Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

Да Яўрэяў 9 Пасланне да Яўрэяў 9 разьдзел

1 Дык вось, і першы запавет меў устанаўле́нні пра богаслужэ́нне, а таксама свяцілішча зямное,
2 бо ўладкава́на была́ скінія першая, у якой былí свяцíльнік, і трапе́за, і хлябы́ выстаўле́ння; яна называ́ецца «Святое».
3 А за другою заве́саю была́ скінія, называ́ная «Святое Святых»,
4 якая ме́ла залатую кадзíльніцу і пакрыты з усіх бакоў золатам каўчэг запавету, у якім знаходзіліся залаты́ сасу́д з ма́ннаю, жазло́ Ааро́нава расквітне́лае і скрыжа́лі запаве́ту,
5 а над ім херувімы славы, якія ахіна́лі месца ўміласціўле́ння; пра гэта няма патрэбы цяпер гаварыць падрабязна.
6 Пры тым, што гэта так было ўладкава́на, у першую скінію заўсёды ўваходзяць свяшчэннікі, выконваючы служэнне;
7 а ў другую —раз у год адзін толькі першасвяшчэннік, не без крывí, якую ён прыно́сіць за сябе і за грахі наро́да, учыненыя з-за няве́дання.
8 Гэтым Дух Святы паказвае, што яшчэ не адкрыта дарога ў свяцілішча, пакуль стаіць ранейшая скінія.
9 Яна — вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія не могуць зрабіць у сумленні дасканалым таго, хто слу́жыць;
10 яны з патрабаваннямі адносна ежы і пітва, з рознымі абмываннямі і абрадамі, якія датычацца плоці, устаноўлены былі толькі да часу выпраўлення.
11 Але Хрыстос, Першасвяшчэннік бу́дучых дабро́т, прыйшоўшы праз бо́льшую і даскана́лейшую скінію, нерукатво́рную, гэта значыць, не звычайнага пахо́джання,
12 і не з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю, раз назаўжды ўвайшоў у свяцілішча і набы́ў ве́чнае адкупле́нне.
13 Бо, калі кроў быкоў і казлоў і по́пел цялушкі праз акрапле́нне асвяча́е апага́неных, каб чы́стым было́ це́ла,
14 то тым больш Кроў Хрыста, Які Духам Святы́м прынёс Сябе, беззага́ннага, Богу, ачы́сціць сумле́нне наша ад мёртвых спраў, каб мы служы́лі Богу жыво́му і íсціннаму.
15 І таму Ён — пасрэднік новага запавету, каб у выніку смерці Яго, якая была дзеля адкуплення за правіны, учыненыя ў першым запавеце, пакліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцанае.
16 Бо, дзе завяшчанне, там неабходна, каб настала смерць завяшчальніка,
17 бо завяшчанне дзейнічае пасля смерці; яно не мае сілы, калі завяшчальнік жывы.
18 Таму і першы запавет уведзены быў не без крыві.
19 Бо калі Маісей абвясціў усе запаведзі, прадпíсаныя законам, перад усім народам, то ўзяў кроў цялят і казлоў з вадою і воўнаю чырвонаю і ісопам і акрапіў саму кнігу і ўвесь народ,
20 кажучы: «гэта кроў запавету, які запаведаў вам Бог».
21 Таксама і скінію, і ўсе сасуды богаслужэбныя акрапіў крывёю.
22 Ды амаль усё паводле закону ачышчаецца крывёю, і без праліцця крыві не бывае прабачэння.
23 Таму і трэба было, каб вобразы нябеснага ачышчаліся гэтак, а само нябеснае — ахвярамі, лепшымі за гэтыя.
24 Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатворнае свяцілішча, якое з’яўляецца вобразам ісціннага, а ў самое неба, каб стаць сёння перад абліччам Божым дзеля нас,
25 і не для таго, каб шмат разоў прыносіць Сябе ў ахвяру, як першасвяшчэннік, які ўваходзіць у свяцілішча штогод з чужою крывёю;
26 інакш належала б Яму шмат разоў пакуты прымаць ад пачатку свету. А цяпер, пры канцы вякоў, Ён раз назаўжды з’явіўся для знішчэння граху ахвяраю Сваёю.
27 І як людзям належыць адзін раз памерці, а потым суд,
28 так і Хрыстос, адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб узяць грахі многіх, другі раз з’я́віцца не для ачышчэння ад граху, а дзеля спасення тых, што чакаюць Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.