1 Яна 1 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Пра тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі на свае вочы, што разглядвалі і што адчувалі рукі нашыя, пра Слова жыцьця, —
 
Аб тым, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі на свае вочы, што мы разгледзелі і нашы рукі абмацалі — аб Слове жыцця,

бо жыцьцё зьявілася, і мы бачылі і сьведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыцьцё, якое было ў Айца і зьявілася нам —
 
і жыццё з’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Бацькі і з’явілася нам,

пра тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі; а нашая лучнасьць — з Айцом і Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом.
 
што мы бачылі і чулі, мы абвяшчаем і вам, каб і вы мелі ўзаемнасць з намі. А наша ўзаемнасць — з Бацькам і з Яго Сынам Ісусам Хрыстом.

І гэта пішам вам, каб радасьць вашая была поўная.
 
І гэта мы1 пішам, каб радасць наша2 была поўнаю.

І вось зьвеставаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім ніякае цемры.
 
І вось гэтая вестка, якую мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсць святло, і няма ў Ім ніякай цемры.

Калі мы кажам, што маем лучнасьць зь Ім, а ходзім у цемры, дык мы хлусім і ня ўчыняем па праўдзе;
 
Калі мы кажам, што маем узаемнасць з Ім, але ходзім у цемры, мы лжэм і не жывём па праўдзе;

а калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, дык маем лучнасьць адно з адным, і Кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.
 
калі ж ходзім у святле, падобна, як Ён ёсць у святле, то маем узаемнасць адзін з адным і Кроў Ісуса [Хрыста], Яго Сына, ачышчае нас ад усялякага граху.

Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас.
 
Калі мы кажам, што не маем граху, мы самі сябе ашукваем, і праўды няма ў нас.

Калі ж вызнаём грахі нашыя, дык Ён, верны і праведны, даруе нам грахі (нашыя) і ачысьціць нас ад усякай няпраўды.
 
Калі мы вызнаём свае грахі, Ён, верны і праведны, даруе нам грахі і ачысціць нас ад усялякай няправеднасці.

Калі кажам, што мы не зграшылі, дык робім зь Яго падманшчыка, і слова Ягонага няма ў нас.
 
Калі мы кажам, што мы не саграшылі, то робім яго лгуном і слова Яго няма ў нас.