Да Габрэяў 11 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

А вера ёсьць зьдзяйсьненьне чаканага і ўпэўненасьць у нябачным.
 
Вера ж — гэта перакана́насць у спадзява́ным і ўпэ́ўненасць у рэ́чах нябачных.

У ёй засьведчаны продкі.
 
Праз яе атрымалі сведчанне продкі.

Вераю спазнаём, што вякі створаны словам Божым, так што зь нябачнага пайшло бачнае.
 
Вераю спазнаём, што сусвет ўладкава́ны словам Божым, так што з няба́чнага ўзнікла ба́чнае.

Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, ніж Каін; ён атрымаў сьведчаньне, што ён праведны, як засьведчыў Бог пра дары ягоныя; ёю ён і пасьля сьмерці гаворыць яшчэ.
 
Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, чым Каін; праз яе ён атрыма́ў све́дчанне, што ён праведны, як засве́дчыў Бог пра дары яго; ёю і пасля смерці ён праця́гвае гаварыць.

Вераю Энох пераселены быў так, што ня бачыў сьмерці; і ня стала яго, таму што Бог перасяліў яго. Бо раней перасяленьня свайго атрымаў ён сьведчаньне, што дагадзіў Богу.
 
Вераю Яно́х перане́сены быў, так што не ўбачыў смерці; і не знайшлі яго, таму што Бог перанёс яго. Бо раней, чым ён быў перане́сены, атрыма́ў ён све́дчанне, што дагадзіў Богу.

А бязь веры дагадзіць Богу немагчыма; бо трэба, каб той, хто прыходзіць да Бога, верыў, што Ён ёсьць, і шукальнікам Яго дасьць.
 
А без веры дагадзіць Богу немагчыма; бо той, хто прыхо́дзіць да Бога, павінен верыць, што Ён ёсць, і тым, хто шукае Яго, Ён дае ўзнагароду.

Вераю Ной, атрымаўшы абвешчаньне пра тое, што яшчэ ня было бачна, богабаязна збудаваў каўчэг на выратаваньне дому свайго; ёю асудзіў ён (увесь) сьвет і зрабіўся спадкаемцам праведнасьці па веры.
 
Вераю Ной, будучы апаве́шчаны пра яшчэ нябачнае, з богабая́знасцю збудава́ў каўчэг для выратава́ння дому свайго; ёю асудзіў ён свет і стаў спадкае́мцам пра́веднасці па веры.

Вераю Абрагам паслухаўся наказу ісьці ў краіну, якую меўся атрымаць у спадчыну, і пайшоў, ня ведаючы, куды ідзе.
 
Вераю Аўраам паслу́хаўся паклікання ісці ў краіну, якую нале́жала яму атрымаць у спа́дчыну, і пайшоў, не ведаючы, куды ідзе.

Вераю жыў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, і жыў у намётах зь Ісаакам і Якавам, супольнымі спадкаемцамі таго самага абяцаньня;
 
Вераю пасяліўся ён на зямлі абетава́най, як на чужой, і жыў у шатрах з Ісаакам і Іакавам, сунасле́днікамі таго ж абетава́ння;

бо ён чакаў горада, які мае аснову, дойлід і будаўнік якога Бог.
 
бо ён чакаў горада, які ма́е трыва́лыя падму́ркі, горада, майстар і ствара́льнік якога — Бог.

Вераю і сама Сарра (будучы бясплодная) атрымала сілу на прыняцьце семені і не па часе ўзросту нарадзіла; бо ведала, што верны Той, Хто абяцаў.
 
Вераю і сама Сарра, будучы бясплоднаю, атрымала здольнасць зача́ць і насуперак свайму ўзросту нарадзіла, бо ведала, што верны Той, Хто абяцаў.

І таму ад таго, і прытым амярцьвелага, паўстала так многа, як многа зорак на небе і як безьліч пяску на беразе марскім.
 
А таму ад аднаго, і прытым амярцве́лага, нарадзілася так многа, як зорак на небе і як пяску незлічонага на беразе мора.

Усе гэтыя памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, а толькі здалёк глядзелі, і радаваліся, і казалі пра сябе, што яны вандроўнікі і прыхадні на зямлі;
 
Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцанага, а толькі здалёк бачылі яго, і віта́лі, і казалі пра сябе, што яны чужынцы і вандроўнікі на зямлі;

бо тыя, якія так кажуць, паказваюць, што яны шукаюць бацькаўшчыны.
 
бо тыя, хто так гаворыць, ясна паказваюць, што шукаюць бацькаўшчыну.

І калі б яны мелі наўме тую бацькаўшчыну, зь якое выйшлі, дык мелі б час вярнуцца;
 
І калі б яны мелі ў думках тую, з якой выйшлі, то ў іх была б магчымасць вярнуцца;

але яны імкнуліся да лепшага, гэта значыцца, да нябеснага; таму і Бог не саромеецца іх, называючы Сябе іхнім Богам: бо Ён падрыхтаваў ім горад.
 
але цяпер яны імкнуцца да лепшага, гэта значыць, да нябеснага; таму і Бог не саромеецца іх, называючы Сябе іх Богам: бо Ён падрыхтаваў ім горад.

Вераю Абрагам, будучы спакушаны, прынёс у ахвяру Ісаака і, маючы абяцаньне, прынёс адзінароднага,
 
Вераю Аўраам, праходзячы выпрабава́нне, прынёс у ахвяру Ісаака, і прыносіў адзінароднага ён, які атрыма́ў абетава́нні

пра якога было сказана: «у Ісааку табе семя»;
 
і якому было́ ска́зана: «у Ісааку будзе назва́на тваё патомства»;

бо ён думаў, што Бог моцны і зь мёртвых уваскрэсіць, таму і атрымае яго са сьмерці.
 
бо ён думаў, што Бог мае сілу і з мёртвых уваскраша́ць, таму і атрымаў яго як вобраз уваскрасе́ння.

Вераю ў будучыню Ісаак дабраславіў Якава і Ісава.
 
Вераю ў будучыню Ісаак благаславіў Іакава і Ісава.

Вераю Якаў, паміраючы, дабраславіў кожнага сына Язэпавага і пакланіўся, абапершыся на жазло сваё.
 
Вераю Іакаў, паміра́ючы, благаславіў кожнага з сыноў Іосіфа і пакланіўся, абапіра́ючыся на верх жазла́ свайго.

Вераю Язэп пры сконе нагадаў пра выхад сыноў Ізраілевых, наказаў пра косьці свае.
 
Вераю Іосіф пры сконе нагада́ў пра выхад сыноў Ізраілевых і даў наказ наконт касце́й сваіх.

Вераю Майсей пасьля нараджэньня тры месяцы хаваны быў бацькамі сваімі; бо бачылі яны, што дзіця цудоўнае, і не спалохаліся царскага загаду.
 
Вераю Маісей пасля нараджэння быў хава́ны тры месяцы бацька́мі сваімі; бо яны бачылі, што дзіця́ прыгожае, і не пабая́ліся царскага загаду.

Вераю Майсей, у сталым веку, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавай,
 
Вераю Маісей, стаўшы дарослым, адмовіўся называцца сы́нам дачкі фараонавай,

і лепей захацеў пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую, грахоўную асалоду,
 
і пажада́ў лепш пакутаваць з народам Божым, чым мець часовае грахоўнае задавальне́нне,

і зьневажаньне Хрыстовае палічыў большым сабе багацьцем, чым Егіпецкія скарбы; бо ён глядзеў на аддзяку.
 
і палічыў, што цярпець знявагі дзеля Хрыста — бо́льшае багацце, чым егіпецкія скарбы; бо ён глядзеў на будучую ўзнагароду.

Вераю пакінуў ён Егіпет, не пабаяўшыся гневу царскага; бо ён, як бы бачачы Нябеснага, быў цьвёрды.
 
Вераю пакінуў ён Егіпет, не пабаяўшыся гневу царскага; бо ён, бы́ццам бачачы Нябачнага, быў цвёрдым.

Вераю справіў ён пасху і праліцьцё крыві, каб вынішчальнік першынцаў не крануў іх.
 
Вераю здзейсніў ён пасху і акрапленне крывёю, каб вынішчальнік першынцаў не крануў іх.

Вераю перайшлі яны Чэрмнае мора, як па сушы, — на што рызыкнуўшы, Егіпцяне патанулі.
 
Вераю перайшлі яны Чырвонае мора, як па сушы, што паспрабавалі зрабіць Егіпцяне — і патанулі.

Вераю ўпалі сьцены Ерыхонскія пасьля сямідзённай аблогі.
 
Вераю рухнулі сцены Іерыхонскія пасля сямідзённага абходу вакол іх.

Вераю Рааў-распусьніца, мірна прыняўшы выведнікаў (і правёўшы іх іншай дарогаю), не загінула зь нявернымі.
 
Вераю Рааў-блудніца, з мірам прыняўшы выведнікаў (і правёўшы іх іншай дарогаю), не загінула з нявернымі.

І што яшчэ скажу? Ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, пра Варака, пра Самсона і Яфая, пра Давіда, Самуіла і (іншых) прарокаў,
 
І што яшчэ скажу? Не хопіць мне часу, каб расказваць пра Гедэона, Варака і Самсона, пра Іефая, Давіда і Самуіла, і іншых прарокаў,

якія вераю перамагалі царствы, тварылі праўду, атрымлівалі абяцаньні, замыкалі пашчы львам,
 
якія вераю скара́лі царствы, вяршы́лі справядлівасць, атры́млівалі абяцанае, закрыва́лі пашчы львам,

тушылі сілу вагню, пазьбягалі вострага меча, мацаваліся ад немачы, былі моцныя на вайне, праганялі кагорты чужынцаў;
 
гасíлі сілу агню, пазбяга́лі вастрыя́ мяча, станавіліся дужымі пасля немачы, былі моцнымі на вайне, праганялі войскі чужы́нцаў;

жонкі атрымлівалі нябожчыкаў сваіх уваскрэслымі; а іншыя замучаны былі, ня прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрэсеньне;
 
жанчыны атры́млівалі паме́рлых сваіх уваскрэ́слымі; а іншыя заму́чаны былí, адмовіўшыся ад вызвале́ння, каб дасягну́ць уваскрасе́ння ў лепшае жыццё;

іншыя перанесьлі зьдзекі і пабоі, а таксама кайданы і цямніцу.
 
іншыя перане́слі здзекі і пабоі, а таксама зняво́ленне і цямнíцу,

Былі пабіваныя камянямі, пілаваныя, катаваныя, паміралі ад меча, блукалі ў авечых і казіных скурах, цярпелі нястачы, уціскі, азлабленьне;
 
былі пабіты камянямі, былі перапілава́ны, катава́ны, паміралі, забітыя мячом, блука́лі ў авечых і казіных скурах, цярпелі няста́чы, уціск, злобу;

тыя, каго ўвесь сьвет ня быў варты, блукалі па пустынях і горах, па пячорах і цясьнінах зямных.
 
тыя, каго не варты быў увесь свет, блука́лі па пусты́нях, і гарах, і пячорах, і цяснíнах зямных.

І ўсе гэтыя, засьведчаныя ў веры, не атрымалі абяцанага,
 
І ўсе яны, хоць і заслужы́лі пахвалу́ за веру, не атрыма́лі абяца́нага,

таму што Бог прадугледзеў нам нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці.
 
таму што Бог прадугле́дзеў для нас нешта лепшае, каб яны не без нас дасягну́лі даскана́ласці.