Да Габрэяў 5 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Бо кожны першасьвятар зь людзей выбіраны, людзям жа і пастаўляецца на служэньне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,
Кожны першасвятар, якога выбіраюць з людзей, прызначаны для людзей у справах Божых, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі.
каб мог паблажаць неабазнаным і заблуканым; бо і сам абложаны немаччу,
Ён можа спачуваць тым, хто не ведае і блукае, бо і сам мае ў сабе слабасць.
і таму ён павінен як за людзей, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.
Таму ён павінен як за народ, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.
І ніхто сам сабою ня прымае гэтага гонару, а толькі пакліканы Богам, як і Аарон.
Ніхто сам не бярэ сабе гэтага гонару, апроч пакліканага Богам, як і Аарон.
Так і Хрыстос ня Сам Сабе прысвоіў славу быць першасьвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»;
Так і Хрыстус не сам сябе праславіў, стаўшы першасвятаром, але той, хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я Цябе сёння нарадзіў»;
як і ў іншым месцы кажа: «Ты сьвятар навек па чыне Мелхісэдэка».
як і ў іншым месцы кажа: «Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка».
Ён, у дні плоці Сваёй, зь вялікім галашэньнем і са сьлязьмі прынёс малітвы і маленьні Таму, Хто меў моц уратаваць Яго ад сьмерці, і пачуты быў за Сваю богабаязнасьць;
Хрыстус у дні свайго цела з моцным голасам і са слязьмі ўзнёс малітвы і просьбы да таго, хто мог уратаваць Яго ад смерці, і быў выслуханы за сваю пакорлівасць.
хоць Ён і Сын, аднак празь цярпеньні навучыўся паслушэнству;
Хоць быў Сынам, навучыўся паслухмянасці праз тое, што выцерпеў.
і, удасканаліўшыся, спрычыніўся да вечнага збавеньня ўсіх паслухмяных Яму,
І, будучы дасканалым, стаў для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю вечнага збаўлення;
і быў названы ад Бога Першасьятаром па чыне Мелхісэдэка.
і Богам быў абвешчаны першасвятаром на ўзор Мэльхізэдэка.
Пра гэта сьлед было б нам гаварыць многа; але цяжка патлумачыць, бо вы зрабіліся няздольныя слухаць.
Пра гэта можам шмат сказаць, але цяжка вам гэта растлумачыць, бо сталі вы няздольнымі слухаць.
Бо, мяркуючы па часе, вам належала быць настаўнікамі; але вас зноў трэба вучыць першаасновам слова Божага, і вам патрэбнае малако, а ня цьвёрдая ежа.
Хоць вы павінны быць ужо настаўнікамі з увагі на час, аднак вы зноў патрабуеце, каб хтосьці вучыў вас асновам Божага вучэння, і вы зноў сталі тымі, каму патрэбна малако, а не цвёрдая ежа.
Кожны, кормлены малаком, неабазнаны ў слове праўды, бо ён дзіця;
Кожны, хто корміцца малаком, не мае досведу ў вучэнні справядлівасці, бо ён — немаўля.
а цьвёрдая ежа ўласьцівая дасканалым, у якіх пачуцьці навыкам прывучаны адрозьніваць дабро і зло.
Цвёрдая ежа — для сталых, бо яны здабылі ўменне адрозніваць дабро і зло.