Да Габрэяў 9 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І першы запавет меў уставу пра набажэнства і сьвяцілішча зямное,
 
Дык вось, і першы запавет меў устанаўле́нні пра богаслужэ́нне, а таксама свяцілішча зямное,

бо пастаўлена была скінія першая, у якой былі сьвяцільня, і стол, і хлябы пакладныя, і якая называецца «сьвятое».
 
бо ўладкава́на была́ скінія першая, у якой былí свяцíльнік, і трапе́за, і хлябы́ выстаўле́ння; яна называ́ецца «Святое».

А за другою заслонаю была скінія, называная «сьвятое сьвятых»,
 
А за другою заве́саю была́ скінія, называ́ная «Святое Святых»,

у якой мелася залатая кадзільніца і абкладзены з усіх бакоў золатам каўчэг запавета, дзе былі залаты посуд з маннаю, жазло Ааронава расьцьвілае і скрыжалі запавета,
 
якая ме́ла залатую кадзíльніцу і пакрыты з усіх бакоў золатам каўчэг запавету, у якім знаходзіліся залаты́ сасу́д з ма́ннаю, жазло́ Ааро́нава расквітне́лае і скрыжа́лі запаве́ту,

а над ім хэрувімы славы, якія асланялі ачышчальню; пра што ня трэба цяпер гаварыць падрабязна.
 
а над ім херувімы славы, якія ахіна́лі месца ўміласціўле́ння; пра гэта няма патрэбы цяпер гаварыць падрабязна.

Пры такім уладкаваньні, у першую скінію заўсёды ўваходзяць сьвятары служыць Набажэнства;
 
Пры тым, што гэта так было ўладкава́на, у першую скінію заўсёды ўваходзяць свяшчэннікі, выконваючы служэнне;

а ў другую — адзін раз на год адзін толькі першасьвятар, не бяз крыві, якую ахвяруе за сябе і за грахі неабазнанасьці народу.
 
а ў другую —раз у год адзін толькі першасвяшчэннік, не без крывí, якую ён прыно́сіць за сябе і за грахі наро́да, учыненыя з-за няве́дання.

Гэтым Дух Сьвяты паказвае, што яшчэ не адкрыта дарога ў сьвяцілішча, пакуль стаіць ранейшая скінія.
 
Гэтым Дух Святы паказвае, што яшчэ не адкрыта дарога ў свяцілішча, пакуль стаіць ранейшая скінія.

Яна ёсьць вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія ня могуць зрабіць у сумленьні дасканалым ахвяравальніка,
 
Яна — вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія не могуць зрабіць у сумленні дасканалым таго, хто слу́жыць;

і якія з прысмакамі і пітвом, і рознымі абмываньнямі і абрадамі, што датычацца плоці, устаноўленыя былі толькі да часу выпраўленьня.
 
яны з патрабаваннямі адносна ежы і пітва, з рознымі абмываннямі і абрадамі, якія датычацца плоці, устаноўлены былі толькі да часу выпраўлення.

Але Хрыстос, Першасьвятар будучых дабротаў, прыйшоўшы з большай і дасканалейшай скініяй, нерукатворнаю, гэта значыць, не таго ўсталяваньня,
 
Але Хрыстос, Першасвяшчэннік бу́дучых дабро́т, прыйшоўшы праз бо́льшую і даскана́лейшую скінію, нерукатво́рную, гэта значыць, не звычайнага пахо́джання,

і ня з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю; аднаго разу ўвайшоў у сьвяцілішча і набыў вечнае адкупленьне.
 
і не з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю, раз назаўжды ўвайшоў у свяцілішча і набы́ў ве́чнае адкупле́нне.

Бо, калі кроў цялят і казлоў і попел ялаўкі праз акрапленьне асьвячае апаганеных, каб чыстае было цела,
 
Бо, калі кроў быкоў і казлоў і по́пел цялушкі праз акрапле́нне асвяча́е апага́неных, каб чы́стым было́ це́ла,

дык наколькі ж болей Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу жывому і Сапраўднаму!
 
то тым больш Кроў Хрыста, Які Духам Святы́м прынёс Сябе, беззага́ннага, Богу, ачы́сціць сумле́нне наша ад мёртвых спраў, каб мы служы́лі Богу жыво́му і íсціннаму.

І таму Ён ёсьць Заступнік Новага Запавета, каб у выніку сьмерці Ягонай, якая была дзеля адкупленьня ад злачынстваў, зробленых у першым запавеце, пакліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцаньне.
 
І таму Ён — пасрэднік новага запавету, каб у выніку смерці Яго, якая была дзеля адкуплення за правіны, учыненыя ў першым запавеце, пакліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцанае.

Бо, дзе завяшчаньне, там трэба, каб настала сьмерць завяшчальніка,
 
Бо, дзе завяшчанне, там неабходна, каб настала смерць завяшчальніка,

бо завяшчаньне мае сілу пасьля памерлых; яно ня мае сілы, калі завяшчальнік жывы.
 
бо завяшчанне дзейнічае пасля смерці; яно не мае сілы, калі завяшчальнік жывы.

Таму і першы запавет быў уцьверджаны не бяз крыві,
 
Таму і першы запавет уведзены быў не без крыві.

бо і Майсей, прамовіўшы ўсе запаведзі паводле закона перад усім народам, узяў кроў цялят і казлоў з вадою і воўнай чырванёнаю і ісопам, і акрапіў як самую кнігу, так і ўвесь народ,
 
Бо калі Маісей абвясціў усе запаведзі, прадпíсаныя законам, перад усім народам, то ўзяў кроў цялят і казлоў з вадою і воўнаю чырвонаю і ісопам і акрапіў саму кнігу і ўвесь народ,

кажучы: «гэта кроў запавета, які запавядаў вам Бог».
 
кажучы: «гэта кроў запавету, які запаведаў вам Бог».

Таксама акрапіў крывёю і скінію і ўвесь посуд богаслужбовы.
 
Таксама і скінію, і ўсе сасуды богаслужэбныя акрапіў крывёю.

Ды і ўсё амаль паводле закона ачышчаецца крывёю, і без праліцьця крыві ня бывае дараваньня.
 
Ды амаль усё паводле закону ачышчаецца крывёю, і без праліцця крыві не бывае прабачэння.

Таму і вобразы нябеснага павінны былі ачышчацца гэтымі, а самае нябеснае лепшымі за гэтыя ахвярамі.
 
Таму і трэба было, каб вобразы нябеснага ачышчаліся гэтак, а само нябеснае — ахвярамі, лепшымі за гэтыя.

Бо Хрыстос ўвайшоў не ў рукатворнае сьвяцілішча, паводле вобразу сапраўднага ўсталяванае, а ў самое неба, каб стаць сёньня за нас перад абліччам Божым,
 
Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатворнае свяцілішча, якое з’яўляецца вобразам ісціннага, а ў самое неба, каб стаць сёння перад абліччам Божым дзеля нас,

і не на тое, каб шматкроць ахвяроўваць Сабою, як першасьвятар уваходзіць у сьвяцілішча штогод з чужою крывёю;
 
і не для таго, каб шмат разоў прыносіць Сябе ў ахвяру, як першасвяшчэннік, які ўваходзіць у свяцілішча штогод з чужою крывёю;

інакш належала б Яму шматкроць пакутаваць ад пачатку сьвету. А Ён адзін раз, пад канец вякоў, зьявіўся для зьнішчэньня грэху ахвяраю Сваёю.
 
інакш належала б Яму шмат разоў пакуты прымаць ад пачатку свету. А цяпер, пры канцы вякоў, Ён раз назаўжды з’явіўся для знішчэння граху ахвяраю Сваёю.

І як людзям належыць адзін раз памерці, а потым суд,
 
І як людзям належыць адзін раз памерці, а потым суд,

так і Хрыстос: адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб пабраць грахі многіх, другі раз зьявіцца ня дзеля ачышчэньня грэху, а дзеля тых, што чакаюць Яго на збавеньне.
 
так і Хрыстос, адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб узяць грахі многіх, другі раз з’я́віцца не для ачышчэння ад граху, а дзеля спасення тых, што чакаюць Яго.