несправядлівы Бог, каб забыцца справу вашую і міласьць, каторую вы паказалі ў імя Ягонае, служыўшы й служачы сьвятым.
А жадаем, каб кожны з вас, дзеля поўнай пэўнасьці ў надзеі, выяўляў такую самую руплівасьць да канца;
Зычым жа, каб кажны з вас, дзеля супоўнае пэўнасьці надзеі, выказаваў такую самую рупатлівасьць да канца;
каб вы не разгультаіліся, а пераймалі тых, якія вераю і доўгай цярплівасьцю спадкуюць абяцаньні.
Каб вы ня былі тупыя, але перайманьнікамі тых, што вераю а цярплівосьцяй сталі спадкаемцамі абятніцы.
Бог, даючы абяцаньне Абрагаму, калі ня мог нікім вышэйшым прысягнуць, прысягаў Самім Сабою,
Бо Бог, даючы абятніцу Абрагаму, як ня меў на нікога вялікшага прысягаць, прысяг на Самога Сябе,
кажучы: «у ісьціне дабраслаўляючы, дабраслаўляю цябе і памнажаючы памножу цябе».
Кажучы: «Запраўды дабраславячы дабраслаўлю цябе і размнажаючы размнажу цябе».
І так Абрагам цярплівасьцю атрымаў абяцанае.
Гэтак, цярпліва чакаючы, адзяржаў абятніцу.
Людзі прысягаюць вышэйшым, і прысяга на сьведчаньне кладзе канец усякай спрэчцы іхняй.
Бо людзі запраўды прысягаюць на вялікшага і гэтым пацьверджаньням прысягаю канчаюць кажную сьпярэчку.
Таму і Бог, хочучы пераважней паказаць спадкаемцам абяцаньня непарушнасьць Сваёй волі, скарыстаўся прысягай,
Затым і Бог, зычачы мацней паказаць спадкаемцам абятніцы неадменнасьць пастанову Свайга, ужыў як сяродку прысягі,
каб у двух непарушных рэчах, у якіх немагчыма Богу зманіць, моцную ўцеху мелі мы, пастанавіўшы прыняць прызначаную надзею,
Каб у дзьвюх неадменных рэчах, у каторых немагчыма Богу зманіць, моцную пацеху мелі мы, уцеклыя да адзяржаньня ляжачае перад намі надзеі,
якая для душы ёсьць — быццам якар бясьпечны і моцны, і ўваходзіць усярэдзіну за заслону,
Каторая дзеля душы ё быццам калатоўка бясьпечная а непахісная, і ўходзе аж у нутр за запону,
куды як наш папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром навек па чыне Мелхісэдэка.
Куды, як перадходзец за нас, увыйшоў Ісус, стаў на векі найвышшым сьвятаром подле парадку Мельхісэдэкавага.