Марка 1 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Пачатак Дабравесьця Ісуса Хрыста, Сына Божага,
Пачатак Ева́нгелля Іісуса Хрыста, Сына Божага,
як напісана ў прарокаў: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад Табою».
як напíсана ў прарокаў: «вось, Я пасылаю Ангела Майго перад аблíччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою».
«Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму».
«Голас таго, хто кліча ў пусты́ні: падрыхту́йце шлях Госпаду, про́стымі зрабіце сце́жкі Яму».
Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў.
З’явіўся Іаан, хры́сцячы ў пусты́ні і прапаведуючы хрышчэнне пакая́ння дзе́ля адпушчэ́ння грахоў.
І выходзілі да яго ўся краіна Юдэйская і Ерусалімляне; і хрысьціліся ў яго ўсе ў рацэ Ярдане, спавядаючыся ў грахах сваіх.
І выхо́дзілі да яго ўся краіна Іудзейская ды Іерусалíмляне, і хрысцíліся ад яго ўсе ў рацэ́ Іардане, спавяда́ючыся ў грахах сваіх.
А ў Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай, і еў акрыды і дзікі мёд.
Іаан жа насіў вопратку з вярблю́джага воласу і скураны́ пояс на паяснíцы сваёй і еў акры́ды і дзікі мёд.
І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рэмень абутку Ягонага;
І прапаве́даваў, ка́жучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я нява́рты, нахілíўшыся, развязаць раме́нь абутку Яго;
я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.
я хрысцíў вас вадою, а Ён будзе хрысцíць вас Духам Святым.
І было ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і хрысьціўся ў Яна ў Ярдане.
І было́ ў тыя дні, прыйшоў Іісус з Назарэта Галіле́йскага і хрысцíўся ад Іаана ў Іардане.
І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Ян, як адчыніліся нябёсы, і Духа, як голуба, Які сыходзіў на Яго.
І калі выхо́дзіў з вады, убачыў адразу Іаан, што раскрываюцца нябёсы і Дух як голуб сыходзіць на Яго.
І голас быў зь нябёсаў: «Ты Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў».
І голас быў з нябёсаў: Ты Сын Мой узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў.
І адразу пасьля гэтага Дух вядзе Яго ў пустыню.
І адразу Дух вядзе Яго ў пусты́ню.
І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною, і быў са зьвярамі; і анёлы слугавалі Яму.
І быў Ён там у пусты́ні сорак дзён, спакуша́ны сатаною, і быў са звярамі. І Ангелы служы́лі Яму.
А пасьля таго, як прададзены быў Ян, прыйшоў Ісус ў Галілею, прапаведуючы Дабравесьце Царства Божага,
Пасля ж таго, як узя́ты быў Іаан, прыйшоў Іісус у Галіле́ю, прапаве́дуючы Ева́нгелле Царства Божага
і кажучы, што прыйшоў час і наблізілася Царства Божае: пакайцеся і веруйце ў Дабравесьце.
і ка́жучы, што споўніўся час і наблізілася Царства Божае: пака́йцеся і веруйце ў Ева́нгелле.
А праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі.
А ідучы́ каля мора Галіле́йскага, убачыў Сíмана і Андрэя, брата Сíманавага, якія закідвалі мярэ́жы ў мора, бо яны былí рыбаловы.
І сказаў ім Ісус: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
І сказаў ім Іісус: ідзіце за Мною, і Я зраблю, што вы будзеце лаўца́мі людзе́й.
І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі за Ім.
І яны адразу, пакінуўшы мярэ́жы свае, пайшлі ўслед за Ім.
І прайшоўшы адтуль далей, Ён угледзеў Якава Зевядзеевага і Яна, брата ягонага, таксама ў лодцы; яны ладзілі мярэжы,
І, прайшоўшы крыху́ адтуль, Ён убачыў Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата яго, як яны, таксама ў лодцы, ла́дзілі мярэ́жы;
і адразу заклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.
і адразу паклíкаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзе́я ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.
І прыходзяць у Капернаум; і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і вучыў.
І прыходзяць у Капернау́м; і неўзаба́ве ў суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў.
І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо Ён вучыў іх як той, хто ўладу мае, а не як кніжнікі.
І здзіўля́ліся вучэнню Яго; бо Ён вучыў іх, як той, хто ма́е ўла́ду, а не як кніжнікі.
У сынагозе іхняй быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і закрычаў:
І быў у сінагозе іхняй чалавек у духу нячыстым, і закрычаў ён,
кінь, што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў пагубіць нас! ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы.
ка́жучы: пакінь, што́ Табе да нас, Іісусе Назаранíне? Ты прыйшоў загубíць нас; ведаю Цябе, хто Ты, Святы́ Божы.
Але Ісус загразіў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго.
Але Іісус забаранíў яму, ка́жучы: змоўкні і выйдзі з яго.
Тады дух нячысты, скалануўшы яго і закрычаўшы зычным голасам, выйшаў зь яго.
І дух нячысты, скалану́ўшы яго і ўскры́кнуўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
І жахнуліся ўсе, і пыталіся адзін у аднаго: што гэта? што гэта за вучэньне новае, што Ён і духам нячыстым загадвае і яны слухаюцца Яго.
І жахну́ліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, гаворачы: што гэта́ за новае вучэнне, што Ён з ула́даю і духам нячыстым зага́двае, і яны слухаюцца Яго?
І хутка разышлася пра Яго пагалоска па ўсіх землях вакол Галілеі.
І разне́слася чутка пра Яго адразу па ўсіх ваколіцах Галіле́і.
Выйшаўшы неўзабаве з сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя зь Якавам і Янам.
І адразу, вы́йшаўшы з сінагогі, яны прыйшлі ў дом Сíмана і Андрэя з Іакавам і Іаанам.
А Сымонава цешча ляжала ў гарачцы; і адразу кажуць Яму пра яе.
А це́шча Сíманава ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
Падышоўшы, Ён падняў яе, узяў яе за руку; і гарачка адразу пакінула яе, і яна пачала слугаваць ім.
І, падышоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку́; і гарачка адразу пакінула яе, і яна прыслу́жвала ім.
А як зьмяркалася, калі заходзіла сонца, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі.
А як вечарэ́ла і сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанава́ных дэманамі.
І ўвесь горад сабраўся да дзьвярэй.
І ўвесь горад сабраўся да дзвярэй.
І Ён ацаліў многіх, што цярпелі ад розных хваробаў; выгнаў шмат дэманаў і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
І Ён ацаліў многіх, якія пакутавалі ад розных хвароб, і дэманаў многіх вы́гнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
А нараніцу, устаўшы на досьвітку, выйшаў і пайшоў у пустэльнае месца, і там маліўся.
А раніцай, калі было яшчэ вельмі цёмна, Ён, устаўшы, выйшаў; і пайшоў у пустэ́льнае месца, і там маліўся.
Сымон і тыя, хто быў зь Ім, пайшлі за Ім;
І паспяша́ліся ўслед Яму Сíман і тыя, што былí з ім.
і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
Ён кажа ім: хадзем у бліжэйшыя селішчы і гарады, каб Мне і там зьвеставаць, бо Я на тое і прыйшоў.
І кажа Ён ім: хадзе́м у бліжэйшыя вёскі і гарады, каб Мне і там прапаве́даваць; бо на тое Я і выйшаў.
І Ён зьвеставаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў дэманаў.
І Ён прапаве́даваў у сінагогах іхніх па ўсёй Галіле́і і дэманаў выганя́ў.
Прыходзіць да Яго пракажоны і, просячы Яго на каленях, кажа Яму: калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
І прыхо́дзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і на калені па́даючы перад Ім, кажа Яму: калі Ты хочаш, можаш ачы́сціць мяне.
Ісус, умілажаліўшыся зь яго, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: хачу, ачысьціся.
Іісус жа, злíтаваўшыся над ім, працягнуў руку́, дакрану́ўся да яго і кажа яму: хачу, ачы́сціся.
Пасьля гэтага слова праказа адразу сыйшла зь яго, і ён стаўся чыстым.
І калі сказаў Ён, адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты.
І гнеўна выгаварыўшы яму, адразу прагнаў яго
І, звярну́ўшыся да яго сурова, Ён адразу адаслаў яго,
і сказаў яму: глядзі, нікому нічога не кажы; а ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.
і кажа яму: глядзі, нікому нічога не гавары; а ідзі, пакажы́ся святару і прынясі за ачышчэнне тваё, што загадаў Маісей, дзе́ля све́дчання ім.
А ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і расказваць пра тое, што адбылося, так што Ісус ня мог ужо адкрыта ўвайсьці ў горад, а быў звонку, у мясьцінах пустэльных. І прыходзілі да Яго адусюль.
А ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшча́ць і распавяда́ць, так што Іісус ужо не мог адкрыта ўвайсці ў горад, а быў звонку, у пустэ́льных мясцінах. І прыхо́дзілі да Яго адусюль.