Да Габрэяў 8 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Галоўнае ж, аб чым гаворыцца, ёсць тое, што мы маем такога Першасвятара, Які сеў праваруч пасада Велічы ў небе,
Галоўнае ў сказаным гэта тое, што ў нас ёсць такі першасвятар, які сядзіць праваруч трона Велічы ў нябёсах
Служыцеля святыні і праўдзівай палаткі, якую паставіў Госпад, а не чалавек.
як слуга святыні і праўдзівай скініі, узведзенай Панам, а не чалавекам.
Кожны святар ставіцца, каб складаць дары і ахвяры, таму трэба было, каб і Гэты меў нешта для ахвяры.
Бо кожны першасвятар пастаўлены, каб прыносіць дары і ахвяры. Таму неабходна, каб і Ён меў, што ахвяраваць.
Калі б Ён заставаўся на зямлі, то не быў бы святаром, таму што ёсць тут святары, што складаюць дары паводле закону.
Калі б Ён заставаўся на зямлі, не быў бы святаром, паколькі тут ёсць святары, якія прыносяць дары паводле Закону.
Яны служаць вобразу і ценю нябеснага, як сказана было Майсею, калі меў паставіць палатку: «Глядзі, — вось, кажа, — зрабі ўсё паводле ўзору, які быў табе паказаны на гары».
Яны служаць узору і ценю нябесных рэчаў, як наказана было Майсею, калі ён збіраўся завяршыць скінію. Бо яму было сказана: «Глядзі, каб зрабіў усё паводле ўзору, паказанага табе на гары».
Цяпер, вось, Ён атрымаў лепшае служэнне настолькі, наколькі стаўся Пасярэднікам лепшага запавету, які ўгрунтаваны на лепшых абяцаннях.
Цяпер жа Ён атрымаў настолькі вышэйшае служэнне, наколькі стаў пасрэднікам лепшага запавету, заснаванага на лепшых абяцаннях.
Бо калі б той першы быў без заганы, то не трэба было б шукаць на яго месца другога.
Калі б першы запавет быў беззаганны, не шукалі б месца для другога.
Бо, ушчуваючы іх, кажа: «Вось жа настануць дні, кажа Госпад, і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет,
Бо як дакор ім гаворыцца: «Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі Я ўстанаўлю з домам Ізраэля і домам Юды новы запавет.
не паводле запавету, які Я зрабіў з іх бацькамі ў дзень, у які ўзяў руку іх, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай, бо яны не вытрывалі ў Маім запавеце, і Я занядбаў іх, — кажа Госпад.
Нетакі запавет, які ўстанавіў Я з айцамі іхнімі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці з егіпецкай зямлі, таму што яны не вытрывалі ў Маім запавеце, і Я перастаў клапаціцца пра іх», — кажа Пан.
Вось жа, запавет, які Я дам дому Ізраэля пасля тых дзён, — кажа Госпад, — даўшы законы Мае у іх думкі, ды ў сэрцы іх упішу іх і буду ім Богам, і яны будуць Мне народам.
«Восьтой запавет, які заключу з домам Ізраэля пасля гэтых дзён, — кажа Пан, — Я ўкладу законы Мае ў розум іхні і на сэрцах іхніх напішу іх, і буду для іх Богам, а яны будуць Маім народам.
І ніхто не будзе вучыць блізкага свайго, ані брата свайго, кажучы: “Пазнай Госпада!” Бо ўсе Мяне пазнаюць ад найменшага з іх аж да найбольшага.
Ініхто больш не будзе вучыць бліжняга свайго, і ніхто — свайго брата, кажучы: “Пазнай Пана”, бо ўсе яны, ад малога да вялікага, будуць ведаць Мяне.
Бо міласэрным буду да іх няправеднасцей і не ўспомню больш пра іх грахі».
Таму што буду міласцівы да несправядлівасцяў іхніх і больш не буду ўспамінаць іхніх грахоў».
Кажучы пра «новы», першы прызнаў Ён старым. А тое, што старое і марнее, тое блізкае да знішчэння.
Кажучы пра новы запавет, Ён абвяшчае састарэлым першы; а тое, што становіцца даўнім і старэе, блізкае да знішчэння.