Да Габрэяў 13 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Няхай трывае між вамі братняя любоў.
Няхай трывае братняя любоў.
Не забывайцеся пра гасціннасць, бо дзякуючы ёй некаторыя, не ведаючы, анёлам аказалі гасціннасць.
Не забывайцеся таксама пра гасціннасць, бо праз яе некаторыя, не ведаючы, гасцінна прынялі анёлаў.
Памятайце пра вязняў, як быццам і вы разам з імі былі зняволенымі, і пра тых, што ў бедах і хваробах, бо і вы самі маеце цела.
Памятайце пра вязняў, быццам бы вы зняволеныя разам з імі; і пра тых, хто церпіць, бо і самі вы ў целе.
Няхай ва ўсіх будзе ў пашане шлюб і ложак беззаганны, бо распуснікаў і чужаложнікаў судзіць будзе Бог.
Няхай ва ўсіх будзе ў пашане сужэнства, а ложа няхай будзе беззаганным, бо распуснікаў і чужаложнікаў асудзіць Бог.
Хай будуць норавы без сквапнасці; будзьце задаволены тым, што маеце. Бо Ён сказаў: «Не адхінуся ад цябе і не пакіну цябе».
Не будзьце срэбралюбнымі норавам, задавольвайцеся тым, што маеце. Бо Ён сказаў: «Застануся з табой і не пакіну цябе», —
Так што адважна мы кажам: «Госпад — Успаможца мой, не збаюся, бо што зробіць мне чалавек?»
так што смела можам сказаць: «Пан мой памочнік, і я не буду баяцца; што можа зрабіць мне чалавек?»
Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам слова Божае і, бачачы вынікі іх жыцця, будзьце [іх] пераймальнікамі ў веры.
Памятайце пра вашых настаўнікаў, якія абвяшчалі вам Божае слова, і разважаючы пра канец іхняга жыцця, наследуйце іх веру.
Ісус Хрыстос Той самы ўчора, сёння і навекі.
Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі!
Не дайцеся звесціся рознымі чужымі вучэннямі. Найлепш бо мацаваць сэрца ласкаю, а не ежаю, якая не дапамагла тым, што пайшлі за ёю.
Не паддавайцеся розным чужым вучэнням, бо лепш умацоўваць сэрца ласкаю, а не стравамі, якія не дапамаглі тым, хто спажываў іх.
Маем ахвярнік, з якога не маюць права есці тыя, якія паслугуюць у палатцы.
Мы маем алтар, з якога не маюць права есці тыя, хто служыць у скініі.
Бо целы тых жывёлін, кроў якіх за грэх прыносіцца першасвятаром у святое, паляцца за лагерам.
Бо целы жывёлін, кроў якіх першасвятар прыносіць за грахі ў святыню, спальваюць за лагерам.
Таму і Ісус, каб усвяціць народ Сваёй Крывёю, быў замучаны за брамаю.
Каб асвяціць сваёю крывёю народ, Езус цярпеў муку за горадам.
Дык выйдзем жа і мы да Яго за лагер, пераносячы разам з Ім зганьбаванне,
Таму і мы выйдзем да Яго за лагер, несучы Яго знявагі.
бо не маем тут трывалага горада, але шукаем будучага.
Мы не маем тут пастаяннага горада, але шукаем таго, які павінен прыйсці.
Дык праз Яго заўсёды будзем складаць ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плод вуснаў, што праслаўляюць Яго імя.
Праз Езуса будзем няспынна прыносіць ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плён вуснаў, якія дзякуюць Ягонаму імені.
Не забудзьцеся пра дабрадзейнасць і супольнасць, бо такія ахвяры мілыя Богу.
Не забывайце пра дабрачыннасць і еднасць, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.
Слухайце настаўнікаў вашых і падпарадкоўвайцеся ім, бо яны чуваюць над душамі вашымі, як абавязаныя даць справаздачу. Дык няхай яны гэта з радасцю выконваюць, а не са стогнамі, бо гэта не на карысць вам.
Слухайцеся вашых настаўнікаў і падпарадкоўвайцеся ім, бо яны чуваюць над вашымі душамі як тыя, хто будзе здаваць справаздачу, каб яны рабілі гэта з радасцю, а не ўздыхаючы; інакш гэта не прынясе вам карысці.
Маліцеся за нас, бо мы ўпэўнены ў тым, што маем добрае сумленне, жадаючы ва ўсім рабіць добра.
Маліцеся за нас. Мы ж спадзяемся, што маем чыстае сумленне, бо жадаем ва ўсім паступаць добра.
Асабліва прашу вас зрабіць так, каб чым хутчэй быў я вернуты вам.
Асабліва прашу вас прычыніцца да таго, каб я мог хутчэй вярнуцца да вас.
Бог жа супакою, Які ўваскрасіў з мёртвых вялікага Пастыра авечак у Крыві вечнага запавету, Госпада нашага Ісуса,
А Бог спакою, які ўваскрасіў Вялікага Пастыра авечак, Пана нашага Езуса Хрыста праз кроў вечнага запавету,
хай удасканаліць вас ва ўсякай справе добрай, каб спаўнялі вы Яго волю, выконваючы ў нас, што Яму падабаецца, праз Ісуса Хрыста, Якому слава на векі вечныя. Амін.
няхай удасканаліць вас ва ўсялякай добрай справе, каб вы выконвалі Ягоную волю, робячы сярод вас тое, што падабаецца Яму, праз Езуса Хрыста, якому хвала на векі вечныя. Амэн.
Прашу ж вас, браты, прыміце слова заахвочвання, бо толькі трохі напісаў я вам.
Прашу вас, браты, прыміце слова заахвоты, якое коратка я перадаў вам у лісце.
Ведайце, што брат наш Цімафей выпушчаны; з ім разам, калі хутка прыбудзе, пабачу вас.
Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены. Разам з ім, калі ён хутка прыйдзе, я пабачу вас.
Прывітайце ўсіх вашых настаўнікаў і ўсіх святых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
Прывітайце ўсіх вашых кіраўнікоў і ўсіх святых. Вітаюць вас браты з Італіі.
Ласка з вамі ўсімі. Амін.
Ласка з усімі вамі.