Да Габрэяў 13 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Браталюбства, між вамі няхай будзе.
 
Братняя любоў няхай будзе між вамі!

Гасьціннасьці да вандроўнікаў не забывайце; бо празь яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцінна прынялі анёлаў.
 
Гасціннасці не забывайце, бо праз яе некаторыя, не ведаючы, гасцінна прынялі Анёлаў.

Памятайце вязьняў, як бы і вы зь імі былі ў кайданах, і пакутнікаў, бо і самі вы ў целе.
 
Памятайце пра вязняў, як бы і вы былі ў кайданах разам з імі; пра тых, што зносяць мукі, бо і самі знаходзіцеся ў целе.

Шлюб ва ўсіх няхай будзе пачэсны і ложак беззаганны; а распусьнікаў і пералюбцаў судзіць Бог.
 
Шлюбняхай будзе ва ўсіх у пашане, і пасцель неапаганеная, бо распуснікаў і чужаложнікаў будзе судзіць Бог.

Майце нораў несрэбралюбны, задавольвайцеся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: «не пакіну цябе і не адступлюся ад цябе»,
 
Будзьце ў жыцці несрэбралюбныя, задавальняючыся тым, што ёсць. Бо Ён Сам сказаў: «Я не адпушчу цябе і не пакіну цябе».

так што мы кажам адважна: «Гасподзь мне памочнік, і не збаюся: што зробіць мне чалавек?»
 
Так што мы адважна кажам: «Госпад мне памочнік, і я не збаюся: што зробіць мне чалавек?»

Спамінайце настаўнікаў вашых, якія дабравесьцілі вам слова Божае, і, гледзячы на канец іхняга жыцьця, пераймайце іхнюю веру.
 
Памятайце вашых настаўнікаў, якія казалі вам слова Божае; і, гледзячы на зыход іх жыццёвай дарогі, пераймайце іх веру.

Ісус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы.
 
Ісус Хрыстос — Той самы ўчора, і сёння, і навекі.

Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра мілатою мацаваць сэрцы, а ня прысмакамі, ад якіх не атрымалі карысьці тыя, што іх спажывалі.
 
Вучэннямі рознымі і чужымі не захапляйцеся: бо добра, каб сэрцы ўмацоўваліся ласкаю, не ахвярнаю ежаю, ад якой тыя, што жывуць так, не атрымалі карысці.

Мы маем ахвярнік, зь якога ня маюць права карміцца слугі скініі.
 
Мы маем ахвярнік, ад якога не маюць права есці тыя, што служаць пры скініі,

Бо целы жывёлін, кроў зь якіх, на ачышчэньне грэху, уносіцца першасьвятаром у сьвяцілішча, спальваюцца за табарам, —
 
бо целы жывёлін, кроў якіх першасвятаром уносіцца ў святое святых за грэх, спальваюцца па-за станам.

дык і Ісус, каб асьвяціць людзей Крывёю Сваёю, пацярпеў па-за брамаю.
 
Таму і Ісус, каб асвяціць народ Сваёю Крывёю, пакутаваў па-за варотамі.

Дык выйдзем жа да Яго за табар, нясучы Яго паганьбеньне;
 
Дык выйдзем да Яго за стан, несучы Яго зганьбаванне;

бо ня маем тут сталага горада, а шукаем будучага.
 
бо мы не маем тут сталага горада, а шукаем таго, які будзе.

Дык будзем жа празь Яго няспынна прыносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыцца, плод вуснаў, якія славяць імя Ягонае.
 
[Таму] давайце будзем праз Яго заўсёды ўзносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыць, плод вуснаў, што ўсхваляюць Яго Імя.

Не забывайце таксама дабрачыннасьці і шчырай супольнасьці, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.
 
Але не забывайцеся рабіць дабро і дзяліцца з іншымі, бо такія ахвяры даспадобы Богу.

Слухайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорлівыя, бо яны нядрэмна рупяцца за вашыя душы, як абавязаныя даць адказ; каб яны рабілі гэта з радасьцю, а ня ўздыхаючы, бо гэта вам не карысна.
 
Будзьце паслухмяныя вашым настаўнікам і будзьце ім пакорныя, бо яны нядрэмна рупяцца дзеля вашых душ, як тыя, што будуць даваць справаздачу, — каб яны гэта рабілі з радасцю, а не цяжка ўздыхаючы, бо гэта было б некарысна для вас.

Малецеся за нас; бо мы ўпэўненыя, што маем добрае сумленьне, бо ва ўсім хочам паводзіцца сумленна.
 
Маліцеся за нас: бо мы перакананыя, што маем добрае сумленне, ва ўсім хочучы паводзіць сябе добра.

Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй вернуты быў вам.
 
Асабліва ж прашу гэта рабіць, каб я хутчэй быў вернуты вам.

А Бог згоды, Які ўзьнёс зь мёртвых Пастыра авечак вялікага Крывёю запавета вечнага, Госпада нашага Ісуса (Хрыста),
 
А Бог міру, Той, Які ўзвёў з мёртвых нашага Госпада Ісуса, вялікага Пастыра авечак Крывёю вечнага запавету,

хай удасканаліць вас у кожнай добрай дзеі, на выкананьне волі Ягонай, творачы ў вас заўгоднае Яму, празь Ісуса Хрыста. Яму слава на векі вечныя! Амін.
 
няхай удасканальвае вас у кожнай добрай справе для выканання Яго волі, робячы ў нас10 тое, што Яму даспадобы, праз Ісуса Хрыста; Яму слава навекі вечныя! Амін.

Прашу вас, браты, прымеце гэтае слова ўмаўленьня; я ж няшмат і напісаў вам.
 
Прашу ж вас, браты, прыміце слова гэтага падбадзёрвання; бо і напісаў я вам коратка.

Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены, і я разам зь ім, калі ён неўзабаве прыйдзе, пабачу вас.
 
Ведайце, што наш брат Цімафей вызвалены, з якім, калі ён хутка прыйдзе, я ўбачу вас.

Вітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас Італійскія.
 
Прывітайце ўсіх, хто вядзе вас, і ўсіх святых. Вітаюць вас тыя, хто з Італіі.

Мілата з усімі вамі. Амін.
 
Божая ласка няхай будзе з усімі вамі. [Амін.]