Да Габрэяў 6 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Пасьля, пакінуўшы пачаткі вучэньня Хрыстовага, пасьпяшаймася да дасканаласьці; і ня будзем зноў закладваць аснову да каяньня за мёртвыя дзеі і аснову веры ў Бога,
Пакінем жа пачатак Хрыстовага вучэння ды звернемся да таго, што дасканалае. Не будзем закладваць зноў падмурак, якім з’яўляецца адыход ад мёртвых учынкаў і вера ў Бога,
вучэньню пра хрышчэньні, пра ўскладаньне рук, пра ўваскрэсеньне мёртвых і пра суд вечны.
вучэнне аб хросце, ускладанні рук, уваскрашэнні і вечным судзе.
І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
І гэта зробім, калі толькі дазволіць Бог.
Бо немагчыма — тых, што адзін раз пасьвечаныя і паспыталі дару нябеснага, і зрабіліся супольнікамі Духа Сьвятога,
Бо немагчыма, каб тыя, якія ўжо раз былі асвячаныя і пакаштавалі нябеснага дару ды сталіся ўдзельнікамі Святога Духа,
і паспыталі добраснага слова Божага і сіл будучага веку,
якія пакаштавалі дабрыні Божага слова і моц будучага веку,
і адпалі, — нанава ўзнаўляць пакаяньнем, калі яны зноў крыжуюць у сабе Сына Божага і паглумляюць Яго.
але адпалі, маглі зноў навярнуцца. Яны крыжуюць у сабе Сына Божага і зневажаюць Яго.
Зямля, якая піла дождж, што шматкроць на яе ападае, і родзіць збажыну, карысную тым, каму і вырошчваецца, прымае дабраславеньне ад Бога;
Зямля, калі п’е дождж, які часта падае на яе, родзіць расліны на карысць тым, хто яе абрабляе, атрымлівае благаслаўленне ад Бога.
а якая плодзіць церні і бадзякі — няпрыдатная і блізкая да пракляцьця, канец якога — спаленьне.
Калі ж дае пустазелле, то яна непрыдатная і блізкая да праклёну, і ў канцы будзе спалена.
А што да вас, любасныя, дык мы спадзяёмся, што вы ў лепшым стане і трымаецеся збавеньня, хоць і гаворым так.
Мы, хоць так кажам, спадзяемся на вас, умілаваныя, што вы лепшыя і трымаецеся збаўлення.
Бо не несправядлівы Бог, каб забыў дзею вашую і працу любові, якую вы выявілі ў імя Ягонае, паслужыўшы і служачы сьвятым.
Бог не з’яўляецца несправядлівым, каб забыцца пра вашую працу і любоў, якую вы засведчылі ў Ягонае імя падчас мінулага і цяперашняга служэння святым.
А жадаем, каб кожны з вас, дзеля поўнай пэўнасьці ў надзеі, выяўляў такую самую руплівасьць да канца;
Таму жадаем, каб кожны з вас да канца засведчыў такую самую руплівасць у дачыненні да паўнаты надзеі,
каб вы не разгультаіліся, а пераймалі тых, якія вераю і доўгай цярплівасьцю спадкуюць абяцаньні.
каб вы не разленаваліся, але наследавалі тых, хто праз веру і доўгацярплівасць атрымлівае ў спадчыну абяцанні.
Бог, даючы абяцаньне Абрагаму, калі ня мог нікім вышэйшым прысягнуць, прысягаў Самім Сабою,
Даўшы абяцанне Абрагаму, Бог не мог паклясціся нікім большым і таму пакляўся самім сабою,
кажучы: «у ісьціне дабраслаўляючы, дабраслаўляю цябе і памнажаючы памножу цябе».
кажучы: «Сапраўды благаслаўлю цябе і памножу цябе».
І так Абрагам цярплівасьцю атрымаў абяцанае.
А паколькі той цярпліва чакаў, атрымаў абяцанае.
Людзі прысягаюць вышэйшым, і прысяга на сьведчаньне кладзе канец усякай спрэчцы іхняй.
Бо людзі клянуцца нечым большым, і заканчэнне кожнай сваёй спрэчкі яны падмацоўваюць клятвай.
Таму і Бог, хочучы пераважней паказаць спадкаемцам абяцаньня непарушнасьць Сваёй волі, скарыстаўся прысягай,
Таму і Бог, жадаючы яшчэ больш выразна паказаць спадкаемцам абяцання нязменнасць сваёй волі, пацвердзіў яго клятвай,
каб у двух непарушных рэчах, у якіх немагчыма Богу зманіць, моцную ўцеху мелі мы, пастанавіўшы прыняць прызначаную надзею,
каб дзякуючы дзвюм нязменным рэчам, у якіх не можа Бог зманіць, мы, якія прыбеглі схапіцца за прапанаваную надзею, мелі цвёрдую заахвоту.
якая для душы ёсьць — быццам якар бясьпечны і моцны, і ўваходзіць усярэдзіну за заслону,
Гэтая надзея для нас нібы якар душы, надзейны і моцны, які пранікае ўнутр па-за заслону,
куды як наш папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром навек па чыне Мелхісэдэка.
куды як папярэднік увайшоў за нас Езус, навекі стаўшы першасвятаром на ўзор Мэльхізэдэка.