Да Габрэяў 8 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы
А галоўнае ў тым, пра што кажам, вось што: мы маем такога Першасьвятара, які сеў праваруч трона велічы на нябёсах
А ў тым, пра што гаворым, вось галоўнае: мы маем такога Першасвяшчэнніка, Які сеў праваруч прастола велічы на нябёсах
і ёсьць Сьвяшчэнадзейнік сьвяцілішча і скініі сапраўднай, якую ўзьёў Гасподзь, а не чалавек.
як служыцель свяцілішча і скініі ісціннай, якую збудаваў Гасподзь, а не чалавек.
Кожны першасьвятар пастаўляецца прыносіць дары і ахвяры; а таму трэба было, каб і Гэты таксама меў, што ахвяраваць.
Бо усякі першасвяшчэннік ставіцца, каб прыносіць дары і ахвяры; таму неабходна, каб і Гэты меў што прыне́сці.
Колькі б Ён заставаўся на зямлі, дык ня быў бы і сьвятаром; бо тут такія сьвятары, якія па законе прыносяць дары,
Дык вось, калі б Ён заставаўся на зямлі, то не быў бы свяшчэннікам, паколькі тут ёсць свяшчэннікі, якія па закону прыносяць дары;
якія служаць вобразу і ценю нябеснага, як сказана было Майсею, калі ён пачынаў ставіць скінію: глядзі, сказана, зрабі ўсё па ўзоры, паказаным табе на гары.
яны служаць вобразу і ценю нябеснага, як абве́шчана было Маісею, калі ён збіраўся паставіць скінію: глядзі, ска́зана, зрабі ўсё па ўзору, пака́занаму табе на гары.
але Гэты Першасьвятар атрымаў служэньне тым больш выдатнае, чым лепшага Ён заступнік запавету, які ўгрунтаваны на самых лепшых абяцаньнях.
Гэты ж Першасвяшчэннік атрымаў служэнне настолькі выдатнейшае, наколькі лепшага Ён пасрэднік запавету, заснаванага на лепшых абяцаннях.
Бо калі б першы запавет быў без пахібы, ня было б патрэбы шукаць месца іншаму.
Бо калі б першы запавет быў бездакорны, то не было́ б патрэбы шукаць месца для іншага.
Але прарок, дакараючы іх, кажа: «вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,
Але прарок, дакара́ючы іх, кажа: «вось, настаю́ць дні, кажа Гасподзь, калі Я заключу з домам Ізраіля і з домам Іуды новы запавет,
не такі запавет, які я заключыў з бацькамі іхнімі ў той час, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай; бо яны ня жылі ў тым запавеце Маім, і Я занядбаў іх, кажа Гасподзь.
не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іх у той час, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай; паколькі яны не засталіся ў тым запавеце Маім, то і Я перастаў дбаць пра іх, кажа Гасподзь.
Вось запавет, які даю ў спадчыну дому Ізраілеваму пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: пакладу законы Мае ў думкі іхнія, і напішу іх на сэрцы іхнім, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам.
Бо вось запавет, які Я заключу з домам Ізраілевым пасля тых дзён, кажа Гасподзь: укладу законы Мае ў думкі іх і напішу іх на сэрцах іх; і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам.
І ня будзе вучыць кожны блізкага свайго, і кожны брата свайго, кажучы: спазнай Госпада; таму што ўсе, ад малога да вялікага, будуць ведаць Мяне.
І не будзе вучыць кожны бліжняга свайго, і кожны — брата свайго, кажучы: спазнай Госпада; таму што ўсе, ад малога да вялікага, будуць знаць Мяне;
Бо я буду міласэрны да няпраўдаў іхніх і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не згадаю болей».
таму што Я буду міласцівы да няпраўд іх і больш не згадаю грахоў іх і беззаконняў іх».
Кажучы «новы», паказаў прахласьць першага; а тое, што прахне і старыцца, блізкае да зьнішчэньня.
Кажучы «новы», Ён паказаў састарэласць першага; а што зада́ўнілася і старэ́е, тое блізка да знікне́ння.