Да Габрэяў 7 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Гэты вось Мэльхісэдэх, цар Салема, святар Бога Найвышэйшага, выйшаў насустрач Абрагаму, які вяртаўся пасля разгрому цароў, і дабраславіў яго.
 
Мэльхізэдэк, кароль Салема, святар Найвышэйшага Бога, выйшаў насустрач Абрагаму, які вяртаўся пасля паразы каралёў, і благаславіў яго.

Яму таксама даў Абрагам дзесяціну з усяго. Імя яго абазначае, па-першае, цар справядлівасці, а потым і цар Салема, што значыць: цар Супакою.
 
Абрагам удзяліў яму дзесяціну з усяго. Імя ж ягонае азначае перш за ўсё «кароль справядлівасці», а потым — «кароль Салема», што значыць «кароль спакою».

Без бацькі, без маці, без радаводу, без пачатку дзён і не маючы канца жыцця, ён упадобніўся Сыну Божаму і застаецца святаром навекі.
 
Без бацькі, без маці, без радаводу, не маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцця, але прыпадобнены да Сына Божага, ён застаецца святаром назаўсёды.

Дык бачыце, які вялікі той, каму патрыярх Абрагам даў дзесяціну са здабычы.
 
Падумайце, які вялікі той, каму патрыярх Абрагам даваў дзесяціну з першага плёну.

Вось, і тыя з сыноў Левія, што атрымліваюць святарства, маюць наказ браць дзесяціны з народа паводле закону, значыць ад братоў сваіх, хоць і яны выводзяцца са сцёгнаў Абрагама.
 
І тыя сыны Левія, якія атрымліваюць святарства, маюць наказ збіраць дзесяціну з народу паводле Закону, гэта значыць са сваіх братоў, хоць яны таксама нашчадкі Абрагама.

Той жа не залічаўся да іх роду, узяў, аднак, дзесяціну ад Абрагама і таго, які меў абяцанне, дабраславіў.
 
А той, хто не паходзіў з іх роду, атрымаў дзесяціну ад Абрагама і благаславіў таго, хто меў абяцанне.

Без ніякай супярэчнасці, тое, што меншае, дабраслаўляецца большым.
 
Без ніякіх спрэчак, меншы атрымлівае благаслаўленне ад таго, хто больш значны.

І тут людзі смяротныя бяруць дзесяціны, а там Той, Хто мае сведчанне, што жыве.
 
Тут таксама бяруць дзесяціну людзі, якія паміраюць, а там — той, чыё жыццё засведчана.

І, калі можна так сказаць, таксама і Леві, які бярэ дзесяціны, аддаў дзесяціну праз Абрагама,
 
І калі можна так сказаць, праз Абрагама і Левій, які збірае дзесяціну, сам даў дзесяціну,

бо ён яшчэ быў у сцёгнах бацькі, калі Мэльхісэдэх выйшаў яму насустрач.
 
паколькі ён быў яшчэ ў бацькоўскіх сцёгнах, калі яму насустрач выйшаў Мэльхізэдэк.

Калі б дасканаласць дасягальнай была праз святарства левітаў, бо народ атрымаў закон ад яго, то нашто было ўстанаўляць яшчэ іншага святара на ўзор Мэльхісэдэха, а не на ўзор Аарона называцца?
 
Калі б дасканаласці ўдалося дасягнуць праз левіцкае святарства (бо народ праз іх атрымаў Закон), ці была б патрэба ўстанаўліваць яшчэ аднаго святарана ўзор Мэльхізэдэка, а не на ўзор Аарона?

Бо са зменай святарства павінен змяніцца і закон.
 
Бо разам са зменай святарства неабходна правесці і змену Закону.

Той, пра Якога тут гаворыцца, паходзіць з іншага пакалення, з якога ніхто не служыў пры ахвярніку.
 
Той жа, пра каго гаворыцца, належаў да іншага пакалення, з якога ніхто не служыў алтару.

Ведама ж, што з Юды паходзіць наш Госпад, а Майсей нічога не казаў аб святарах з гэтага пакалення.
 
Вядома, што наш Пан выйшаў з пакалення Юды, а Майсей нічога не згадваў наконт святароў з гэтага пакалення.

Дык гэта яшчэ больш выразным становіцца, калі на ўзор Мэльхісэдэха выступае іншы святар,
 
Гэта яшчэ больш відавочна, калі на падабенства Мэльхізэдэка паўстае іншы святар,

які не паводле закону цялеснага прыказання стаўся такім, але паводле магутнасці нязменнага жыцця.
 
які з’явіўся не паводле закону цялеснага наказу, але паводле моцы незнішчальнага жыцця.

Бо прыводзіцца сведчанне: «Ты — Святар навекі на ўзор Мэльхісэдэха».
 
Бо засведчана пра Яго: «Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка».

Такім чынам касуецца папярэдняе прыказанне дзеля яго кволасці і некарыснасці.
 
Таму папярэдняя запаведзь скасоўваецца з прычыны яе слабасці ці бескарыснасці.

Бо нічога не давёў той закон да дасканаласці, але быў уступам лепшай надзеі, праз якую набліжаемся да Бога.
 
Закон нічога не зрабіў дасканалым, але даў лепшую надзею, праз якую мы набліжаемся да Бога.

Тым больш, што сталася гэта не без прысягі, бо тыя станавіліся святарамі без прысягі,
 
Наколькі гэта было пацверджана клятвай, таму што іншыя станавіліся святарамі без клятвы,

а Гэты — з прысягаю Таго, Які сказаў Яму: «Прысягнуў Госпад і не пашкадуе: Ты — Святар навекі на ўзор Мэльхісэдэха».
 
а Ён з клятваю, бо пра Яго сказана: «Пакляўся Пан і не будзе шкадаваць: Ты святар навекі»,

Вось чаму Ісус стаў Паручыцелем лепшага запавету.
 
настолькі Езус стаў зарукай лепшага запавету.

І тых многа станавіліся святарамі паводле запавету, таму што смерць не дазваляла трываць аднаму;
 
Паколькі смерць не дазваляла ім трываць, шмат было тых, хто станавіўся святаром.

Гэты праз тое, што трывае вечна, мае святарства непераходзячае.
 
Але гэты, паколькі трывае вечна, мае непрамінальнае святарства.

Дзеля таго і збаўляць можа Ён заўсёды тых, якія прыступаюць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб за іх заступацца.
 
Таму і можа Ён ва ўсе часы збаўляць тых, хто прыходзіць праз Яго да Бога, будучы заўсёды жывым, каб заступацца за іх.

Такога, вось, належала мець нам Першасвятара, святога, нявіннага, беззаганнага, аддзеленага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над неба,
 
Такі і павінен быць у нас першасвятар: святы, нявінны, беззаганны, адлучаны ад грэшнікаў і ўзнесены вышэй за нябёсы.

Які не мае патрэбы, як першасвятары, складаць штодзень ахвяры перш за свае злачынствы, а пасля — за злачынствы народа, бо гэта Ён зрабіў раз назаўсёды, складаючы Самога Сябе.
 
Ён не мае патрэбы, як тыя першасвятары, прыносіць штодня ахвяры спачатку за свае грахі, а потым за грахі народу. Ён зрабіў гэта раз назаўсёды, ахвяраваўшы самога сябе.

Бо закон стаўляе першасвятарамі людзей кволых, слова ж прысягі, што пасля закону, — Сына, дасканалага навекі.
 
Бо Закон устанаўлівае першасвятарамі людзей, якія маюць слабасць, а слова клятвы, дадзенай пасля Закону, устанаўлівае Сына, дасканалага навекі.