Да Габрэяў 3 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Дык вось, браты святыя, удзельнікі нябеснага паклікання, пазнайце Пасланца і Першасвятара вызнання нашага, Ісуса Хрыста,
 
Дык, браты сьвятыя, учасьнікі ў нябёсным пагуканьню, разглядайце Апостала й Найвышшага Сьвятара вызнаньня нашага, Ісуса,

бо Ён верны Таму, Хто Яго паставіў, як і Майсей, ва ўсім доме Яго.
 
Каторы верны Таму, хто Яго ўстанавіў, як і Масей у вусёй дамове Ягонай.

Бо Ён прызнаны дастойным славы большае за Майсея, як большую славу мае ў параўнанні з домам той, хто яго збудаваў.
 
Бо быў уважаны за годнага тым большае славы над Масея, чым большую чэсьць мае будаўнічы чымся дом.

Кожны дом, вядома, кімсьці пабудаваны, а вось Той, Хто ўсё стварыў, ёсць Бог.
 
Бо кажны дом збудаваны кімсь, а Тый, хто збудаваў усе, ё Бог.

І Майсей, вядома, верны быў ва ўсім доме Яго, як паслугач, на сведчанне таго, што павінна было быць сказаным.
 
І Масей запраўды верны ў вусёй дамове Ягонай, як слугачы, дзеля сьветчаньня таго, што мела быць сказана пасьлей.

Хрыстос жа — як Сын у доме Сваім. Дом жа Яго — мы, калі захаваем цвёрдую веру і ўслаўленне надзеі аж да канца.
 
А Хрыстос — як Сын у дамове Сваей, Каторага дамова мы, калі давер і пахвалу надзеі моцна дадзяржым аж да канца.

Таму вось што кажа Дух Святы: «О, каб вам сёння паслухаць голас Яго,
 
Затым, як кажа Дух Сьвяты: «Цяпер, як пачуеце голас Ягоны,

не закамяняйце сэрцаў вашых, як у час узбунтавання, як у дзень спакушэння ў пустыні,
 
Не каляньце сэрцаў сваіх, як у часе ўзбурэньня ў дзень спакушэньня на пустыні,

дзе спакушалі Мяне бацькі вашы; выпрабоўвалі Мяне, хоць і бачылі справы Мае
 
Ідзе спакушалі Мяне айцове вашы, прабуючы Мяне, і бачылі ўчынкі мае сорак год.

на працягу сарака гадоў. Таму вось разгневаўся Я на гэтае пакаленне і сказаў: яны народ заблуканых сэрцам; не пазналі яны шляхоў Маіх.
 
Затым Я ўгневаўся на тое пакаленьне й сказаў: "Яны заўсёды блудзяць сэрцам, не пазналі яны дарогаў Маіх";

Дык пакляўся Я ў гневе Маім: не ўвойдуць яны ў супачынак Мой».
 
Затым, Я прысягнуў у гневе Сваім: "Хіба яны ўвыйдуць у супакой Мой?"»

Глядзіце, браты, каб не было між вамі выпадкам ліхога сэрца няверуючага, што адступіцца ад Бога жывога,
 
Глядзіце, браты, каб ня было ў кім-колечы з вас нягоднага сэрца няверы, што адступала б ад Бога жывога.

але заахвочвайце самі сябе штодня, пакуль трывае гэтае «сёння», каб не зацвярдзеў хто з вас праз падман граху.
 
Але захочуйце самы сябе кажнага дня, пакуль завецца «Цяпер», каб ніхто з вас не закалянеў ашукнасьцяй грэху;

Бо мы сталіся супольнікамі Хрыста, калі толькі пачатак існавання аж да канца цвёрда захаваем,
 
Бо мы сталі сябрамі Хрыстовымі, калі запраўды пачатак пэўнасьці цьверда захаваем аж да канца,

дакуль гаворыцца: «О, каб вам сёння паслухаць голас Яго, не закамяняйце сэрцаў вашых, як у час узбунтавання».
 
Пакуль кажацца: «Цяпер, як вы пачуеце голас Ягоны, не каляньце сэрцаў сваіх, як у часе ўзбурэньня».

Хто ж гэта тыя, хто, слухаючы, абураліся? Ці не ўсе, што выйшлі з Егіпта праз Майсея?
 
Бо хто гэта былі, што, пачуўшы, узбурыліся? Ці ня ўсі, што вышлі зь Ягіпту з Масеям?

На каго ж гневаўся Ён на працягу сарака гадоў? Ці не на тых, што зграшылі, чые косці параскіданы па пустыні?
 
І на кога Ён гневаўся сорак год? Ці не на тых, што ізграшылі, каторых трупы палі на пустыні?

А каму ж гэта пакляўся, што не ўвойдуць у супачынак Яго, калі не тым, што не пакарыліся?
 
І каму прысягаў, што ня ўвыйдуць у супакой Ягоны, як ня тым, што былі непаслухменыя?

І бачым, што не змаглі ўвайсці з-за нявер’я.
 
І мы бачым, што яны не маглі ўвыйсьці з прычыны няверы.